ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),

птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.

Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.

Жоўтагаловы каралёк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).

Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.

Жоўцевы грыб.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУЙКІ́ (Charadrius),

род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.

Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.

т. 7, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГА́ЦІК (Clavariadelphus),

род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.

Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.

Рагацік язычковы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мелантэры́т

(ад гр. melanteria = чорная паста)

мінерал класа сульфатаў зялёнага, шэрага, шаравата-чорнага колераў са шкляным бляскам; выкарыстоўваецца для вырабу фарбаў, чарніла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пераво́зчык, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца перавозам цераз раку, возера.

2. Той, хто займаецца якімі‑н. перавозкамі.

3. Птушка сямейства сяўцоў з шаравата-бурай спінкай і белым брушкам. (Назва дадзена за манеру пералятаць са свістам з берага на бераг над самай вадой.) Асабліва багата на Піншчыне кулікоў. Тут прадстаўлены амаль усе асноўныя іх віды — кнігаўкі, турухтаны, .. перавозчыкі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУЯКІ́, ганабобель,

дурніцы (Vaccinium uliginosum),

від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.

Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.

Буякі.

т. 3, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАЦЫ́Т (ад грэч. anthrakitis від вугалю),

выкапнёвы вугаль найвышэйшай ступені вуглефікацыі. Колер шаравата-чорны і чорна-шэры. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1500—1700 кг/м³. Не спякаецца. Мае вугляроду 94—97%, вадароду 1—3%. Удзельная цеплыня згарання 33,8—35,2 МДж/кг. У гаручай масе да 9% лятучых рэчываў. Найб. колькасць антрацыту ўтварылася ў выніку рэгіянальнага метамарфізму пры апусканні вугляносных тоўшчаў у вобласць павышаных тэмператур (350—550 °C) і ціскаў. Высакаякаснае бяздымнае энергет. паліва, тэхнал. сыравіна ў горнай і каляровай металургіі, хім., электратэхн. прам-сці (вытв-сць карбідаў, электродаў і інш.). Гал. радовішчы антрацыту ў Расіі, на Украіне, у ЗША, Кітаі.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮГО́НЬ (Dugong dugon),

воднае млекакормячае сям. дзюгоневых атр. сірэн; адзіны від. Жыве ў Індыйскім і зах. ч. Ціхага ак. каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, а-воў Рукю, Маршалавых і Саламонавых. Зрэдку заходзіць у вусці рэк. Трымаецца па адным або парамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—3,2 м (да 5,8 у самцоў), маса да 170 кг Тулава верацёнападобнае. Спіна зеленаватая, шаравата-бураватая або чарнаватая, бруха ружаватае або белаватае. Хваставы плаўнік двухлопасцевы, гарызантальны. Галава невял., маларухомая. У кожнай сківіцы 1 пара разцоў і 2 пары карэнных зубоў. У самцоў верхнія разцы ператварыліся ў біўні даўж. 20—25 см. Корміцца воднай расліннасцю. Нараджае 1 дзіцяня.

Дзюгонь.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМЕ́ННІК (Anser fabalis),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.

Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.

Гуменнік.

т. 5, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)