ару́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

Разм.

1. чым. Дзейнічаць пры дапамозе якой‑н. прылады. Арудаваць сякерай, пяром, пікай. □ [Іван] закручвае на пальцы вузел і пачынае арудаваць іголкай. Лынькоў.

2. Распараджацца, кіраваць чым‑н.; гаспадарыць дзе‑н. [Зіна:] — [Муж] на «анамаліі» арудуе, а.. [Фрося] — дырэктар навукова-даследчай станцыі. Васілевіч. // Праяўляць дзейнасць (звычайна адмоўную); дзейнічаць. [Віхура:] На будаўніцтве не ўсё ў парадку. Відаць, чыясьці рука лоўка арудуе. Гурскі. Уперадзе.. [Галаўнёў] заўважыў Карпенку, які з купкай байцоў арудаваў сярод фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аскаба́лак, ‑лка, м.

Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абара́нак, ‑нка, м.

1. Булачны выраб з заварнога цеста, закручанага кольцам. І любяць дзеда Юрку ўнукі, Яны цалуюць яму рукі, А дзед у плечы іх цалуе І абаранкам патрактуе. Колас.

2. Рулявое кола ў аўтамабілі, трактары і пад. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў.

3. у знач. прысл. абара́нкам. У форме, у выглядзе кольца. Скруціцца абаранкам.

•••

Дзірка ад абаранка гл. дзірка.

Зарабіў на абаранкі гл. зарабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інстру́кцыя, ‑і, ж.

1. Кіруючыя ўказанні, падрабязныя настаўленні. Гэта быў нават не даклад, а хутчэй інструкцыя: што рабіць камуністам і камсамольцам у гэтыя дні па вёсках, занятых гітлераўцамі. Лынькоў.

2. Даведачнае выданне ў выглядзе брашуры або лістоўкі, якое змяшчае ўказанні па рэгуляванню грамадскай ці вытворчай дзейнасці або правілы карыстання прамысловым вырабам. Інструкцыя па ўкладанню слоўніка. Інструкцыя да тэлевізара. Рабіць па інструкцыі. □ Мы перачытвалі інструкцыю, мянялі шчоткі і ледзь не спалілі матор. Жычка.

[Ад лац. instructio — наказ, настаўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрва́л, ‑у, м.

1. Адлегласць, прамежак, прастора, якая аддзяляе адзін прадмет ад другога. Паходныя інтэрвалы. □ Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў.

2. Перапынак, прамежак часу. Дзесяцісекундны інтэрвал. □ — Мы ідзём не па раскладу, і прапускаць наш састаў будуць у інтэрвалах між другімі цягнікамі. Пальчэўскі. [Мішка], не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна нацэльваючыся, страляў са сваёй ракетніцы. Лынькоў.

3. Розніца па вышыні паміж двума гукамі, утворанымі паслядоўна або адначасова.

[Лац. intervallum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ла,

1. Прысл. да зразумелы (у 1 знач.).

2. у знач. пабочн. Вядома, канечне. Дакументы ў .. [парушальнікаў], зразумела, былі ў поўнай спраўнасці. Брыль.

3. у знач. вык. Ясна. І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч. На.. плошчы.. салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю.. Усё гэта так зразумела і так проста. Лынькоў. / у безас. ужыв. — Так, зразумела, — быццам нешта падагульваючы ў сваіх развагах, прамовіў Камлюк. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зусі́м, прысл.

1. Абсалютна, поўнасцю. Дзверы неўзабаве зачынілі, і ў вагоне стала цёмна зусім. Самуйлёнак.

2. Разм. Назаўсёды. — Цяпер от, у гэтую хвіліну, я збіраюся ісці з дому зусім. Чорны.

3. (з адмоўем: не зусім). Не вельмі, не поўнасцю. Не зусім здаровы. Не зусім разумны. □ Няскладны машыніст у пацёртай нямецкай форменцы быў заняты не зусім звычайнай для яго працы справай. Лынькоў.

4. Вельмі, дужа. Ладымер насупраць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

болт, балта, м.

1. Металічны стрыжань з галоўкай на адным канцы, а на другім з разьбой, на якую накручваецца гайка. Кох паказаў.. [Вейсу] канец адной рэйкі, на якой і следу не засталося ад замкоў і балтоў. Лынькоў.

2. Жалезны прут для замыкання аканіц і дзвярэй; просва. Прысніўся Дубягу ў абозе сон, Што ў родную хату прыехаў ён.. Аклікнуў — нікога, кругом цішыня. Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.

2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.

3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́гавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лугу ​2.

лугавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лугу ​1. Лугавыя глебы. □ Эх, прасторы лугавыя, Пакланіцеся касцам. Парахневіч. // Які расце і жыве на лузе. Лугавы матыль. □ Ледзь улоўны пах лугавых красак і траў далятаў адтуль з зарэчных прастораў. Лынькоў. // Які знаходзіцца, размешчаны на лузе. Лугавая дарога.

2. Звязаны з выкарыстаннем ці вывучэннем лугоў. Лугавая гаспадарка. Лугавая доследная станцыя. // Прызначаны для работы на лузе. Лугавая веялка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)