ЧУПРО́Ў Аляксандр Іванавіч (18.2.1842, г. Масальск Калужскай вобл., Расія — 8.3.1908),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з заснавальнікаў рас. стат. навукі, у т. л. чыг. статыстыкі і эканомікі транспарту. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1887). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1874 выкладаў у ім. У 1869 арганізаваў Т-ва пашырэння тэхн. ведаў, у 1882 — Стат. аддз. пры Маскоўскім юрыд. т-ве (з 1883 яго старшыня). Удзельнічаў у распрацоўцы плана перапісу Масквы 1882 і ў яго ажыццяўленні. Узначальваў ліберальна-народніцкую плынь у эканам. тэорыі, прадстаўнікі якой прызнавалі неабходнасць частковых агр. пераўтварэнняў (паляпшэнне культуры земляробства, арганізацыя саматужных арцеляў і перасяленняў) разам з захаваннем памешчыцкага землеўладання і сял. абшчыны. Аўтар падручнікаў па статыстыцы, прац па палітэканоміі, агр. пытаннях, чыг. гаспадарцы («Чыгуначная гаспадарка», т. 1—2, 1875—78; «Пра характар і прычыны сучаснага прамысловага крызісу ў Заходняй Еўропе», 1889; «Пра эканамічнае значэнне адукацыйных і выхаваўчых устаноў для рабочага класа», 1898, і інш.). Адзін з рэдактараў і аўтараў зб. «Уплыў ураджаяў і хлебных цэн на некаторыя бакі рускай народнай гаспадаркі» (1897).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГІНЯ́Н Марыэта Сяргееўна (2.4.1888, Масква — 20.3.1982),

армянская і руская пісьменніца. Чл.-кар. АН Арменіі (1950). Герой Сац. Працы (1976). Д-р філал. н. (1945). Скончыла Вышэйшыя жан. курсы ў Маскве (1911). Друкавалася з 1903. Выдала зб-кі вершаў «Першыя сустрэчы» (1909), «Orientalia» (1913), раманы «Свой лёс» (1918, поўнае выд. 1923), «Прыгоды дамы са свецкіх колаў» (1923), аповесць «Перамена» (1922—23) пра інтэлігенцыю, аповесць «Уваскрэсенне з мёртвых» (1964) пра чэш. кампазітара І.​Мыслівечака. Аўтар тэтралогіі пра У.​І.​Леніна («Сям’я Ульянавых», 1938, 1957; «Першая Усерасійская», 1965; «Білет па гісторыі», 1969; «Чатыры ўрокі ў Леніна», 1970), трылогіі «Мес-Менд» (1924, аднайм. кінафільм 1926). Пісала нарысы: «Урал у абароне» (1944), «Па дарогах пяцігодкі» (1947), «Падарожжа па Савецкай Арменіі» (1950), «Замежныя пісьмы» (1964); літ.-знаўчыя працы: «Тарас Шаўчэнка» (1941), «Эцюды пра Нізамі» (1947), «Гётэ» (1950); успаміны «Чалавек і час» (1971—78) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1971—75.

Літ.:

Творчество Мариэтты Шагинян: [Сб. ст.]. Л., 1980;

Скорино Л.И. Мариэтта Шагинян — художник. 2 изд. М., 1981.

М.С.Шагінян.

т. 17, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́ЛАЎ Дзмітрый Трафімавіч (5.11.1905, Ашгабат — 18.8.1995),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН СССР (1953), праф. (1939), ген.-маёр (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), Аграрны ін-т чырв. прафесуры (1934). У 1920—30-я г. ў пракуратуры, на гасп., навук. і выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета арміі. З 1946 у апараце ЦК КПСС. У 1952—56 гал. рэдактар газ. «Правда», у 1955—57 сакратар ЦК КПСС, у 1956—57 міністр замежных спраў СССР. Удзельнік рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій, дапамагаў М.С.Хрушчову рыхтаваць даклад да XX з’езда КПСС (1956). На чэрвеньскім пленуме ЦК КПСС (1957). крытыкаваў Хрушчова за парушэнні прынцыпаў калект. кіраўніцтва і некампетэнтнасць, за што штучна прылічаны да т.зв. антыпарт. групы і адхілены ад усіх парт. і дзярж. пасад. З 1957 дырэктар Ін-та эканомікі АН Кіргізіі, у 1960—82 у Гал. архіўным упраўленні пры СМ СССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка «Палітычная эканомія» (1954).

