КАГЭЛНІЧА́НУ (Kogálniceanu) Міхаіл (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),

румынскі і малд. паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).

М.Кагэлнічану.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 599

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,

нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.​Берэсфарду (прыбыў з англ. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.

т. 12, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),

значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл. Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x​3/3 − x​2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.

Літ.:

Гл. да арт. Дыферэнцыяльнае злічэнне.

А.​А.​Гусак.

Экстрэмумы функцыі y = x​3/3 − x​2 + ​1/3.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Б З КАЛІ́НАЎКІ (Каліноўскі, Калінаўка, Каліновіус; ? — 1583),

бел. гуманіст, ідэолаг левай, плебейска-сял. плыні радыкальна-рэфармацыйнага руху на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., антытрынітарый. Паслядоўнік Пятра з Ганёндза і М.Чаховіца. З 1560 прапаведнік у магната-кальвініста А.​Валовіча. У 1568 пакінуў гэту службу, верагодна, з прычыны актыўнага ўдзелу ў антытрынітарскім руху ў ВКЛ. З 1567 удзельнічаў у арыянскіх сінодах у Польшчы і ВКЛ. На сінодзе ў Скрынску (пад Радамам) абраны на дыспут з дытэістамі (пратэстанты, якія прызнавалі дваістую прыроду Бога). У 1568 разам з Паўлам з Візны палемізаваў з С.Будным на сінодзе ў Іўі (каля Валожына). Каля 1569 выехаў у Польшчу і там з групай сваіх прыхільнікаў з ВКЛ заснаваў у Ракаве (цяпер у Свентакшыскім ваяв.) прымітыўна-камуніст. рэліг. суполку. Каля 1575 знаходзіўся ў Любліне. На радзіму, напэўна, ён так і не вяртаўся. Выступаў супраць эксплуатацыі, свецкай улады, войнаў, адстойваў сац. і нац. роўнасць; прычынай сац. несправядлівасці лічыў прыватную ўласнасць.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая пол. XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​П.​Падокшын.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАН (Волян) Андрэй

(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),

палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).

Літ.:

Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;

Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ВА Мікалай Мікалаевіч (н. 31.1.1946, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). У 1976—78 выкладчык, у 1990—96 нам. дырэктара Мінскага маст. вучылішча. У 1982—84 маст. рэдактар час. «Маладосць». Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, экслібрысе ў тэхніках лінарыта, акварэлі, літаграфіі. У творах, якія вызначаюцца эмацыянальнай узнёсласцю, імкненнем да манументальнасці і эпічнасці вобразаў, лаканізмам графічнай мовы, распрацоўвае тэму гіст. і маст. спадчыны бел. народа. Аўтар партрэтаў К.​Каліноўскага (1976, 1977, 1978), Ф.​Багушэвіча, Цёткі, К.​Каганца, В.​Дуніна-Марцінкевіча (усе 1979), кампазіцыйнага партрэта «Вялікі князь Вітаўт» (1990); серый «Шляхамі Янкі Купалы», «За радкамі паэта» («Прысвячэнне Міколу Гусоўскаму», трыпціх; абедзве 1980), «Якуб Колас. Маладыя гады», «Родны кут Якуба Коласа» (абедзве 1982), «Крокі ў неўміручасць. Подзвіг Т.​Лук’яновіча» (1985), «З вандровак па Беларусі» (1977—96); акварэляў «Успаміны пра Гальшаны» (1972), «За волю, роўнасць, незалежнасць» (1994—96), «Купалавы Ляўкі», «На радзіме А.​Т.​Касцюшкі» (абедзве 1997), «Шляхамі Язэпа Драздовіча» (1996—98) і інш., Аформіў альбом «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1985), творы К.​Каганца, В.​Каратынскага, Я.​Купалы, Цёткі і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Купава. Алаіза Пашкевіч (Цётка). 1979.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.​Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1956.

Літ.:

Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЕР (Popper) Карл Раймунд (28.7.1902, Вена — 1994),

англійскі філосаф, логік, сацыёлаг. З 1945 у Вялікабрытаніі. У 1945—69 праф. Лонданскага ун-та, дэкан ф-та Лонданскай школы эканомікі паліт. навук. Філас. канцэпцыі (крытычны рацыяналізм, тэорыя росту навук. ведаў) будаваў як антытэзы неапазітывізму. Прапанаваў прынцып фальсіфікацыі (прынцыповай абвяргальнасці любога сцвярджэння), які служыць крытэрыем дэмаркацыі паміж навук. ведамі і ненавуковымі.

Навукай і метафізікай П. сцвярджаў існаванне свету фіз. з’яў, свету суб’ектыўных (ментальных і псіхічных) станаў свядомасці, а таксама свету аб’ектыўных ведаў. Выступаў за «адкрытае грамадства», уладу розуму, справядлівасць, свабоду, роўнасць і папярэджанне міжнар. злачынстваў. Паводле П., «закрытыя грамадствы» характарызуюцца верай у існаванне магічных табу ў адрозненне ад «адкрытага грамадства», дзе «людзі (у значнай ступені) навучыліся крытычна ставіцца да табу і грунтаваць свае рашэнні на сумесным абмеркаванні і магчымасцях уласнага інтэлекту». Асн. творы: «Беднасць гістарыцызму» (1957), «Логіка навуковага адкрыцця» (1959), «Прапановы і абвяржэнні. Рост навуковых ведаў» (1962), «Пастскрыптум да логікі даследавання» (т. 1—3, 1981—82), «Рэалізм і мэта навукі» (1983).

Тв.:

Рус. пер. — Логика и рост научного знания. М., 1983;

Открытое общество и его враги. Т. 1—2. М., 1992.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ТКІН (Zetkin) Клара (5.7.1857, в. Відэраў, Германія — 20.6.1933),

дзеяч герм. і міжнар. рабочага руху, адна з лідэраў міжнар. жаночага руху. Вучылася ў настаўніцкай навуч. установе (г. Лейпцыг, 1874—78). Чл. Герм. с.-д. партыі з 1881. З 1881 у эміграцыі ў Францыі, Аўстра-Венгрыі, Швейцарыі, Італіі, дзе ўдзельнічала ў с.-д. руху. Удзельніца заснавання Інтэрнацыянала 2-га (1889). Пасля вяртання на радзіму лідэр ням. жаночага сацыяліст. руху: У 1892—1917 кіравала выданнем с.-д. газ. ням. работніц «Die Gleichheit» («Роўнасць»), з 1907 сакратар Міжнар. жаночага сакратарыята, у 1910 ініцыіравала святкаванне Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка. У 1-ю сусв. вайну выступала з антываен. пазіцый, удзельнічала ў стварэнні леварадыкальнай «Групы Спартак» (1915—16, з ліст. 1918 «Спартака саюз»). З 1917 чл. Незалежнай с.-д. партыі Германіі, з 1919 Камуніст. партыі Германіі і яе ЦК. Дэп. герм. рэйхстага з 1920. З 1921 чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (да 1924 узначальвала зах.-еўрап., потым міжнар. жаночы сакратарыят). З 1925 старшыня Выканкома Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі. З 1920-х г. жыла пераважна ў СССР. У 1932 выступіла ў рэйхстагу з прамовай супраць фаш. пагрозы, за стварэнне адзінага антыфаш. фронту.

т. 17, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)