працэс узнікнення новых біял.відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.
Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл.Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ННІЦА»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. У 1920—23 наз. «Mozyrz» («Мазыр»), у 1923—39 — «Toruń» («Торунь»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска). Сеў на мель каля в. Новая Беліца Светлагорскага р-на, узарваны экіпажам 16.7.1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад цела нерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКА 1) найменшы з натуральных лікаў n = 1. Пры множанні адвольнага ліку на 1 атрымліваецца той жа самы лік.
2) Элемент e мноства M наз. адзінкай, у адносінах да бінарнай алг. аперацыі *, калі для адвольнага элемента a мноства M выконваецца роўнасць a * e = a, або e * a = a (абедзве роўнасці незалежныя, г. зн., што ў агульным выпадку a * в ≠ в * a). Адрозніваюць левыя і правыя адзінкі: a * eп = a і eл * a = a. Калі на мностве M вызначана некалькі бінарных аперацый (напр., множанне і складанне лікаў), то e наз. адзінкай толькі ў адносінах да множання, у адносінах да складання — нулём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКА́НІЯ-НО́ВА,
запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс.га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́Т (Sonchus),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).
Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс.чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.
Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДГЕНС ((Gründgens) Густаў) (22.12.1899, г. Дзюсельдорф, Германія — 7.10.1963),
нямецкі акцёр, рэжысёр. Скончыў школу пры Дзюсельдорфскім драм. т-ры (1920). Працаваў у т-рах Гамбурга, Берліна. У 1955—63 кіраўнік Ням.драм.т-ра ў Гамбургу. Вядомы як пастаноўшчык класічных спектакляў «Кароль Лір» (1934) і «Дванаццатая ноч» (1937, іграў ролю Мальволіо) У.Шэкспіра, «Чайка» А.Чэхава (1948; роля Трыгорына) і інш. Сярод роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Фауст («Фауст» І.В.Гётэ), Франц Моар, Валенштайн («Разбойнікі», «Смерць Валенштайна» Ф.Шылера). Паставіў некалькі оперных спектакляў. Здымаўся ў кіно, ставіў фільмы. Жыццё і творчасць Грундгенса ляглі ў аснову рамана К.Мана «Мефістофель» (экранізаваны ў 1981).