укры́ць, укрыю, укрыеш, укрые; зак., каго-што.

1. Накрыць, закрыць поўнасцю, з усіх бакоў. Укрыць машыну брызентам. Укрыць хворага коўдрай. □ Чыясь руплівая рука ўкрыла [Панаса] цёплым футрам. Колас.

2. Накрыць, запоўніць, усеяць чым‑н. па паверхні. Цвіль укрыла сцены. □ Першы кволы лядок укрыў нешырокую раку. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы, пабіўся за шыю. Пташнікаў. У паветры марозна, відаць, хутка пойдзе снег, укрые зямлю. Дуброўскі. // Ахутаць, ахінуць (пра туман, смугу, дым і пад.). Ізноў асеннія туманы Укрылі сосны і дубы. Ляпёшкін. // Выступіць па паверхні чаго‑н., распаўсюдзіцца на паверхні чаго‑н. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе ўкрылі кропелькі поту. Чыгрынаў. Чырвань укрыла .. шчокі [Статкевіча]. Алешка.

3. Схаваць дзе‑н., засцерагчы ад каго‑, чаго‑н. Мсціўцаў ад ворага ўкрыла Ноч сваёй шэрай імглою, Зноў павяла іх дарога Да паласы франтавое. Калачынскі. А я ў дарозе Пад голай вербай днём асеннім Успомню аб густой бярозе, Што ў спёку ўкрыла мяне ценем. Гаўрусёў. // Дапамагчы скрывацца каму‑н. Укрыць злачынца. // перан. Утаіць, скрыць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Укрыць маёмасць ад аблажэння падаткам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырво́ны, -ая, -ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві.

Чырвоныя памідоры.

Ч. аловак.

2. Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры.

Ч. твар.

3. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, з савецкім ладам, з Чырвонай Арміяй.

Ч. камандзір.

Чырвоныя (наз.) уступалі ў горад.

4. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў.

Ч. перац.

Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных гатункаў вінаграду.

Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін усяго свету.

Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых.

Чырвоны лес — хваёвы лес.

Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.

Чырвоны радок — першы радок абзаца.

|| наз. чы́рвань, -і, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ukryć

ukry|ć

зак.

1. схаваць, укрыць;

~ć zbiega — утаіць (схаваць) уцекача;

~ł twarz w dłoniach — ён закрыў твар рукамі;

2. скрыць, схаваць, утаіць;

~ć dochody — скрыць даходы;

nie da się ~ć, że ... — трэба прызнаць, што...

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

бу́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Шаравата-карычневы. Бурыя скалы. Бурыя тарфянікі. □ Спіна ў ліня мае цёмна-бурую афарбоўку, бакі — бурыя ці зеленавата-жоўтыя з характэрным залацістым адценнем. Матрунёнак. Чорныя, як смоль, валасы і буры ад загару твар, высокі рост і магутныя плечы Арцёма вылучалі яго сярод астатніх у людскім патоку. Ваданосаў. // Цёмна-руды з чырванаватым адлівам (пра масць жывёл). Бурая карова. Буры мядзведзь.

•••

Буры жалязняк гл. жалязняк.

бу́ры 2, ‑аў; адз. бур, ‑а, м.

Нашчадкі еўрапейскіх (пераважна галандскіх) каланістаў, якія асталяваліся на поўдні Афрыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бля́клы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены якасцямі добрай пароды (пра свойскую жывёлу). [Максім:] — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў. Шамякін. // Які з’яўляецца прыкметай добрай пароды, сведчыць аб прыналежнасці да добрай пароды.

2. Уст. Надзелены рысамі, якія сведчаць аб арыстакратычным паходжанні. // Які з’яўляецца прыкметай такога паходжання. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы,.. [Сотнікаў] пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Быкаў.

3. Разм. Моцнага складу, здаровы, дужы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасерабрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты тонкім слоем серабра. Моўчкі [Віцінг] прайшоў у куток да шафы, адчыніў дзверцы, дастаў чорную пляшку і дзве пасярэбраныя чаркі. Асіпенка.

3. перан.; у знач. прым. Серабрысты, сівы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы робяць [бацьку] яшчэ худзейшым. Галавач. Галава [гаспадара] з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі. В. Вольскі. Увайшоў Готфрыд Габер, з пасярэбранымі скронямі, прыгожы, з пранізлівымі вачыма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скарэжыць.

2. у знач. прым. Скрыўлены, сагнуты, скарабачаны. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Рыжая карова трэслася з холаду і тыцкалася пысай у мёрзлыя грады, дзе яшчэ аставаліся рэшткі скарэжанага на марозе капусніку і бурачніку. Чорны. Галаўнёў азірнуўся. Блізка ад яго стаяў скарэжаны танк. Дудо.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Зменены да непазнавальнасці, скажоны. Скарэжаны твар [Міхі] стаў спакойным, праяснеў, і хворы пачаў дыхаць роўна і глыбока. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́так, ‑тку, м.

Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяшлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны часта, з усялякага выпадку смяяцца. Цяпер Жэнька быў другім, зусім не падобным да таго вясёлага, смяшлівага хлопца. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Смяшлівы характар. // Разм. Такі, пры якім хочацца смяяцца. Смяшлівы настрой.

2. Які выражае гатоўнасць да смеху, смяшлівасць, весялосць. — У пана настаўніка і грэчкі няма, — сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы. Колас. Сяргей павярнуўся на голас. Яго абветраны твар адразу зрабіўся смяшлівым. Капусцін.

3. Такі, што можа выклікаць смех; смешны. [Медзведзяняты] лагодненькія, калмаценькія, смяшлівыя. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)