піракатэхі́н

(ад піра- + катэху)

арганічнае злучэнне класа фенолаў, якое з’яўляецца састаўной часткай смол акацыі катэху і некаторых танінаў; выкарыстоўваецца для сінтэзу фарбавальнікаў, лекавых прэпаратаў, як праявіцель у фатаграфіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

батахро́мы

(ад гр. bathos = глыбіня + chroma = колер)

атамныя групы, прысутнасць якіх у малекулах фарбавальнікаў паглыбляе колер і мяняе ў паслядоўнасці: бясколерны — жоўты — аранжавы — чырвоны — фіялетавы — сіні — блакітны — зялёны — чорны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крэзо́л

(ад гр. kreas = мяса + -ол)

арганічнае злучэнне класа фенолаў з характэрным пахам, якое змяшчаецца ў каменнавугальнай і дрэўнай смале; выкарыстоўваецца для вырабу фарбавальнікаў, медыцынскіх прэпаратаў, выбуховых і пахучых рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

талуо́л

(ад ісп. Tolu = назва горада ў Калумбіі + -ол)

арганічнае злучэнне, вуглевадарод араматычнага рада, бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, якая выкарыстоўваецца для атрымання фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, лекавых прэпаратаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРОМ (лац. Bromum),

Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў ​79Br (50,56%) і ​81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (​80Br, ​82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.​Баларам (1826).

Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

Літ.:

Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, йода и их соединений. М., 1979.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТЫ ў хіміі,

тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).

П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт.хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныянайб. пашыраны азапігменты (гл. Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.

Літ.:

Ермилов П.И., Индейкин Е.А., Толмачев И.А. Пигменты и пигментированные лакокрасочные материалы. Л., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нафталі́н

(рус. нафталмн, ад гр. naphtha = нафта)

арганічнае злучэнне, белае крышталічнае рэчыва з рэзкім пахам, якое здабываецца пераважна з каменнавугальнай смалы; выкарыстоўваецца для вырабу выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, а таксама для барацьбы з моллю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МА́НЧЭСТЭР (Manchester),

горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч. прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.

Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э. рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст. гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст. найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл. Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВІ́НА, карбамід,

амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.​Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.​Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.

Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.

А.​І.​Валожын.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл. Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.

Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л. геам. (гл. Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл. Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)