першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял.саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАДО́Р (Salvador),
Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак.Пл. 21,04 тыс.км². Нас. 6,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
Прырода. Цэнтр.ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.
Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.
Гісторыя Да 7 ст.н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс.чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.Н.Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.
Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.Кальдэрон і Ф.Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст.рэсп.саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн.га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс.га, у т. л. 120 тыс.га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс.га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс.т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля 2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн.харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш.Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.
М.Б.Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Сальвадора.Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.Сальвадор. Сушка зярнят кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).
масавая легальная рэв.-дэмакр.нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.А.Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн.дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел. зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк. зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш.Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл.Незалежная сялянская партыя), укр.рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел.нац. фракцыі сейма (гл.Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦКБСРГ выдаваў газ.«Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.
Літ.:
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.
У.А.Палуян.
Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.Мятлы, П.Валошына, Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.Галавача. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),
вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),
спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВКБССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНКБССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУСССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУСССР.
Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр.Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВКБССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУСБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ САМАВЫЗНА́ЧЭННЕ,
свабоднае і суверэннае вызначэнне нацыяй або інш. этнасацыяльнай супольнасцю дзярж. форм свайго існавання і ўзаемаадносін з інш. народамі (этнасамі); асн. прынцып нац. палітыкі, найб. поўнае выражэнне дэмакратызму ў нац. адносінах (гл.Нацыянал-дэмакратызм).
Прынцып Н.с. сфарміраваўся ў выніку асэнсавання вопыту нац. рухаў, сусв. вопыту вырашэння нац. пытання. На яго аснове ў 19 ст. створаны шэраг незалежных нац. дзяржаў у Еўропе і Амерыцы, у 20 ст. адбылося мірнае дэмакр. аддзяленне Нарвегіі ад Швецыі (1905), Фінляндыі і Польшчы ад Расіі (1917), распад шматнацыянальнай Аўстра-Венгрыі на шэраг нац. дзяржаў (1918), стварэнне нац.сав. рэспублік і іх аб’яднанне ў СССР (1917—22), пасля 2-й сусв. вайны — распад каланіяльнай сістэмы і ўзнікненне больш чым 120 новых нац. дзяржаў, у канцы 20 ст. — распад СССР, Чэхаславакіі, Югаславіі і стварэнне на іх месцы суверэнных дзяржаў. Стварэнне нац. дзяржаў — аб’ектыўная гіст. і агульнасусв. тэндэнцыя. Для шматнац. грамадстваў і дзяржаў гэта можа азначаць распад, расчляненне, калі адсутнічаюць інш. шляхі і магчымасці дэмакр. і ўзгодненага вырашэння праблем міжнац. узаемаадносін. Н.с. можа ажыццяўляцца і ў форме добраахвотнага, на аснове дэмакр. выяўлення волі народаў, уваходжання нацый у саюзную дзяржаву, стварэння федэратыўных шматнацыянальных дзяржаў. У канцы 20 ст. адбываецца інтэграцыя нац. дзяржаў з даўнімі традыцыямі суверэннага існавання ў буйных утварэннях (напр., Еўрапейскі саюз), дзе адбываецца сумяшчэнне нац. суверэнітэту з працэсамі інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі.
Ідэя Н.с. беларусаў упершыню ўскосна выказана К.Каліноўскім (ідэя пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй).
