хі́пі
(англ. hippie)
1) групы моладзі ў некаторых краінах, якія адмаўляюць існуючыя маральныя асновы, грамадскія нормы паводзін і вядуць валацужніцкае жыццё;
2) перан. чалавек, які вядзе сябе экстравагантна, знарок неахайна і прэтэнцыёзна апранаецца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
В.М.Мартыненка.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.
Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.
М.Ф.Піліпенка.
т. 4, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.Л.Бочак, А.Л.Валагжанін, В.П.Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Н.Я.Бунцэвіч.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГЛЫЯ, збегі,
групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш. месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКАЯ КАМУ́НА»,
літаратурнае аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з вер. 1927 да крас. 1928. Створана ў выніку выхаду з «Маладняка» групы маладых пісьменнікаў. Ініцыятар стварэння П.Шукайла. Чл.: А.Атава (Канановіч), П.Броўка, У.Варава, Я.Відук (Я.Скрыган), Ю.Лявонны (Л.Юркевіч), У.Прыбыткоўскі, Я.Сукала, М.Шалай і інш. Існавалі літ. гурткі камуны пры Полацкім і Магілёўскім педтэхнікумах, у вёсках Случчыны і Полаччыны. Захапляліся футурызмам, арыентаваліся на ЛЕФ і творчую практыку У.Маякоўскага ў форме вонкавага пераймання. Выдала 2 нумары час. «Росквіт» (1927—28). Самаліквідавалася, члены яе зноў увайшлі ў «Маладняк».
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Літ. ўспаміны, сустрэчы, шляхі. Мн., 1979. С. 10—18.
К.Р.Хромчанка.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.
т. 4, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел. нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл. Сусв. гільдыі трубачоў (1995).
І.І.Зубрыч.
т. 4, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).
Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).
т. 2, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)