САЛЮБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад позналац. solubilis растваральны), калоіднае растварэнне,
пранікненне малекул нізкамалекулярных рэчываў, нерастваральных у дадзенай вадкасці, унутр міцэл ці глобул макрамалекул, што знаходзяцца ў ёй. Напр., непалярныя малекулы вуглевадародаў і тлушчаў салюбілізуюцца воднымі растворамі мылаў (гл.Мыйнае дзеянне). Адыгрывае важную ролю ў шэрагу тэхнал. працэсаў (эмульсійнай полімерызацыі, міцэлярным каталізе, пры атрыманні змазачна-ахаладжальных вадкасцей і інш.), а таксама ў біял. сістэмах (напр., пры страваванні тлушчы салюбілізуюцца жоўцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІРАХЕТО́ЗЫ,
група інфекцыйных хвароб чалавека і жывёл, якія выклікаюцца патагеннымі спірахетамі Падзяляюцца на кішэчныя С. (лептаспірозы), крывяныя С., што перадаюцца вошамі і кляшчамі (зваротныя тыфы), палавым шляхам (сіфіліс), С. краін трапічнага пояса (напр., пінта). Да С. адносяцца таксама хваробы, якія выклікаюцца асацыяцыяй спірахет і бактэрый (напр., язвавы стаматыт). Лячэнне індывід. для кожнага выпадку. На С. хварэюць свойскія птушкі (куры, асабліва кураняты, гусі), трусы (хвароба цягнецца хранічна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЯФЕНО́ЛЫ, арэнтыолы,
араматычныя меркаптаны. Агульная ф-ла ArSH, дзе Ar — феніл (гл.Тыяфенол), нафтыл (гл.Тыянафтолы), іх змяшчальныя (напр., 2-метылтыяфенол, 4-хлортыяфенол) і інш. Вадкія або крышт. маларастваральныя ў вадзе рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках. Больш моцныя к-ты, чым фенолы. Атрымліваюць звычайна ўзаемадзеяннем металаарган. злучэнняў з серай (напр., арылмагнійгалагенідаў; гл.Магнійарганічныя злучэнні). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пестыцыдаў, фарбавальнікаў, палімераў, лек. прэпаратаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІНАЛІ́Н,
гетэрацыклічнае арганічнае злучэнне. Змяшчаецца ў кам.-вуг. смале. Ядро Х. — структурны фрагмент хіналінавых алкалоідаў, напр., хініну.
Бясколерная вадкасць з характэрным саладкаватым пахам, tкіп 237 °C. Раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле, слаба — у вадзе. Гіграскапічны. Моцная аснова, утварае солі з неарган. к-тамі.
Вытворныя Х. — аснова для вытв-сці лек. сродкаў (напр., энтэрасептолу, трыхаманацыду). Выкарыстоўваецца для сінтэзу цыянінавых фарбавальнікаў, як растваральнік для серы, фосфару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХРАМАГЕ́НЫ [ад храма... + ген(ы)],
рэчывы расл., жывёльнага і штучнага паходжання, якія змяшчаюць храмафоры і афарбоўваюцца пры акісленні; адноўленая форма дыхальных пігментаў. Аснова Х. — ядро (кальцавая структура), да якога далучаны храмафорныя групы (напр., CH—CH — этыленавая). Да Х. адносяцца β-карацін (фарбавальнік морквы), урахром (пігмент мачы), меланін, дыхальныя Х. (напр., гемаглабін) і інш. Адыгрываюць важную ролю ў фотасінт., акісляльна-аднаўляльных, ахоўных працэсах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПАКЛЁЎКА,
пастападобны лакафарбавы матэрыял для выраўноўвання (шпаклявання) паверхняў перад нанясеннем на іх фарбаў. У састаў Ш. ўваходзяць плёнкаўтваральныя рэчывы (напр., алкідныя смолы ці эпаксідныя смолы), запаўняльнікі (мел, тальк, барыт) і пігменты (напр., цынкавыя бялілы, вохра). Адрозніваюць Ш. лакавыя, алейныя, клеявыя. Наносяць на пакрытую антыкаразійнымі матэрыяламі (грунтоўкамі) паверхню; слой, што высах, шліфуюць абразіўнай шкуркай. Лакавыя Ш. выкарыстоўваюць у машынабудаванні, алейныя і клеявыя — пераважна ў буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНАЕ АХО́ЎВАННЕметалаў ад карозіі.
Засн. на залежнасці хуткасці карозіі ад электроднага патэнцыялу металу. Пры катодным Э.а. электродны патэнцыял металу зрушваюць у адмоўны бок ад яго стацыянарнай велічыні; выкарыстоўваюць, напр., пры марской і глебавай карозіі. Пры анодным Э.а. патэнцыял металу зрушваюць у дадатны бок да ўтварэння на яго паверхні пасіравальнай плёнкі: прадухіляе, напр., карозію хім. апаратаў у растворах к-т, шчолачаў і солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫФА́ГІ [ад грэч. eurys шырокі + ...фаг(і)], пантафагі, усёедныя жывёлы,
жывёльныя арганізмы, якія кормяцца самым разнастайным расл. і жывёльным кормам. Да іх належаць беспазваночныя жывёлы (напр., многія афіуры, тараканы, тэрміты і інш.); пазваночныя (напр. варона, крумкач, шэры пацук, дзік, буры мядзведзь і інш.); чалавек. Э. існуюць у розных біятопах, што садзейнічае пашырэнню іх арэала. Некат. Э., асабліва сінантропныя віды, сталі касмапалітамі. Проціпастаўляюць стэнафагам.