Літ.:

И примкнувший к ним Шепилов: Правда о человеке, ученом, воине, политике. М., 1998.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́ВІЧ Леанід Аляксандравіч (н. 4.3.1934, в. Кажушкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989). Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1992). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі (з 1967 заг. лабараторыі, з 1996 гал. навук. супрацоўнік). Навук. працы па тэорыі набліжаных метадаў аналізу і выліч. матэматыцы. Распрацаваў і даследаваў шэраг метадаў апраксімацыі функцый і аператараў, лікавых метадаў рашэння інтэгральных і інтэградыферэнцыяльных ураўненняў, набліжанага кантынуальнага інтэгравання. Рашыў задачу пабудовы формул Чабышова з рэчаіснымі вузламі для некаторых відаў інтэгралаў. Пабудаваў і даследаваў лікавыя метады рашэння ўраўненняў аэрапругкасці з дэтэрмінаванымі і выпадкова ўзбуджанымі ядрамі і правай часткай, формулы аператарнага інтэрпаліравання ў функцыянальных і агульных лінейных прасторах.

Тв.:

Приближенное вычисление континуальных интегралов по гауссовым мерам. Мн., 1976;

Обобщенный винеровский интеграл и некоторые его приближения. Мн., 1989 (разам з І.​М.​Кавальчуком);

Functional Integrals: approximate evaluation and applications. Dardrecht-Boston-London, 1993 (разам з А.​Дз.​Ягоравым, П.​І.​Сабалеўскім);

Интерполирование операторов. Киев, 2000 (разам з У.​Л.​Макаравым, У.​У.​Хлабыставым).

Л.А.Яновіч.

т. 18, кн. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎМЕ́НАЎ Леанід Фёдаравіч (н. 22.7.1932, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф і паэт. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р філас. н. (1977), праф. (1979). Скончыў БДУ (1955), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1962). У 1954—58 сакратар Мінскага гаркома ЛКСМБ. З 1961 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. З 1970 лектар ЦК КПБ, з 1971 супрацоўнік аддзела філасофіі Дэпартамента сац., гуманіт. навук і культуры ЮНЕСКА (Парыж). У 1975—79 заг. кафедры БДУ. З 1979 заг. сектара крытыкі бурж. філасофіі і права, з 1982 заг. Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках Нац. АН Беларусі. З 2002 заг. кафедры Бел. ін-та правазнаўства. Навук. працы па праблемах дыялектыкі, паліт. філасофіі, адчужэння і правоў чалавека, зах.-еўрап. філас. думкі. У зб. вершаў «Чужая планета» (1980), «Блізкія далі» (1983), «Існасць» (1997) паэт. адлюстраванне філасофіі быцця чалавека.

Тв.:

Диалектика и революция. Мн., 1969;

Философия антимарксизма и диалектика. Мн., 1981;

Тотальный кризис и права человека. Мн., 1986;

Международная идеология прав человека: проблемы — решения. Мн., 2000.

Л.Ф.Яўменаў.

т. 18, кн. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШЧАРЫЦЫН Пётр Іванавіч (н. 30.6.1915, г. Людзінава Калужскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Акад. Нац. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р тэхн. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1972). Скончыў Арджанікідзеградскі маш.-буд. ін-т (1941). З 1952 дырэктар 11-га Дзярж. падшыпнікавага з-да (Мінск), з 1962 рэктар, адначасова заг. кафедры БПІ. З 1977 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. З 1987 саветнік прэзідыума, з 2002 гал. навук. супрацоўнік Фіз.-тэхн. ін-та Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэхналогіі машынабудавання, пытаннях уплыву тэхнал. спадчыннасці на эксплуатацыйныя ўласцівасці дэталей машын, удасканалення фінішных аперацый мех. апрацоўкі дэталей, шліфаванні і даўгавечнасці шліфавальных дэталей, тэхналогіі вытв-сці падшыпнікаў качэння, надзейнасці трансп. прыстасаванняў аўтам. ліній. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы технологии механической обработки и сборки в машиностроении. Мн., 1974;

Технологическая наследственность в машиностроении. Мн., 1977 (разам з Э.​В.​Рыжовым, У.​І.​Аверчанкавым);

Скоростное внутреннее шлифование. Мн., 1980 (разам з І.​П.​Караімам);

Чистовая обработка деталей в машиностроении. Мн., 1983 (разам з А.​Н.​Мартынавым).

П.І.Яшчарыцын.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛЯ Валянцін Аляксеевіч (н. 10.10.1937, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000). Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Акад. Бел. інж. акадэміі (1995), Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (1996). Скончыў БПІ (1959). З 1959 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (у 1974—89 нам. дырэктара, з 1989 заг. лабараторыі). Адначасова з 2000 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па перспектыўных энергет. тэхналогіях і энергарэсурсазберажэнні. Распрацаваў навук. асновы тэхналогіі экалагічна бяспечнага спальвання і тэрмічнай апрацоўкі нізкакаларыйных і інш. мясц. відаў паліва. Прапанаваў шэраг канструкцый высокаэфектыўных вадагрэйных і паравых аўтаматызаваных кацельных установак. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Высокотемпературные процессы в электротермическом кипящем слое. Мн., 1973;

Математические модели химических реакторов в кипящем слое. Мн., 1976 (разам з Ю.​П.​Гупалам);

Сжигание твердого топлива в псевдоожиженном слое. Мн., 1980 (разам з Л.​М.​Вінаградавым);

Гидродинамика и теплообмен в псевдоожиженном слое под давлением. Мн., 1982 (разам з В.​Л.​Ганжой, В.​І.​Кавенскім).

