НОТАДРУКАВА́ННЕ,

паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.

Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.​Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.​Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.​Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.​Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.​Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.​Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.​Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.​Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.​Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.​Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.​Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).

На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл. Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.​Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.

Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.

Літ.:

Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;

Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Л.​П.​Касцюкавец.

Да арт. Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.​Міладоўскага.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.

Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.​Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.​Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.​Аляксандраў, кампазітар І.​Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.​Хрэннікаў; рэж. усіх І.​Пыр’еў), а таксама фільмы І.​Саўчанкі, А.​Іваноўскага, Р.​Рашаля, Э.​Разанава і інш.

У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.​Вернер, У.​Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.​Гаўронскі і У.​Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.​Дунаеўскі, апошняга разам з І.​Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.​Сплашноў, кампазітар Б.​Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.​Чацверыкоў, кампазітар Я.​Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.​Купалы, 1981), рэж. Б.​Луцэнка, кампазітар С.​Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.​Яфрэмаў, кампазітар А.​Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.​Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.​Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.​Куляшова, 1968, рэж. В.​Карпілаў, кампазітар Г.​Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.​Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.​Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.​Пукста (1983, рэж. А.​Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.​Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.​Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.​Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.​Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.​Арлоў, муз. Глебава, В.​Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.​Шавялевіч, муз. А.​Спендыярава, балетмайстар В.​Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.

Корш-Саблін, М.​Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.​Цікоцкага, 1968, рэж. П.​Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.​Перліна, 1995; рэж: абодвух М.​Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.​Багатырова, 1998, рэж. С.​Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.​Праваторава, 1998, рэж. М.​Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.​Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.​Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.​Лысятаў, С.​Гайдук, аператар М.​Сідорчанка) і інш.

Літ.:

Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;

Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;

Шилова И.М. Музыкальный фильм. М., 1984.

А.​А.​Карпілава.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),

1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.

2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.​Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).

3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).

4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).

5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.

Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.

Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.​Рымшы, Я.​Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, А.​Рыпінскага, П.​Багрыма, У.​Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт. Беларусь.

Літ.:

Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. Мн., 1983;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мв., 1987;

Кавалёў С.В. Як пакахаць ружу: Літ.-крытыч. арт. пра маладую бел. паэзію 80-х гг. Мн., 1989.

А.​М.​Андрэеў, У.​В.​Гніламёдаў (бел. паэзія).

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во, часціца ўказальная.

Разм.

1. Ужываецца ў тых выпадках, калі трэба паказаць што‑н., звярнуць на што‑н. увагу. — Во, во, гэтыя во, — тыцкаючы пальцам на Юзіка, і Лёню, крычала Зося. Дуброўскі. [Зелянюк:] — Сядай, Таццяна, бліжэй, во сюды. Зарэцкі. — Во, сом плёснуў, — нечакана гаворыць [Сабіна]. Ракітны.

2. Ужываецца, калі трэба выказаць здзіўленне, нежаданне, здавальненне або нездавальненне, абурэнне. З натоўпу выбраўся Хведар. Доўга ціснуў руку, гаварыў: — Во малайчына, што прыйшоў. Асіпенка. Цяжка, сорамна было вяртацца дамоў, у калгас, да бацькоў. Засмяюць усе. Кожны скажа: — Во, не звала, правалілася. Кавалёў.

3. Ужываецца пры пытальных і адносных займенніках і прыслоўях, калі трэба акцэнтаваць на нечым увагу. [Зелянюк:] — Ты мне во што скажы, Таццяна, дзе, у каго тут найлепш мне асяліцца? Зарэцкі.

4. Ужываецца, калі трэба пацвердзіць сказанае некім. Алёша аж закрычаў, так здзівіўся: — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Трэба зямлю вапнаваць. — Во! Чула? — Шэмет аж абярнуўся да.. [Іры]. Лобан.

5. Ужываецца, калі трэба падвесці вынік сказанаму. [Суседка:] — Дык во, Клаўка, які твой каханенькі-родненькі,.. пачытай, што яму першая жонка піша. Гроднеў. — Во як, во як бывае... — тоненька заспявала [Ліпа], склаўшы па грудзях натруджаныя рукі. Ракітны.

6. у знач. выкл. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай афарбоўкі сказа. — Во далі! — радаваўся Сцёпка. — Не палезе цяпер... Хомчанка.

7. у знач. вык. Выдатна ці выдатныя. [Хлопец:] — Людзі ўсё — во! Адзін да аднаго, як на падбор. Дружныя, таварыскія. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меркава́ць, мяркую, мяркуеш, мяркуе; незак.

1. Гаварыць, разважаць, абмяркоўваючы што‑н.; думаць. Доўга сядзелі Глушкевіч з Нічыпарам пры лямпе, доўга меркавалі, дзе і што будаваць. Дуброўскі. [Карніцкі:] — Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагуль[ва]ць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Паслядовіч.

