МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛАМА́НДЭР»

(Salamander),

абутковая кампанія Германіі, найбуйнейшая ў Зах. Еўропе па выпуску абутку. Вырабляе таксама сродкі догляду абутку, скураныя вырабы, хімікаты, вырабы з фарфору, займаецца страхавымі і фін. аперацыямі, гандлем. Засн. ў 1885 як абутковая ф-ка І.​Сігле, з 1930 — сучасная назва. Размешчана ў г. Карнвестгайм. Мае 11 з-даў, у т. л. 8 у Германіі, даччыныя фірмы ў Швейцарыі, Аўстрыі і Францыі. Занята ў вытв-сці 3,3 тыс. чалавек. На Беларусі працуе сумеснае з «С». прадпрыемства «Белвест».

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР (Міхаіл Львовіч) (Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.​Г.​Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Hess) Вальтэр Рудольф) (17.3.1881, г. Фраўэнфельд, Швейцарыя — 12.8.1973),

швейцарскі фізіёлаг. Д-р медыцыны (1906). Вучыўся ва ун-тах Швейцарыі і Германіі (1900—05). З 1913 выкладаў фізіялогію ва ун-тах Цюрыха і Бона, у 1917—51 праф. і дырэктар фізіял. ін-та ў Цюрыху. Вызначыў механізм, які каардынуе ўздзеянне прамежкавага мозга на ўнутр. органы, яго інтэгратыўную ролю ў здзяйсненні вегетатыўных, паводзінскіх і рухальных рэакцый, тапаграфічнае прадстаўніцтва эмоцый «раз’юшанасці» і «страху» ў прамежкавым мозгу. Нобелеўская прэмія 1949 (разам з А.К.Монішам).

В.Ф.Гес.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЛІТЭ́ (франц. moralité),

жанр павучальнай алегарычнай драмы зах.-еўрап. тэатра 15—16 ст. Узнік у Францыі (п’еса «Разважлівы і Неразумны», 1436). Быў пашыраны ў Англіі, Галандыі, Швейцарыі, Італіі. Асн. дзейныя асобы — алегарычныя персанажы, якія ўвасаблялі розныя дабрадзейнасці і заганы (Вера, Справядлівасць, Сквапнасць і інш.) і вялі барацьбу паміж сабой за душу чалавека. Сюжэты М., рэліг. па духу, але свецкія па форме, узнаўлялі пэўныя сітуацыі рэальнага жыцця, што адрознівала яе ад містэрыі і міракля. Шырока ўжывалася ў школьнай драме 18 ст.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНБЕРНА́Р, бернардзінскі сабака,

парода буйных дэкаратыўна-вартаўнічых сабак. Выведзена ў 13—14 ст. у Швейцарыі. Назва ад аднайм. кляштара (Швейцарскія Альпы), дзе яна выкарыстоўвалася для пошуку людзей у гарах.

Магутныя, маларухомыя сабакі грубай і рыхлай канстытуцыі. Выш. ў карку 65—70 см. Касцяк масіўны. мускулатура аб’ёмістая. Галава вял., шырокая. Вушы звіслыя. Скура рыхлая, утварае складку і адвісласці. Масць белая з рыжымі плямамі, рыжа-пярэстая розных адценняў. Грудзі, лапы, морда каля носа і канец шаблепадобнага хваста белыя. Даўга- ці караткашэрсныя.

Сенбернар.

т. 14, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКАЯ (Настасся Аляксандраўна) (н. 19.12.1944, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

Ф.​Габер.

т. 4, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРС (Мікалай Карлавіч) (21.5.1820, г. Радзівілаў, цяпер Чырвонаармейск, Украіна — 26.1.1895),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Правадз. тайны саветнік (1878), статс-сакратар (1879), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1876). З 1838 на дыпламат. службе: надзвычайны пасланнік у Іране (з 1863), Швейцарыі (з 1869) і Швецыі (з 1872). З 1875 кіраўнік Азіяцкага дэпартамента і таварыш (нам.) міністра замежных спраў, сенатар. З 1882 міністр замежных спраў і чл. Дзярж. савета. Прыхільнік збліжэння з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, захавання «Саюза трох імператараў». Падпісаў Пецярбургскі дагавор 1881 з Кітаем, ратыфікаваў рус.-франц. ваен. канвенцыю 1893. Аўтар мемуараў.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)