ЗЕ́МСКАЯ ІЗБА́,
выбарны орган мясц. самакіравання ў Расіі ў сярэдзіне 16—1-й чвэрці 18 ст. Створана паводле земскай рэформы Івана IV. У З.і. ўваходзілі: земскі стараста, земскі дзячок, цалавальнікі; выбіраліся на 1—2 гады. Утрымліваліся мясц. насельніцтвам. У канцы 16—17 ст. З.і. падпарадкоўваліся ваяводу. З 1699 орган гар. самакіравання, складалася з бурмістраў, якіх выбіралі пасадскія людзі. У 1721—24 заменена магістратамі і ратушамі.
т. 7, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯБНІ́ЦКІ (Мікалай Васілевіч) (17.12.1919, г. Краснаармейск, Казахстан — 29.11.1975),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1941). На фронце з чэрв. 1941, з вер. ў тыле ворага, камандзір узвода партыз. атрада спец. прызначэння, у ліп. 1942 — ліст. 1943 камандзір спецатрада НКДБ БССР «Другія», які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Расіі. Да 1955 у органах КДБ.
т. 7, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГАДА́,
рака ў Чыцінскай вобл. Расіі, левая складаючая р. Шылка. Даўж. 708 км, пл. бас. 37,2 тыс. км². Пачынаецца на хр. Хэнтэй. У вярхоўях цячэ па вузкай цясніне, у сярэднім цячэнні — па міжгорнай катлавіне. Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 72,6 м³/с. Ніжэй г. Чыта малое суднаходства. Сплаўная. Па даліне І. праходзіць Транссібірская магістраль.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),
руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.М.Карамзіна).
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ КО́ЛЬЦЫ,
рытуальныя збудаванні ў выглядзе кальца, авала ці спіралепадобнай фігуры з вертыкальна пастаўленых камянёў. Пашыраны на Брытанскіх а-вах, у Паўн. Францыі; выяўлены на Салавецкіх а-вах і ў Архангельскай вобл. Расіі. Пры раскопках у Шатландыі ў К.к. знойдзены фрагменты керамічных кубкаў, урнавыя пахаванні, якія належаць да бронзавага веку. Часта звязаны з алеямі менгіраў і інш. тыпамі пахаванняў, зробленых з выкарыстаннем камянёў.
А.В.Лоў.
т. 7, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Леў Якаўлевіч) (30.4.1879, Кіеў —6.1.1921),
расійскі хімік-тэхнолаг, адзін з арганізатараў сав. хім. прам-сці. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1910). У 1911—15 кіраваў буд-вам першых у Расіі з-даў па вытв-сці каніфолі і шкіпінару, хлараформу і вадкага хлору. З 1918 заг. аддзела хім. прам-сці ВСНГ. Ініцыятар стварэння Цэнтр. хім. лабараторыі ВСНГ (1918; з 1931 Фіз.-хім. ін-т імя К.).
т. 8, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧКАНА́РСКАЯ ГРУ́ПА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫХ РАДО́ВІШЧАЎ У Свярдлоўскай вобл. Расіі. Вядома з 18 ст. Гал. радовішчы: Качканарскае і Гусевагорскае. Радовішчы магматычнага паходжання. Разведаныя запасы больш за 12 млрд. т з колькасцю жалеза 17%. Руды змяшчаюць тытан, ванадый. З 1963 распрацоўваецца Гусевагорскае радовішча. Здабыча руды адкрытым спосабам. Абагачэнне мокрай магнітнай сепарацыяй. Колькасць жалеза ў канцэнтраце 61%. 2 кар’еры; ф-кі: абагачальная, агламерацыйная і акамкавання. Асн. прамысл. цэнтр — г. Качканар.
т. 8, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎ (Валерый Аляксандравіч) (н. 16.10.1931, Кіеў),
расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас Д.Ойстраха), з 1965 выкладае ў ёй (з 1983 праф.). З 1957 саліст Маскоўскай філармоніі. У рэпертуары скрыпічныя творы муз. класікі і сучасных кампазітараў. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя І.Славіка і Ф.Ондржычака (Прага, 1956), імя П.Чайкоўскага (Масква, 1958).
т. 8, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬСКАЯ ДРАЎНІННАМА́САВАЯ І КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала з 1885 ва ўрочышчы Куль на р. Уса Мінскага пав.
(цяпер в. Куль у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла драўнінную масу, паперу, белы, буры і шэры кардон. У 1898 мела 2 паравыя машыны (215 к.с.),
3 паравыя катлы, 3 формы для адліўкі кардону, кацёл для перапрацоўкі драўніны. У 1910 працавала 100 рабочых. Прадукцыя збывалася на папяровыя ф-кі Расіі.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)