агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш.Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.
Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная з метал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНГВІНАПАДО́БНЫЯ, пінгвіны (Sphenisciformes),
атрад нелятаючых птушак. Вядомы з эацэну (каля 60 млн.г. назад). 1 сям., 21 род (6 сучасных), 44 віды (16 сучасных). Пашыраны ў Антарктыцы, на паўд. узбярэжжах Аўстраліі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі, на Пн — да а-воў Галапагас. Гняздуюцца калоніямі (да 1 млн. асобін), некат. віды жывуць невял. групамі ці паасобна. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 120 см, маса да 45 кг. Апярэнне кароткае, шчыльнае, раўнамерна ўкрывае цела. Крылы ператвораны ў пакрытыя лускападобнымі пёрамі ласты, з дапамогай якіх П. плаваюць (са скорасцю да 40 км/гадз) і ныраюць (да глыб. 200 м). Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),
занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз.кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).
Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎІ́ (Luscinia),
род птушаксям. драздовых атр. вераб’інападобных. 2 віды: С. звычайны, або ўсходні (L. Iuscinia), пашыраны на У Еўропы і ў Зах. Азіі, і С. паўднёвы, або заходні (L. megarhynchos), пашыраны ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пералётныя. Жывуць на ўзлесках, у парках, садах. Гнёзды пераважна на зямлі. Песня багатая разнастайнымі гукамі (да 40 каленаў). Здольныя да пераймання і імітацыі галасоў жывёл. Спяваюць амаль усю ноч, першыя 2 тыдні — і днём. Часам у род С. уключаюць да 10 відаў, у т. л.варакушку, заранак, С.-свістуна, С. тугайнага, сіняга С., чырванашыек. На Беларусі — С. звычайны.
Даўж. С. звычайнага да 19 см, маса да 30 г. Апярэнне рыжавата-аліўкава-шэрае. Кормяцца С. насякомымі, павукамі, чарвямі, зрэдку ягадамі і насеннем. Адкладваюць 4—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМЫ́РСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) нац. акрузе (Расія),
на правабярэжжы р. Таймыр. Пл. 1781,9 тыс.га. Засн. ў 1979. Пакатахвалістая раўніна з узгорыста-градавымі ўчасткамі, на ПнУ адгор’і гор Быранга (выш. да 567 м). Арктычныя і субарктычныя тундры, у адгор’і Быранга ўчасткі арктычных пустынь. На тэр.
Т.з. самыя паўн. ўчасткі лясных масіваў даурскай лістоўніцы. У фауне 16 відаў млекакормячых (заяц-бяляк, воўк, пясец, гарнастай, паўн. алень і інш.), з іх у Чырв. кнізе Расіі белы мядзведзь і морж лапеўскі; 85 відаў птушак (зімнік, сава белая, курапатка белая і тундраная, гусь-гуменнік, гага, гагара тундраная, кулікі, чайкі і інш.), з іх у Чырв. кнізе лебедзь малы, арлан-белахвост, беркут, крэчат, сапсан, казарка чорная, гагара чырвонаваллёвая. У іхтыяфауне больш за 20 відаў, у т. л. сіговыя, ласасёвыя, харыусавыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСІ́ЧНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,
водарасці, здольныя выпрацоўваць таксіны (альгатаксіны). Таксічныя ўласцівасці вядомы ў некалькіх дзесяткаў відаў сіне-зялёных і дынафітавых, некат. родаў залацістых і зялёных водарасцей. Таксіны марскіх дынафітавых водарасцей, якія выклікаюць «чырвоныя прылівы» каля берагоў Канады, Вялікабрытаніі, Японіі, у трапічных і субтрапічных зонах акіянаў і мораў, належаць да нейратаксінаў і паводле ўздзеяння нагадваюць яд курарэ. Таксіны сіне-зялёных водарасцей адносяць да моцных парэнхіматозных ядаў (С-фікацыянін). Звычайны для вадаёмаў Беларусі мікрацысціс сінявата-зялёны мае таксін, які па біял. уздзеянні і хім. уласцівасцях блізкі да тэрмастабільнага яду бледнай паганкі. Інтаксікацыя вады прыводзіць да атручэння дзікіх і свойскіх жывёл, птушак. У некат. людзей пры кантакце з таксічнымі водарасцямі ўзнікаюць алергіі, кішачна-страўнікавыя расстройствы, пры ўжыванні вады ў час «цвіцення» або рыбы з такога вадаёма — таксікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАД (Tchad, Chad),
