МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскайвобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскайвобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскайвобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскайвобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ.Найб. вядомыя:
Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл.Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл.Валовіч М.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскайвобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАН-ДУБЕ́ЙКАЎСКІ (Дубяйкоўскі) Лявон Іванавіч
(19.7.1869 ці 1867, в. Дубейкава Мсціслаўскага р-на Магілёўскайвобл. — 6.11.1940),
бел. архітэктар, будаўнік, педагог, паэт. Скончыў Мсціслаўскае гар. вучылішча, Школу буд. рамёстваў у Варшаве, Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1903 здаў экзамен на званне інжынера-будаўніка пры Пецярбургскім ін-це цывільных інжынераў. У 1897 адкрыў буд. кантору ў Смаленску. З 1910 працаваў у Варшаве, выкладаў у Тэхн.-прамысл. школе (1912—15), працаваў у створаным ім уласным бюро. У час 1-й сусв. вайны займаўся буд-вам на Полаччыне і ў Арле (Расія). Удзельнічаў у бел. нац.-культ. руху: спрыяў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў лекцыі на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне (1919). З 1922 займаўся арх.-буд. работамі ў Вільні, быў дырэктарам Мулярскай школы (1925—29). Сярод работ: цэрквы ў г. Манастыршчына і Ярцава (Смаленская вобл.), скарбніца ў г. Вязьма. Аднаўляў касцёлы ў Оршы, Мсціславе, Крычаве, вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага р-наў; спраектаваў царкву ў Відзах (1922), Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл, мноства розных пабудоў у Вільні і на Віленшчыне. Аўтар працы «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе). Аўтар сац.-вострых твораў, скіраваных супраць вайны і салдатчыны, антыгуманных сац. умоў, што раз’ядноўваюць людзей з радзімай: байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!», вершы «Бура», «Кракаў воран на бярозе...», «Голас з чужой стараны» і інш. Склаў зборнік бел. прыказак (у рукапісе). Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Рукапісы яго твораў захоўваюцца часткова ў Мінску, Вільні, Нью-Йорку.
Літ.:
Vitan K. Lavon-Vitan-Dubiejkauski: da 85 uhodkau naradżeńnia. New York, 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫпа землеўладанні і землекарыстанні,
сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскайгуб.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн.дзес. (78,4%) да 4,1 млн.дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.
Літ.:
Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;
Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПдЗМагілёўскай вобласці. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 25,5 тыс.чал. (1995), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал./км². Цэнтр — г.Асіповічы; рабочыя пасёлкі Градзянка, Татарка, Ялізава, 153 сельскія нас. пункты. 12 сельсаветаў: Асіповіцкі, Вяззеўскі, Дараганаўскі, Дрычынскі, Камяніцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Пратасевіцкі, Свіслацкі, Ясенскі.
Раён знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 206,5 м (за 4 км на З ад в. Пратасевічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Рэкі Бярэзіна з прытокам Свіслач і Пціч. Асіповіцкае вадасховішча (на Свіслачы). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лясамі 57% тэр. раёна.
Пад с.-г. ўгоддзямі 61,7 тыс.га, з іх асушана 22,1 тыс.га. На 1.1.1995 у Асіповіцкім раёне 18 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца, грэчка), кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (шкло), дрэваапр. (штакет, піламатэрыялы, садовыя домікі), харч. (спірт, рыба, масла, кансервы) прам-сці. Торфапрадпрыемствы. Асіповіцкая ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Мінск—Бабруйск (з адгалінаваннем на Градзянку) і Магілёў—Баранавічы, шаша Мінск—Гомель. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пач. школы, дзіцяча-юнацкая старт. школа, 21 дашкольная ўстанова, 35 бібліятэк, 12 бальнічных устаноў, 21 фельчарска-акушэрскі пункт. Дзіцячыя санаторыі «Вяззе» і «Лапічы». Помнік прыроды — парк у в. Дуброва (закладзены ў 1909). Выдаецца раённая газ. «Запаветы Леніна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у г. Горкі Магілёўскайвобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУс.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш.спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш.навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў, С.С.Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Літ.:
Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;
Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАРЭ́ВІЧ (Кастусь) (Канстанцін Лявонавіч; 5.1.1907, в. Радучы Чавускага р-на Магілёўскайвобл. — 3.7.1987),
бел.драматург.Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1932). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Бел. радыё, з 1949 — у газ. «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—74 у Мін-ве культуры Беларусі. У 1926 дэбютаваў вершамі і апавяданнямі. Першая кніга — зб. апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І.Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэв. і ваенна-патрыят. п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадсказначных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я.Гезіным і К.Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я.Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
П’есы. Мн., 1969;
Анютина дорога: Киноповести. Мн., 1980;
Драмы і камедыі. Мн., 1981.
Літ.:
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1972. Кн. 2. С. 86—118;
Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. Мн., 1976. С. 186—192;
Гаробчанка Т. Час вымяраецца здабыткамі // Полымя. 1976. № 12;
Колос Г. Его писательская ясность // Неман. 1987. № 5.