ПА́ПРАЎ (Глеб Валянцінавіч) (19.4.1914, г. Краснадар, Расія — 18.9.1986),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1932. Аўтар зб-каў вершаў «Справа славы» (1949), «Мы — мірныя людзі» (1951), «Мае сябры» (1958), «Адлегласці» (1964), «Тварам да агню» (1982) і інш., якія вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, рэаліст. адлюстраваннем рэчаіснасці. На рус. мову пераклаў вершы і паэмы А.​Пысіна (зб. «Мерыдыяны», 1968), вершы П.​Броўкі, Г.​Бураўкіна, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, У.​Дубоўкі, А.​Зарыцкага, А.​Звонака і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, Грахоўскі.

Тв.:

Стихотворения: Из разных книг. Л., 1975;

Третья жизнь: Стихи из разных книг. Л., 1984.

Т.​У.​Люковіч.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.​Бехера «Вяртанне да сябе», Р.​Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.​Брэхта, Г.​Лесінга, Г.​Веерта і інш.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЖЫ́НСКІ ((Pierożyński) Леан) (каля 1753—1827),

польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.​Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.​Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКАРЭ́ВІЧ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.11.1890, г. Слонім Гродзенскай вобл. —28.2.1942),

бел. гісторык, перакладчык. Д-р філал. н. (1940), праф. (1941). Скончыў Гродзенскую гімназію (1912), Петраградскі ун-т (1917). Ўдзельнічаў у рабоце Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, адзін з заснавальнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1919—22 выкладаў у Томскім, з 1925 — Ленінградскім ун-тах (з 1941 заг. кафедры), адначасова супрацоўнік навук. устаноў. Даследаваў бел. л-ру, гісторыю, мову і культуру славян. Пераклаў на рус. мову аповесць З.​Бядулі «Салавей» і зб. апавяд. Ц.​Гартнага «Трэскі на хвалях» (абодва 1928). Пасля смерці Б.І.Эпімах-Шыпілы (1934) захоўваў яго асабісты архіў.

В.​У.​Скалабан.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),

паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.​Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.​Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.​Барлетці пра Г.​Скандэрбега (1569), М.​Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.​Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.​Караваевай «Двор» (1931), А.​Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.​Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.​Лэ «Міжгор’е» (1932), К.​Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.​Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ (Арсен Георгіевіч) (21.5.1897, г. Шаўляй, Літва — 5.9.1989),

рускі перакладчык, літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Скончыў Вышэйшыя курсы пры Дзярж. ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе (1927). Друкаваўся з 1927. Пераклаў на рус. мову паэму П.​Труса «Дзесяты падмурак» (1947), аповесці Я.​Брыля «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1956), «Сірочы хлеб» (1957), «У сям’і» (1958), раман «Птушкі і гнёзды» (1964), раманы І.​Шамякіна «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1959), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974) і цыкл аповесцяў «Трывожнае шчасце» (1960—70, з П.​Кабзарэўскім), апавяданні Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, п’есы К.​Крапівы, творы інш. бел.пісьменнікаў.

Літ.:

Лиокумович Т. Переводчик с белорусского // Неман. 1977. № 5.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.​Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.​Сідарэнкам), Н.​Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.​Кошалем і С.​Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.​Вярцінскі, В.​Зуёнак, Лось.

Тв.:

Избранное. М., 1980;

Весна-общественница. М., 1987;

В светающих березах. Воронеж, 1990.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ (Сямён Львовіч) (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),

бел. перакладчык. Канд. філал. н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.​Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.​Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.​Э.​Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.​Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.​Рэна «Негр Нобі» (1962), П.​Джойса «Цікі» (1977), Д.​Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.​Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)