СУКЦЫНА́Т,

універсальны метабаліт, аніён бурштынавай кіслаты. Утвараецца пры акісленні і ўзаемапераўтварэнні вугляводаў, бялкоў, тлушчаў у клетцы.

Ёсць у тканках жывёл, раслін, мікраарганізмах; таксама ў бурштыне, смолах, бурым вуглі. У жывёльных арганізмах сінтэзуецца з сукцыніл-каферменту A, у нерв. тканцы — з бурштынавага паўальдэгіду. У раслінах і мікраарганізмах утвараецца пры расшчапленні ізалімоннай к-ты, пры сукцынат-прапіянатным браджэнні, узнаўленні фумаравай к-ты, метабалізме аргініну і путрэсціну. Удзельнічае ў сінтэзе глюкозы, тлустых к-т, парфірынаў; валодае адаптагеннай актыўнасцю, паляпшае мікрацыркуляцыю, нармалізуе энергет. і пластычны абмен, аказвае антысклератычнае ўздзеянне і інш. Белыя бясколерныя крышталі, малекулярная маса 118,09, tпл — 185 °C, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, ацэтоне; не раствараецца ў бензоле, хлараформе, чатыроххлорыстым вугляродзе. С. і яго вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне, таксама ў вытв-сці інсектыцыдаў, пластмас, поліэфірных смол, фарбавальнікаў.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)