яндо́ўка Крынічнае паглыбленне на схіле гары; чашападобная ўпадзіна; вельмі нізкі заліўны луг (в. Шаламы Слаўг.).

ур. Яндоўка (нізкі луг побач з х. Андрэеўка) каля в. Шаламы́ Слаўг., ур. Яндоўка (крынічнае паглыбленне на схіле Чыжыкавай гары) у в. Шаламы́ Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

купе́ла

1. Балотца, круглая ўпадзіна сярод поля, лугу (Слаўг.).

2. Паглыбленне ў пяску, дзе купаюцца куры, або ў засеве, дзе яны выбіраюць зерне (Слаўг.).

ур. Гаўры́льчыкава купела (паглыбленне з вадой) каля в. Шаламы Слаўг., ур. Купела (поле) каля в. Целяшы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

НА́РАЎСКА-Я́СЕЛЬДЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Гродзенскай і ПнЗ Брэсцкай абласцей, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Баранавіцкай раўнінай на У, Пружанскай раўнінай на Пд, заходзіць у межы Польшчы на 3. Выш. 155—185 м, пл. каля 1500 км², працягласць з 3 на У 70 км, з Пн на Пд 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В.А.Дзяменцьева, Н.-Я.р. знаходзіцца ў межах Заходне-Бел. правінцыі і вылучаецца як фізіка-геагр. падраён Прыбугскай раўніны; інш. даследчыкі адносяць яе да Палесся.

Н.-Я.р. ў асноўным прымеркавана да паўн. ч. Брэсцкай упадзіны (гл. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.

Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асн. рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асн. марэны выш. да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўж. некалькі дзесяткаў метраў, выш. да 6 м), лагчынамі (глыб. 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (выш. 1—2 м). Гал. рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўн. ч. — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невял. ўчасткі з дубровамі. Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс. га асушана. На тэр. раўніны ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.

В.​М.​Фядзеня.

т. 11, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раво́к

1. Звычайна сенажатная ўпадзіна паміж узгоркамі (Слаўг., Чэр. Бяльк.), дзе часта цячэ ручай (Бых., Рагач.).

2. Ставок на сухадольнай упадзіне (Слаўг.).

3. Канаўка (БРС).

ур. Брагідоўскі равок каля в. Заспа Рэч., ур. Давыдзёнкаў равок (ручай, сенажаць) каля в. Шаламы Слаўг., воз. Равок каля в. Кульшычы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далі́на

1. Падоўжаная прырэчная ўпадзіна; нізіна (БРС). Тое ж даліна́ (Гом., Кап., Слаўг.).

2. Ніз (Жытк., Палессе Талст.).

3. Нізкае месца на полі, дзе стаіць вада (Стол.), 4. Доўгі сухадольны яр, які выходзіць да ракі (Гродз., Панямонне).

ур. Далі́на (луг) каля в. Бабры Лід., ур. Зялёная даліна (яр) Гродз. (Зап., 224).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

РАСТО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдЗ Расійскай Федэрацыі, у Перадкаўказзі. Абмываецца Таганрогскім зал. Азоўскага м. Утворана 13.9.1937. Пл. 100,8 тыс. км². Нас. 4341 тыс. чал. (2000), гарадскога 68%. Цэнтр — г. Растоў-на-Доне. Найб. гарады: Таганрог, Шахты, Валгадонск, Новачаркаск, Навашахцінск, Батайск, Каменск-Шахцінскі, Сальск.

Рэльеф пераважна раўнінны. На Зусх. адгор’і Данецкага кража (выш. 253 м), на Пн — Данская града, на ПдУузв. Ергені, на Пд — Кума-Маныцкая ўпадзіна і Сальска-Маныцкая града. Паверхня парэзаная далінамі рэк, ярамі, лагчынамі. Карысныя выкапні: кам. вугаль (ч. Данецкага вугальнага басейна; запасы 6576,8 млн. т), флюсавыя вапнякі, тугаплаўкія гліны, кухонная соль, прыродны газ і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C на Пн да -5 °C на Пд, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Северскі Данец, Чыр (справа), Сал, Маныч (злева), выкарыстоўваецца для арашэння. Найб. воз. Маныч-Гудзіла. Буйныя вадасховішчы Цымлянскае, Вясёлаўскае, Пралетарскае. Глебы чарназёмныя, на У цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы, у поймах рэк алювіяльна-лугавыя. Амаль усе прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі разараны, лясы захаваліся ў ярах і лагчынах (дуб, клён, ясень, вяз). Лясістасць 2,4%. Растоўскі запаведнік.

Р.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавога прадукту на долю прам-сці прыпадае 24,3%, сельскай гаспадаркі — 14,8%, буд-ва — 8,5%, транспарту — 8,6%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1998): электраэнергетыка (Новачаркаская ДРЭС, Цымлянская ГЭС, Растоўская АЗС) — 25,4%; машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. с.-г. (збожжаўборачныя камбайны, культыватары і інш.), энергет., вытв-сць электравозаў, экскаватараў, верталётаў, кавальска-прэсавага, металург., нафтавага і гандл. абсталявання, металаапр. станкоў, інструментаў, оптыка-мех., бытавых электрапрылад і інш. — 20,2%; харч. (мясная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная) — 17,5%; паліўная (здабыча кам. вугалю, прыроднага газу) — 12,6%. Развіта чорная і каляровая металургія (ліставы пракат, сталь, трубы для нафтавай і газавай прам-сці), хім. і нафтахім. (тэрмапластмасы, лакі, фарбы, гумава-тэхн. вырабы, мыйныя сродкі), лёгкая (швейная, гарбарна-абугковая, трыкат.), дрэваапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,3 млн. га, у т. л. ворныя землі 6 млн. га (1998). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, рыс, кукуруза, проса), тэхн. (сланечнік, клешчавіна, каляндра, гарчыца), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак, 1935 км. Асн. чыгункі: Масква—Харкаў—Баку, Масква—Растоў-на-Доне—Новарасійск, Валгаград—Сальск—Ціхарэцк. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс. км. Суднаходства па рэках Дон, Северскі Данец, Зах. Маныч, Азоўскім моры. Марскі порт — Таганрог, рачныя парты — Растоў-на-Доне, Усць-Данецкі, Курорты — Маныч, Вёшанскі.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калдо́біна

1. Прыродная круглая ўпадзіна з вадой (Слаўг.). Тое ж калдоба, калду́жына (Азяр., Лёзн. Касп., Віц. Нік. 1895).

2. Яма на дарозе, выбітая коламі і запоўненая вадой (БРС). Тое ж калдаві́на (Беш. Касп.), калдоба (Азяр. Касп., Віц. Нік. 1895, Стол.), калду́жына (Лёзн. Касп.), каловіна (Мін.).

3. Яма, рыцвіна, вымытая вадой (Нас.); глыбокая яма ў вадзе (БРС). Тое ж калдобніна (Палессе Талст.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбінаўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбінаўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),

мезазой

[ад мез(а)... + грэч. zōe жыццё],

другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.​Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).

У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл. Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч. Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.

Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на Пд Усх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.

На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр. ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах. ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)