Сало́дкі ’які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад.’, ’смачны, багаты (пра яду)’, ’поўны дастатку, задаволенасці, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс)’, сало́дкае ў знач. наз. ’страва, прыгатавала з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы’. Агульнаславянскае; рус. дыял., укр. соло́дкий, ст.-слав. сладъкъ ’салодкі’, польск. słodki, в.-луж. słódki, н.-луж. słodki, чэш., славац. sladký, серб.-харв. сла̏дак, славен. sládk, балг. слáдък, макед. сладок. Прасл. *solъbkъ — дэрыват з суф. *‑ък ад *soldъ ’солад’. Адпаведнікі ў літ. saldùs, лат. salds ’салодкі’, літ. sálti, sąlù ’рабіцца салодкім’, далей звязана з соль (гл.). Першаснае значэнне ’салёны, смачны, востры’. Гл. Траўтман, 248 і наст., Мейе, RÉS, 6, 172 і наст., Фасмер, 3, 713, Брукнер, 499). Махэк₂, 551 не прымае роднасць з слав. *solь і прапаноўвае першапачатковую форму *svādus ’салодкі, мілы’, якая была б роднаснай ст.-інд. svadúh, лац. suāvis, ням. Süss ’салодкі’, дзе ‑va‑ было заменена на ‑ol‑ пад уплывам *solь, што лічыцца неверагодным; гл. Шустар-Шэўц, 2, 1303. Да таго ж соль у некаторых рэгіёнах у старажытнасці была сапраўды каштоўнай прыправай. Гл. Борысь, 558; БЕР, 6, 841–844. Параўн. солад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баро́ка

(іт. barocco = літар. мудрагелісты)

стыль у еўрапейскай культуры канца 16 — сярэдзіны 18 ст., які вызначаўся ў мастацтве пышнасцю формаў, багаццем колераў і дэкаратыўных дэталяў, у літаратуры ўскладненасцю, метафарычнасцю, нагрувашчваннем у творах рытарычных фігур; найбольшае пашырэнне атрымаў у архітэктуры, дзе характэрнымі асаблівасцямі яго была грандыёзнасць, масіўнасць будынкаў, фрэскавая размалёўка, дэкаратыўная лепка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

якабі́нцы

(ад ст.-яўр. Jakob = імя святога)

1) прадстаўнікі рэвалюцыйна-дэмакратычных слаёў Французскай рэвалюцыі 1789—1794 гг.; якія займалі памяшканне ў манастыры святога Якава ў Парыжы; дыктатура якабінцаў, устаноўленая 31 мая—2 чэрвеня 1793 г., была звергнута буйной буржуазіяй 9 тэрмідора (27 ліпеня 1794 г.; гл. тэрмідор);

2) перан. вальнадумцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЫНЕ́Ц (Андрэй Іванавіч) (19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. рабоце.

А.І.Валынец.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.​Руткевіча, Г.​Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.​Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.​К.​Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХО́ЎСКАЯ (Варвара Іванаўна) (1855, Херсонская вобл. — 1929),

рэвалюцыянерка-народніца. Жонка А.В.Бонч-Асмалоўскага. З 1872 вучылася ў Цюрыху, дзе ўступіла ў бакунінскі гурток. У 1873 вярнулася ў Расію, вяла рэв. прапаганду. Была арыштавана ў 1874, 1875, 1882, 1908. Па працэсе 193-х засуджана да ссылкі, па хадайніцтве бацькі перададзена яму на парукі. Уваходзіла ў рэв. арг-цыю «Чорны перадзел». У 1880 пераехала ў маёнтак мужа Блонь (Пухавіцкі раён Мінскай вобл.), жыла пад наглядам паліцыі. Падтрымлівала сувязь з кіраўніцтвам «Народнай волі», аказвала яму матэрыяльную дапамогу. Удзельнічала ў стварэнні і дзейнасці Блонскай сялянскай арганізацыі, дапамагала б. палітвязням, стварыла б-ку нелегальнай л-ры. Аўтар успамінаў.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЫ́Ш (польск. berdysz),

старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бярдыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш. Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.

Бярдыш. 12 ст. Віцебск.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙПРЭХТ ((Weyprecht) Карл) (8.9.1838, Кёніг, зямля Гесен, Германія — 28.3.1881),

аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з Ю.Паерам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», якая павінна была прайсці Паўн.-ўсх. праходам з Баранцава м. Ў Берынгаў праліў. Каля Новай Зямлі карабель быў зацёрты льдамі і 371 сут дрэйфаваў на Пн і ПнУ. У гэты час быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа. Падарожнікі прайшлі па архіпелагу да 83° паўн. ш. У час зімоўкі Вайпрэхт правёў геафіз. даследаванні і вывучыў прыроду палярных ільдоў. На Новай Зямлі экспедыцыю падабраў рус. карабель.

Літ.:

Пайер Ю. 725 дней во льдах Арктики: Пер. с нем. Л., 1935.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 3.5.1915, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАЦЬБА́»,

газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел. рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)