2. Рабіць якія‑н. вывады, дапушчэнні, здагадкі. Паводле слоў самога доктара можна было меркаваць, што вельмі многія яго таварышы працуюць у вялікіх гарадах. Васілевіч. Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два амаль не выходзіў з свае зямлянкі. Што ён там рабіў — таксама ніхто дакладна не ведаў. Кожны меркаваў па-свойму. Шамякін. // Лічыць неабходным, найбольш магчымым, патрэбным. — Самі ўжо мяркуйце, што рабіць: пакараць ці дараваць волю... Васілевіч. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

3. Мець намер, план. У самыя бліжэйшыя дні Сяргей меркаваў узяцца за складанне глебавай карты калгаса. Шахавец. Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

4. Ацэньваць якім‑н. чынам, рабіць заключэнне. [Апейка:] — Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што і як вы будзеце рабіць... Мележ. [Камандзір:] — Яно-то праўду гавораць, што па знешняму выгляду нельга меркаваць аб сіле чалавека. Шамякін.

5. Разм. Прымяраць, прыкідваць. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дно, дна, н.

1. Грунтавая паверхня пад вадой. Дно рэчкі. Дно мора. □ Дно возера пясчанае, чыстае, і ўсё відаць, як на далоні. Гамолка. // Ніжняя частка якога‑н. паглыблення на паверхні зямлі. Дно ямы. Дно рова. □ [Лубян] кожны раз з маўклівай радасцю сустракаў Карпа. Як роднага сына, браў на рукі Віцю, гушкаў яго. Потым яны садзіліся на дно акопа і моўчкі сядзелі. Шамякін.

2. (мн. дны, дноў). Ніжняя сценка або ніжняя частка якой‑н. пасудзіны, прадмета. Дно бутэлькі. Дно скрыні. Дно бочкі. □ На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Лодка] ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. перан.; чаго. Глыбінная частка чаго‑н. Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. Зарэцкі. [Ігнась], пакорпаўшыся дзесьці на дне памяці, парашыў, што ў сварцы вінна Люба, а не ён. Мурашка.

4. перан. Прыгнечаныя, абяздоленая частка капіталістычнага грамадства. Не кляніце мяне, Што так смутна пяю, Бо і так там на дне Душу змучыў сваю. Купала.

•••

Без дна — вельмі глыбокі (пра вадаём).

Да дна — поўнасцю, да канца (зведаць, скарыстаць што‑н.).

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Ісці на дно гл. ісці.

На дне — нямнога, трошкі (засталося, пакінута і пад.).

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ну́мар, ‑а, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.

4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.

7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.

8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.

[Ад лац. numerus — лік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ша, ‑ы, ж.

1. Празмерны дастатак, багацце. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлопец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. [Вера:] — Не з раскошы я дала згоду ісці за .. [Адама] замуж. Дамашэвіч. // Празмернасць у выгодах; камфорт. І вось цяпер .. за ўсю гэту раскошу, якой цэлае лета цешацца «дачнікі» — дальняя і блізкая радня — за ўсё гэта Міхал Няронскі расплачваецца. Васілевіч. // Што‑н. лішняе, не першай неабходнасці (пра прадметы, учынкі і пад.). — Я купіла табе самае лепшае мыла, самога Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... — Навошта гэта непатрэбная раскоша? Шамякін. — Зараз у нас рукі не цалуюць, не модна. Лічаць гэта панскай раскошай. Машара.

2. Пышнасць, велічнае хараство. — Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць, — смяяўся .. [Турсевіч]. Колас.

3. Багацце, пышнасць (прыроды, расліннасці). За акном буяў у раннямайскай раскошы сад. Ліс. Агародчык напаўняўся той раскошай, якой не мог не заўважыць кожны. Вітка.

4. Прастора, свабода. Пасля зазерскага і скобраўскага малазямелля і цеснаты — тут сапраўды была раскоша. Пальчэўскі.

5. у знач. вык. Разм. Пра тое, што выклікае задавальненне, захапленне. Стол — раскоша. На ім віно, гарэлка, закуска. Навуменка. — Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаеш, і ўсе навіны, і розныя парады... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свято́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свята. У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. // Які наладжваецца ў гонар свята, праводзіцца ў час свята, звязаны са святам. Святочны салют. Святочны канцэрт. □ Стравы на святочны стол падаюцца ў наступным парадку. Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты і іншае. Пасля халодных закусак можна падаваць гарачыя стравы. «Звязда». Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачысты. Святочны марш. Святочная музыка.

2. Прыбраны, прыгожы, не будны. Аднекуль з’явіліся школьнікі з кветкамі, з чырвонымі сцяжкамі, і вуліца стала ўрачыстая, святочная. Карпаў. // Прызначаны для свята. Хай роўнаю стане Між днямі нядзеля — Святочнае ўбранне Дзень кожны надзене. Непачаловіч. То.. [настаўніка] бачылі ў святочным новенькім гарнітуры, калі ён з’яўляўся на заняткі або ішоў на прагулку, то ў звычайным рабочым, калі ён корпаўся ў садку. Якімовіч. Назаўтра.. [Аксеня] прайшлася перад маім акном у новым святочным плацці. Лупсякоў. / у знач. наз. свято́чнае, ‑ага, н. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае. Бядуля.

3. перан. Урачысты, узняты, вясёлы, шчаслівы (пра чалавека). Ішоў к табе я на сустрэчу Святочны, шчасны, малады. Прыходзька. Нупрэй не прапускае ніводнай сынавай лекцыі. У клубе сядзіць на першым радзе — яснатвары, святочны. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. У цэху святочны настрой. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)