Во́н 1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vánē ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н 2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́нтыль

(ням. Ventil, ад лац. ventilare = праветрываць)

1) клапан для рэгуліроўкі выхаду вадкасці, пары або газу ў некаторых механізмах, а таксама паветра ў духавых музычных інструментах;

2) прыстасаванне ў камеры пнеўматычнай шыны, якое дазваляе напампоўваць паветра ў камеру і перашкаджае яго выхаду адтуль;

3) электронны прыбор, які забяспечвае працяканне току толькі ў адным напрамку ; выкарыстоўваецца ў выпрамляльных устройствах, у апаратуры аўтаматыкі, радыётэхнікі і радыёэлектронікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),

паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.

Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл. гл. да арт. Вуха.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,

будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.

Гіпсавыя і гіпсабетонныя вырабы: 1—3 — гіпсавыя перагародачныя пліты (суцэльная, пустацелая і арміраваная чаротам); 4 — гіпсабетонная перагародачная панэль.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,

працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.

Паводле хім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл. Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.

Р.​А.​Чарнушэвіч.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),

раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.​П.​Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.​С.​Берга (паводле характару геагр. ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.​П.​Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.​Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],

1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)