жэто́н, ‑а, м.

1. Металічны знак, які паказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі ці таварыства або выдаецца на памяць аб якой‑н. падзеі. Залаты жэтон.

2. Значок, часцей у форме металічнага кружка, які дае права на атрыманне чаго‑н. Жэтон на алей. Жэтон на сок.

[Фр. jeton.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сегрэга́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Адна з крайніх форм расавай дыскрымінацыі ў буржуазных дзяржавах, звязаная з абмежаваннем у правах па матывах расавай ці нацыянальнай прыналежнасць, палітыка прымусовага адасаблення нетраў і іншага «каляровага насельніцтва» ад «белых». Расавая сегрэгацыя.

2. Неаднароднасць хімічнага саставу некаторых металічных сплаваў. Сегрэгацыя дамешку сплаву.

[Ад лац. segregatio — аддзяленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЫСТАКРА́ТЫЯ (грэчаскае aristokratia літаральна ўлада найлепшых),

1) форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць вышэйшым прывілеяваным класам; процістаіць манархіі і дэмакратыі. У антычнай палітычнай тэорыі праўленне арыстакратыі лічылася найбольш кампетэнтным і бескарыслівым (у адрозненне ад тымакратыі, праўлення карыслівых людзей), блізкім да ідэальнага. Гэтая канцэпцыя развіта ў працах Піфагора і прадстаўнікоў яго школы, Платона, Арыстоцеля і іншых. У старажытнасці арыстакратычнымі рэспублікамі былі Спарта, Рым (6—1 стагоддзі да нашай эры), Карфаген; у сярэдневяковай Еўропе — Венецыя, Пскоўская і Наўгародская феадальныя рэспублікі і іншыя.

2) Замкнутая грамадская група, якая займае вышэйшае становішча ў грамадстве; прыналежнасць да яе вызначаецца паходжаннем і спадчыннасцю (радавая арыстакратыя). Існуе таксама паняцце пра арыстакратыю духоўную або інтэлектуальную.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ТЫ, касеі,

кісіі (акадскае кашы),

старажытныя плямёны, якія жылі ў гіст. вобласці Лурэстан (ПдЗ сучаснага Ірана) у 2—1-м тыс. да н.э. Этн. прыналежнасць дакладна невядома. Часткова насялялі дзяржаву Элам. З сярэдзіны 18 ст. да н.э. рабілі набегі на Вавілонію, да пач. 16 ст. заваявалі, у 1518—1157 да н.э. правілі ў ёй (т.зв. касіцкая дынастыя; найб. вядомы помнік архітэктуры гэтага перыяду — храм 15 ст. да н.э. цара Караіндаша ва Уруку).

Апошняга цара касіцкай дынастыі Эліль-надзіна-аху [1159—57 да н.э.] скінуў цар Элама Шутрук-Нахунтэ I, які заваяваў Вавілонію і падпарадкаваў К. У ант. крыніцах у апошні раз К. згадваюцца ў 324 да н.э. пры Аляксандру Македонскім.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НТАЛЬ Станіслаў Францавіч (10.4.1894, г. Білгорай Люблінскага ваяв., Польшча — 10.12.1937),

удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935). З 1915 у арміі. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. У 1918—20 у Чырв. Арміі, удзельнік баёў на Зах. фронце, камісар па польскіх справах Зах. вобл. З 1920 у органах дзярж. бяспекі: з 1921 нам. старшыні ЧК БССР, у 1923—24 старшыня ДПУ БССР, потым у АДПУ СССР. Канд. у чл. ЦБ КП(б)Б у 1923—24. Канд. у чл. ў 1922—24 і чл. ЦВК БССР у 1924. 19.7.1937 арыштаваны, 9.12.1937 неабгрунтавана прыгавораны да расстрэлу за прыналежнасць да т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай». Рэабілітаваны 7.3.1956.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎКЛІ́ДАВА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

геаметрычная тэорыя, якая аксіяматычным метадам вывучае найпрасцейшыя прасторавыя формы і прасторавыя суадносіны. Грунтуецца на сістэме аксіём, выкладзенай у «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.).

Узнікла як сукупнасць абстрактных уяўленняў аб будове рэальнай прасторы. Мае 5 груп аксіём, якія без доказаў вызначаюць зыходныя суадносіны (прыналежнасць. парадак. рух, неперарыўнасць, паралельнасць) паміж невызначальнымі (першаснымі) паняццямі (пункт, прамая, плоскасць). Глыбокае вывучэнне аксіяматыкі Э.Г., у прыватнасці аксіёмы паралельнасці, прывяло да стварэння Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі. афіннай і праектыўнай геаметрыі. Развіццё прыродазнаўства, у т. л. з’яўленне адноснасці тэорыі, паказала, што Э.г. апісвае рэальную прастору толькі з пэўнай ступенню дакладнасці. Гл. таксама Абсалютная геаметрыя, Геаметрыя, Неэўклідавы геаметрыі, Прастора, Эўклідава прастора.

А.​А.​Гусак.

т. 18, кн. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ісці́зна ’справядлівая справа, справядлівы іск, сапраўдная прыналежнасць’ (Нас.). Ст.-бел. истизна ’наяўныя грошы, наогул наяўнасць чаго-н.’ (Гарб.), ’уласнасць’ (1547 г., Булыка, Лекс. запазыч., 78) запазычана са ст.-польск. iścizna ’капітал, наяўнасць, уласнасць; істотная праўда, рэчаіснасць’. З польскага таксама ўкр. исти́зна ’сапраўдная сума’ (Жэлях.). Слаўскі (1, 472) лічыць паўн.-слав. утварэннем з суф. ‑izna ад *jьstъ (гл. існы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пры́нтэрны

(ад прынтэр)

1) друкарскі (апарат, устройства і г.д.);

2) які абазначае прыналежнасць да прынтэра (шрыфт, стужка, папера і г.д.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нацыяна́льнасць, ‑і, ж.

1. Тое, што і нацыя (у 1 знач.); народнасць (у 1 знач.). Сумесная барацьба з агульным ворагам яшчэ больш змацавала адзінства савецкіх людзей усіх нацыянальнасцей. «Звязда».

2. Прыналежнасць да якой‑н. нацыі, народнасці. Беларус па нацыянальнасці.

3. Нацыянальная самабытнасць. Нацыянальнасць мастацтва.

•••

Савет Нацыянальнасцей гл. савет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́да, -ы, ДМ -ро́дзе, мн. -ы, -ро́д, ж.

1. Разнавіднасць свойскіх жывёл (або раслін), якія адрозніваюцца пэўнымі прыметамі ад жывёл (або раслін) таго ж віду.

Бельгійская п. коней.

Вывесці новую пароду вішань.

2. перан. Разрад, тып людзей, якія адрозніваюцца ад іншых сваім унутраным складам, характарам, абліччам.

Чалавек волатаўскай пароды.

3. Прыналежнасць да якой-н. сацыяльнай групы, саслоўя (уст.).

4. Выкапнёвы мінерал, пласт у зямной кары.

Цвёрдыя пароды.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)