Створаная ў пач. 20 ст. нац.-дэмакр. партыя сацыялістычнага кірунку Беларуская сацыялістычная грамада адной са сваіх бліжэйшых задач лічыла стварэнне аўтаноміі Беларусі з сеймам у Вільні ў складзе дэмакр.Рас. рэспублікі. Глыбокі ўсеагульны крызіс і распад Рас. імперыі ў выніку 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паспрыялі прыкметнаму паскарэнню эвалюцыі агульнай ідэі свабоднай Беларусі ў кірунку практычнага дзярж.-незалежнага самавызначэння. У выніку адбылося абвяшчэнне БНР (сак. 1918), якая ў тагачасных гіст. і паліт. умовах не змагла рэалізаваць свой суверэнітэт. 1.1.1919 утворана Беларуская ССР. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая 25.8.1991 атрымала статус канстытуцыйнага закону. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, Беларусь на падставе свайго неад’емнага права на самавызначэнне абвяшчалася унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавай, што валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс.чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв.сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел.рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІДагавор 1855 падпісаны 7 лют. ў г. Сімода (Японія). Паводле яго ўстаноўлены дыпламат. адносіны паміж Расіяй і Японіяй, для рас. гандлю адчынены парты Сімода, Хакадатэ і Нагасакі, рас, падданыя набылі права экстэрытарыяльнасці на тэр. Японіі; ч. Курыльскіх а-воў на Пд ад в-ва Уруп прызнаны ўладаннем Японіі, а в-аў Сахалін — «непадзеленым паміж Японіяй і Расіяй». Дагавор 1858 падпісаны 19 жн. ў г. Эда (зараз Токіо). Пацвярджаў дагавор 1855, для рас. гандлю адчынены яшчэ 3 парты, рас. падданым дазволена наведваць гарады Эда і Осака і жыць у адкрытых партах. Дагавор 1867 падпісаны 18 сак. ў Пецярбургу. В-аў Сахалін прызнаны сумесным рус.-яп. уладаннем і на ім дазвалялася сяліцца падданым абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1875 падпісаны 7 мая ў Пецярбургу. Паводле яго в-аў Сахалін прызнаваўся рас. уладаннем у абмен на прызнанне яп. суверэнітэту над усімі Курыльскімі а-вамі; вызначаны таксама юрыд. аспекты рус.-яп. рыбалоўства. Дагавор 1895 падпісаны 8 чэрв. ў Пецярбургу. Скасаваў тыя часткі дагавораў 1855, 1858 і 1875, якія давалі рас. падданым аднабаковыя прывілеі на тэр. Японіі (права консульскай юрысдыкцыі і г.д.); паміж дзвюма краінамі ўстанаўліваў рэжым найб. спрыяння ў мытнай сферы Мірны дагавор 1905,
гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905. Пагадненне 1907 падпісана 30 ліп. ў Пецярбургу. Складалася з публічнай канвенцыі і сакрэтнага пратакола. У канвенцыі бакі абавязваліся паважаць тэр. цэласнасць адзін аднаго і абвясцілі тэр. непарушнасць і незалежнасць Кітая; Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Сакрэтная ч. фіксавала падзел Маньчжурыі на рас. (Паўн.) і яп. (Паўд.) сферы ўплыву. Японія прызнавала наяўнасць у Расіі спец. інтарэсаў у Манголіі Знешняй. Пагадненне 1910 падпісана 4 ліп. ў Пецярбургу. Развівала і канкрэтызавала дагавор 1907. Канвенцыя 1912 (сакрэтная) падпісана 8 ліп. ў Пецярбургу. Падзяляла Манголію Унутраную на рас. і яп. сферы ўплыву. Дагавор 1916 падпісаны 3 ліп. ў Пецярбургу. Устанаўліваў рас.-яп.саюз. У публічнай ч. дагавора бакі абавязваліся не ўдзельнічаць ні ў якой паліт. камбінацыі, скіраванай супраць аднаго з іх, а ў выпадку пагрозы іх тэр. правам і асаблівым інтарэсам на Д.Усходзе дамовіцца аб агульных мерах абароны. Сакрэтная ч. пацвярджала ранейшыя рас.-яп. пагадненні пра сферы ўплыву ў Кітаі, прадугледжвала меры супраць усталявання там панавання якой-н. дзяржавы. У выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з трэцяй дзяржавай другая абавязана прыйсці ёй на дапамогу і не заключаць сепаратнага міру без двухбаковых кансультацый.