ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.
т. 6, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́РАВА (Вераніка Барысаўна) (н. 5.12.1916, Баку),
расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 дырыжор, у 1960—89 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Маскоўскага дзярж. сімф. аркестра. Выступала з многімі інш. калектывамі, у т. л. Дзярж. акад. сімф. аркестрам СССР, аркестрамі Маскоўскай і Ленінградскай філармоній, лепшымі харамі Расіі. Яе творчасці ўласцівы яркі тэмперамент, своеасаблівы творчы почырк у інтэрпрэтацыі твораў. У рэпертуары пераважна сімф. музыка рус. класікаў (С.Рахманінава, А.Скрабіна, П.Чайкоўскага) і сучасных рас. кампазітараў. Дзярж. прэмія Расіі 1980.
т. 6, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ПАДЗЕ́МНЫХ ВОД,
галіна гідрагеалогіі, якае вывучае рэжым і баланс падземных вод. Грунтуецца на тэорыі фільтрацыі і звязана з гідраўлікай і гідрамеханікай. Засн. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. франц. вучонымі А.Дарсі і Ж.Дзюпюі (выявілі лінейны закон фільтрацыі), рус. вучоным М.Я.Жукоўскім (распрацаваў тэорыю руху падземных вод) і інш. Метады Д.п.в. выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач гідратэхн. буд-ва, вызначэнні руху падземных вод па неаднародных пластах, падпору грунтавых вод, рэгіянальнай дынамікі глыбокіх і ўзаемадзейных ваданосных гарызонтаў, нафта- і газа-гідрадынамікі, ацэнкі эксплуатацыйных запасаў падземных вод і інш.
т. 6, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́СПЕРСЕН ((Jespersen) Енс Ота Хары) (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),
дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ё,
сёмая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Утворана шляхам спалучэння літары «е» з дыякрытычнымі знакамі. Запазычана з рус. графікі, дзе ўпершыню з’явілася ў 1797. У старабел. пісьменстве гук «о» пасля мяккіх зычных абазначаўся літарай «е» («медъ»), спалучэннем «іо» («ліосъ») і нават літарай «о» («всо»), У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны «о» задняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («вёска» — в’оска»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «о»): «ёд» («йод»), «тваё» («твайо»), «пугаўё» («пугаўйо»), «мільён» («міл’йон»), «аб’ём» («абйом»).
А.М.Булыка.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖУРНА́Л ПРИКЛАДНО́Й СПЕКТРОСКОПИ́И»,
міжнародны штомесячны навук. часопіс. Выдаецца Нац. АН Беларусі з 1964 у Мінску на рус. мове. З 1965 перавыдаецца ў Нью-Йорку на англ. мове («Journal of Applied Spectroscopy»). Асн. навук. кірункі: фіз. асновы і металы атамнага і малекулярнага спектральнага аналізу; нелінейная оптыка і лазеры; спектраскапія рассейвальнага асяроддзя і цвёрдых цел; спектраскапія газаў і плазмы; спектральная апаратура і метады вымярэнняў; матэм. метады і выкарыстанне ЭВМ у спектраскапіі. Гал. рэдактары: Б.І.Сцяпанаў (1964—87), В.С.Буракоў (з 1988), Г.П.Гурыновіч (з 1992), М.А.Барысевіч (з 1994).
М.М.Зубарава.
т. 6, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАКІ́НІ (Васіль Ігнатавіч) (1805, Масква — 30.1.1874),
расійскі акцёр. Сын італьянца і прыгоннай бел. балерыны П.Азарэвіч (гл. ў арт. Азарэвічы). Родапачынальнік сям’і рус. акцёраў Жывакіні. З 1825 у Малым т-ры (Масква). Вызначыўся як комік-буф у вадэвілях. Спалучаў прастату, натуральнасць выканання з яркай гратэскавасцю. буфанадай, імправізацыяй (часта сатырычнай). Лепшыя ролі: Жавіяль, Сінічкін («Страпчы пад сталом», «Леў Гурыч Сінічкін» Дз.Ленскага), Мардашоў («Аз і Ферт» П.Фёдарава). Выкарыстоўваў вадэвільныя прыёмы ў класічнай камедыі: Арган («Школа жонак» Мальера), Груміо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Падкалесін («Жаніцьба» М.Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш.
т. 6, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ФЕАДО́СІЯ ПЯЧЭ́РСКАГА»,
адзін з самых ранніх помнікаў стараж.рус. агіяграфічнай л-ры. Напісана каля 1091 Нестарам, надрукавана ў 1635 у «Патэрыконе...» С.Косава. У творы ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра пісьменнік-палеміст Феадосій паказаны як актыўны праціўнік феад. міжусобіц, імкненняў Візантыі падпарадкаваць свайму ўплыву Кіеўскую Русь. Дзейнасць Феадосія, які выкрываў своекарыслівасць і прагнасць манахаў, патрабаваў ад іх аскетычнага і працоўнага жыцця, ладу, імпанавала аўтару. Мова твора эмац. насычаная, лаканічная, ёсць дакладнае апісанне значных гіст. падзей, названы імёны многіх рэальных асоб. Твор быў шырока вядомы на Беларусі.
А.Ф.Коршунаў.
т. 6, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́ЛЕЎ (Жэлю) (н. 3.3.1935, с. Весялінава Шуменскай акр., Балгарыя),
балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф. Д-р філас. н. (1987). Скончыў Сафійскі ун-т. З 1960-х г. за ідэйна-паліт. пазіцыі праследаваўся ўладамі, выключаны з Балг. камуніст. партыі. Лідэр Саюза дэмакр. сіл (снеж. 1989 — жн. 1990). У 1990—96 прэзідэнт Балгарыі; праводзіў курс на дэкамунізацыю балг. грамадства. Аўтар прац «Фашызм» (1982, забаронена і канфіскавана з продажу і бібліятэк, зноў выдадзена ў 1990), «Рэальная фізічная прастора» (1989) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Фашизм: Тоталитар. государство. М., 1991.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК (Якаў Ізраілевіч) (20.11.1913, г. Адэса, Украіна — 27.6.1976),
расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1932) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі (1935, кіраўнік Г.Нейгаўз). Выступаў як піяніст-канцэртант. Яго вялікі рэпертуар уключаў творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Першы выканаўца многіх твораў сав. кампазітараў. З 1935 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Сярод яго вучняў: Я.Магілеўскі, М.Пятроў, Э.Вірсаладзе. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935), пераможца Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (1937, Варшава, 1-я прэмія і спец. прыз — маска Шапэна).
Літ.:
Яков Зак. Статьи. Материалы. Воспоминания. М., 1980.
т. 6, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)