БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,
рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.
Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУТО́ХІНА-КУЖЭ́ЛЬНАЯ (Элеанора Аляксееўна) (н. 21.6.1932, С.-Пецярбург),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1982), праф. (1985). Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). З 1982 нам. дырэктара Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ, з 1993 заг. кафедры Бел. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі, з 1995 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па мікраэканоміцы і асновах агульнай эканам. тэорыі. Даследуе праблемы размеркавальных адносін і заработнай платы, функцыянавання і тыпалогіі эканам. сістэм, пераходныя станы ў эканоміцы.
Тв.:
Заработная плата: закономерности и пробл. формирования. Мн., 1978;
Трудовая активность и заработная плата. Мн., 1992.
т. 9, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),
англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».
т. 10, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ ТЭО́РЫІ,
эканамічныя тэорыі, якія разглядаюць узаемадзеянне паміж вытв-сцю і размеркаваннем яе вынікаў сярод удзельнікаў вытв-сці. Першапачаткова П.т. выступала ў выглядзе тэорыі фактараў вытв-сці (Ж.Б.Сей, К.Ф.Бастыя і інш), паводле якой кожны фактар вытв-сці (праца, капітал, зямля) удзельнічае ў стварэнні вартасці грамадскага прадукту і атрымлівае адпаведны даход у форме заработнай платы, прыбытку, рэнты. У канцы 19 ст. Дж.Б.Кларк распрацаваў тэорыю гранічнай прадукцыйнасці, у якой пад гранічным прадуктам разумеўся натуральны ўзровень даходу, што выплачваецца кожнаму з фактараў вытв-сці. П.т. цесна звязаны з гранічнай карыснасці тэорыяй.
т. 12, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.
т. 13, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шкала́
(лац. scala = лесвіца)
1) лінейка з дзяленнямі ў вымяральных прыборах (напр. ш. тэрмометра);
2) рад велічынь, размешчаных у сыходным або ўзыходзячым парадку (напр. ш. заработнай платы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
патарча́ка, ‑і, ДМ ‑чацы; Р мн. ‑чак; ж.
Кол, палка, якія тырчаць з зямлі. [Міхась] Пералазіў цераз платы, натыкаўся на патарчакі. Скрыган. // Ламачына, палка. Пракоп схадзіў па прылессе, назбіраў бярэмя сухіх патарчак і неяк расклаў агеньчык. Сіняўскі. Устаўшы, .. [капітан] абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́та, ‑ы, ДМ раце, ж.
Разм. Адна з частак агульнай платы, доўгу і пад. — Калі хочаце, з дазволу аддзела асветы я растэрміную гэтыя грошы на тры раты, калі хочаце — можаце плаціць адразу. Дубоўка. — Толькі за «Родныя з’явы» атрымаў сотню рублёў. У дзве ці ў тры раты... Лужанін.
[Лац.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тарыфіка́цыя
(фр. tarification, ад tarif < ар. ta’rif = вызначэнне)
вызначэнне тарыфу на аснове якой-н. класіфікацыі аб’ектаў абкладання або аплаты (напр. т. заработнай платы).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)