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́МБЕРГЕН, Блумберген (Bloembergen) Нікалас (н. 11.3.1920, г. Дордрэхт, Нідэрланды), галандска-амерыканскі фізік; адзін са стваральнікаў нелінейнай оптыкі і лазернай спектраскапіі. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1956), Нац. АН ЗША (1960). Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1956). Скончыў Утрэхцкі (1943) і Лейдэнскі (1948) ун-ты. З 1949 у Гарвардскім (з 1957 праф.), з 2001 у Арызонскім ун-це. Навук. працы па ядз. магн. рэзанансе, цвердацельных мазерах і лазерах, нелінейнай оптыцы і спектраскапіі. Устанавіў механізм ядз. магн. рэлаксацыі (1948; з Э.М.Пёрселам, Р.​В.​Паўндам). Прапанаваў выкарыстоўваць метад трох энергет. узроўняў для стварэння мазераў на крышталях, даў схему цвердацельнага мазера неперарыўнага дзеяння (1956). Незалежна ад Р.В.Хахлова і інш. заклаў тэарэт. асновы нелінейнай оптыкі (1962). Упершыню эксперыментальна назіраў вузкія двухфатонныя рэзанансы (1974; незалежна ад А.Л.Шаўлава). Нобелеўская прэмія 1981 (з К.М.Сігбанам і Шаўлавым). Нац. навук. медаль ЗША (1974). Медаль Лорэнца (1978). Яго імем названа малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Нелинейная оптика. М., 1966;

Вынужденное комбинационное рассеяние света // Успехи физ. наук. 1969. Т. 97, вып. 2;

Нелинейная оптика и спектроскопия // Там жа. 1982. Т. 138, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Н.Бломберген.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЬСКІ Анатоль Віктаравіч (н. 16.9.1934, с. Маласафіеўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне рэгіянальнай геалогіі і гідрагеалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р геолага-мінералаг. н. (1978), праф. (1987). Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1958). З 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (з 1993 заг. лабараторыі), адначасова ў 1992—93 нам. дырэктара ў Бел. н.-д. цэнтры «Экалогія». Асн. кірункі даследаванняў — тэорыя гідрагеалогіі і нафтагазаўтварэння, гідрагеалогія зямной кары і нафтагазаносных басейнаў, гідрагеахімія, прамысл. расолы і мінер. воды. Навук. працы па геахіміі мінер. і прамысл. ёдзістых раствораў, гідрагеахіміі асобных элементаў, паходжанні нафты і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Гидрогеология, гидрогеохимия йода. Мн., 1976;

Газовый режим Припятского прогиба. Мн., 1982 (разам з В.​М.​Бураком);

Гидрогеология и рассолы Припятского нефтегазоносного бассейна. Мн., 1985 (разам з А.​А.​Махначом, У.​М.​Шымановічам);

Минеральные воды Беларуси. Мн., 1994 (разам з М.​Г.​Ясавеевым);

Геофлюидодинамика и нефтегазообразование. Мн., 1997 (разам з Р.​Я.​Айзбергам, Р.​Г.​Гарэцкім);

Подземные воды Беларуси. Мн., 1998 (разам з В.​І.​Пашкевічам, М.​Г.​Ясавеевым).

т. 18, кн. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМІРО́ЎСКІ Яўген Львовіч (н. 21.4.1925, г. Кіраваград, Украіна),

расійскі гісторык-славіст, даследчык бел. л-ры. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1975). Чл.-кар. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1991), замежны чл. АН Рэспублікі Чарнагорыя (1996). Скончыў Маскоўскі завочны паліграф. ін-т (1950). Працаваў ва Усесаюзным НДІ паліграф. машынабудавання (1950—73), у 1973—82 у Дзярж. б-цы СССР імя Леніна, у 1982—93 ва Усесаюзнай кніжнай палаце. З 1993 гал. навук. супрацоўнік Рас. дзярж. б-кі. Даследуе гісторыю слав. кнігадрукавання, тэорыю кнігазнаўства. Аўтар кніг «Узнікненне кнігадрукавання ў Маскве: Іван Фёдараў» (1964), «Пачатак славянскага кнігадрукавання» (1971), «Пачатак кнігадрукавання на Украіне: Іван Фёдараў» (1974), «Пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве: Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны» (1978), «Іван Фёдараў на Беларусі» (1979), «Іван Фёдараў. Каля 1510—1583» (1985), «Іаган Гутэнберг. Каля 1399—1468» (1989), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка», «Па слядах Францыска Скарыны» (абедзве 1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Gesamtkatalog der Fruhdrucke in kyrillischer Schrift. Bd. 1—3. Baden-Baden, 1996—98;

Почеци штампарства ў Црној Гори. Цетинье, 1996.

Літ.:

Евгений Львович Немировский: Биобиблиогр. М., 1991.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)