бяссцёкавае возера ў Цэнтр. Афрыцы (у сумежных раёнах Нігерыі, Нігера, Чада і Камеруна), на выш. 240 м. Даўж. 270 км, шыр. да 150 км. Пл. ад 10 да 26 тыс.км² (у залежнасці ад шматгадовых ваганняў сцёку ў Ч.), глыб. адпаведна 4—11 м. У эпохі павышэння вільготнасці клімату (апошняе 5—6 тыс.г. назад) пл. возера дасягала да 400 тыс.км². Зах. і паўд. берагі нізкія, б.ч. забалочаныя; паўн.-ўсх. і ўсх. моцна парэзаныя, каля іх шматлікія астравы. У Ч. упадаюць рэкі Шары і Камадугу-Іобе. У месцах упадзення рэк вада ў возеры прэсная, на астатняй ч. — слаба саланаватая. У Ч. значны падземны адток, які дае жыўленне грунтавым водам прылеглых раёнаў. Водзяцца ламанціны, бегемоты, кракадзілы; шмат водных і балотных птушак. Рыбалоўства. Суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАПКЯЛЯ́Й,
запаведнік у Літве, у бас.р. Нямунас (Нёман). Засн. ў 1975 для аховы унікальных лясных балот і азёр, рэліктавай флоры і фауны забалочаных лясоў. Пл. 8,5 тыс.га. Глебы балотныя вярховага тыпу. Каля 70% тэр. пад балотамі (вярховыя, пераходныя, нізінныя), пакрытымі лясамі. Сярод балот 21 невял. возера. Дамінуюць хвойнікі (80,5%); 12% бярэзнікаў, 5,5% алешнікаў, 2% ельнікаў. У флоры 654 віды вышэйшых раслін, з іх 58 рэдкія, у Чырв. кнізе арніка горная, пылкагалоўнік чырвоны, чаравічак сапраўдны, надбароднік бязлісты, зубянка клубняносная. У фауне 64 віды млекакормячых, у т. л. лось, дзік, казуля, бабёр, андатра. 156 відаў птушак (у Чырв. кнізе чорнаваллёвая гагара, чорны бусел, лугавы мышалоў, асаед, змеяед, малы падворлік, арлан-белахвост, скапа, пустальга, шэры журавель, турухтан і інш.); 7 відаў рэптылій, 9 — земнаводных, каля 2 тыс. — насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́МХА (Padus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Ч. звычайная, або гронкавая (P. avium). Трапляецца па берагах рэк, у лясах, хмызняках, вырошчваецца ў садах і парках. Культывуюць Ч. віргінскую (P. virginiana), Маака (P. maackii), пенсільванскую (P. pensylvanica), познюю (P. serotina), якія часам дзічэюць.
Лістападныя дрэвы выш. 7—30 м, з густой шырокай кронай, радзей вял. кусты. Лісце простае, чаргаванае, прадаўгавата-яйцападобнае. Кветкі духмяныя, белыя, на ножках, сабраныя ў гронку. Плод — сакаўная касцянка, у многіх відаў ядомая. Драўніна — сыравіна для дрэваапр. прам-сці; плады спажываюцца ў ежу і як лек. сродак, корм для птушак. Ч. — каштоўная лясная парода, паляпшае структуру глебы, замацоўвае берагі рэк, схілы яроў. Харч., лек., меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл.Засн. ў 1990 для захавання ландшафтнага комплексу з рэдкімі відамі раслін і жывёл, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму р. Котра і інш.Пл. 21 852 га. Пераважаюць падтаежныя барэальныя і водна-ледавіковыя ландшафты з эолавымі і камавымі градамі, азёрамі (Белае, Зацкава, Малочнае і інш.). Рэльеф раўнінны, пласкахвалісты з астраўкамі камавых узгоркаў, западзінамі і катлавінамі азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя. Лясы хваёвыя і вытворныя драбналістыя. У флоры каля 320 відаў сасудзістых раслін, у Чырв. кнігу занесены сон-трава, чарамша, мнаганожка звычайная, купальнік горны, лілея кучаравая і інш. У фауне 130 відаў птушак, у Чырв. кнізе — малая паганка, чорны бусел, скапа, дзербнік, пустальга звычайная, курапатка белая, няясыць даўгахвостая, каршачок, уліт вялікі і інш.