абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫМО́ВІЧ (Надзея Еўдакімаўна) (н. 18.2.1946, в. Аўгустова Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. паэтэса. Скончыла Варшаўскі ун-т (1982). З 1970 друкуецца ў беластоцкай газ. «Ніва». Першы зб. вершаў «У сне, у болю слова» (Беласток, 1979) выйшаў у пер. на польскую мову. У паэзіі пераважаюць інтымная лірыка, грамадска-патрыят. матывы, праблемы адаптацыі селяніна ў горадзе. Ёй характэрна ўскладненасць формы, метафарычнасць (зб. «Роздумы», Беласток, 1981; «Сезон у белых пейзажах», Беласток, 1990; «З неспакойных дарог», Мн., 1993; «Дзверы», Беласток, 1994, з А.Разанавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛМЕДПРЭПАРА́ТЫ»,
адкрытае акц.т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц.т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек.формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАПО́ЎШЧЫНА,
адзін з кірункаў, на якія падзялілася стараверства ў сярэдзіне 1690-х г. Паслядоўнікі беспапоўшчыны адмаўлялі царкоўную іерархію і святароў. Богаслужэнне вялі спец. абраныя настаўнікі. З царк. абрадаў захавалі толькі хрышчэнне і споведзь (некаторыя з плыняў беспапоўшчыны адмаўлялі і іх). Для ранняга этапу беспапоўшчыны характэрны адмоўныя адносіны да свету «антыхрыста» і яго «слуг» — прадстаўнікоў улады, адмаўленне шлюбу. Некаторыя плыні прапаведавалі крайнія формы выратавання — самаспаленне. Беспапоўшчына не ўяўляла сабой адзінага цэлага і распалася на мноства плыняў (паморцы, федасееўцы, філіпаўцы, бегуны і інш.). Асобныя абшчыны беспапоўшчыны захаваліся на Беларусі і цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЗА́ЛА СЕ́ЙМАЎ.
Існавала ў Гродне ў 18—19 ст. Пабудавана ў 1726 у двары Гродзенскага Новага замка, злучалася з ім 2-павярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вял. двор. Пабудова ўключала вял. базілікальную залу, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Унутраная аздоба залы характэрная для архітэктуры стылю ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаны размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформлены ліштвамі складанай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СТРЫЦЫ (Ostreidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).
Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ННІ (ваен.),
адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЁЎСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д,
адно з буйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па вырабе быт. і маст. фарфору. Засн. 1832 у пусташы Дулёва (з 1937 — г. Лікіно-Дулёва Маскоўскай вобл.) Т.Я.Кузняцовым. У 1889—1917 належаў таварыству М.С.Кузняцова. Вырабы гэтага перыяду выконваліся ў стылі мадэрн і адрозніваліся выдатнымі маст. якасцямі. З 1930-х г. пераважае размалёўка буйнымі колеравымі плямамі, пышная пазалота (сталовыя і чайныя сервізы, вазы, блюды)., З сярэдзіны 1960-х г. уводзяцца новыя, больш стрыманыя формы пасудзін. Вырабляюцца таксама дэкар.скульпт. кампазіцыі і фігуркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПА́ЎЗА (ад грэч. diapausis перапынак, прыпынак),
стан часовай паніжанай фізіял. актыўнасці жывёл. Характарызуецца рэзкім зніжэннем абмену рэчываў і прыпыненнем формаўтваральных працэсаў. Звычайна Д. назіраецца ў зімовы перыяд і служыць прыстасавальнай рэакцыяй. Вылучаюць формы Д.: эмбрыянальную — на стадыі яйца (напр., у калаўротак, ніжэйшых ракападобных, саранчовых), лічынкавую (зімуюць вусені і лічынкі ў многіх матылёў, жукоў-даўганосікаў, ручайнікаў і інш.), кукалкавую (зімуюць кукалкі капуснай бялянкі, капуснай соўкі і інш.), імагінальную (зімуюць дарослыя асобіны камароў, жукоў-лістаедаў і інш.). Для большасці жывёл умераных і высокіх шырот Д. звязана з даўж. светлавога дня.