Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр.дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНСК
Сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці і раёна. Палітычны, эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Транспартны вузел: чыгункі на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель; аўтадарогі на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1741,4 тыс.ж. (2004). Тэр. 305 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. Мінск размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра, з частымі цыклонамі. Сярэднегадавая тэмпература паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студзеня да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна 1/3 прыпадае на халодны, 2/3 на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз Мінск працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.
Прамысловасць. Сярод рэгіёнаў Беларусі Мінск займае першае месца па аб’ёме прамысл. вытворчасці, на яго долю прыпадае больш за 21,3% таварнай прадукцыі краіны. У 2003 прамысловасць Мінска (з улікам малых і падсобных прадпрыемстваў) вырабіла прадукцыі на суму 7098 млрд.руб., у т. л. спажывецкіх тавараў на 2353 млрд.руб. На самаст. балансе знаходзяцца 284 прамысл. прадпрыемствы. У Мінску сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, тралейбусаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, трансфарматараў, пагрузчыкаў будаўнічых, буд. гіпсу, 96,2% аўтобусаў, 95,8% грузавых аўтамабіляў, 85% гарсэтных вырабаў, 81,2% шарсцяных тканін, 76,5% керамічнай пліткі глазураванай для ўнутр. абліцоўкі сцен, 73% прычэпаў і паўпрычэпаў аўтамабільных, 58,9% фетравых галаўных убораў, 56,5% падшыпнікаў качэння, 54,6% тэлевізараў, 46% маргарынавай прадукцыі, 45,6% дрэваапрацоўчых станкоў, 42,7% маянэзу, 32,7% кандытарскіх вырабаў, 32,3% мінеральных вод, 31,4% зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў; 27,3% снегаачышчальнікаў, 26,7% бульдозераў.
Машынабудаванне і металаапрацоўка — вядучая галіна прамысловасці горада, займае 1-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (54,3%, 2003). Развіта аўтамабільная прамысловасць. У 2003 выпушчана аўтамабіляў грузавых 17,4 тыс.шт., аўтобусаў — 480 шт., тралейбусаў 127 шт. РУП «Мінскі аўтамабільны завод» — найбуйнейшы на Беларусі і ў СНГ. У 1997 на яго базе створаны сумесныя бел.-герм. прадпрыемствы па вырабе грузавых аўтамабіляў «МАЗ—МАН» і па збыце вырабленай прадукцыі «МАЗ—МАН Трэйдзінг». Экспартуецца прадукцыя ў 70 краін свету. Працуе РУП «Мінскі завод колавых цягачоў». Вядучае месца ў СНГ сярод вытворцаў матацыклаў (32,8 тыс.шт.) і веласіпедаў (773,2 тыс.шт.) займае ААТ «Матавела».
Трактарнае і с.-х. машынабудаванне прадстаўляе ВА «Мінскі трактарны завод» — найбуйнейшы ў свеце вытворца трактароў класа 1,4—2,0 (26,6 тыс.шт.), 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе (2003). Яго прадпрыемствы-сумежнікі — РУП «Мінскі завод спецыяльнага інструменту і тэхналагічнай аснасткі», УП «Мінскі маторны завод», РУП «Мінскі завод шасцерняў».
У Мінску размешчаны 4 буйныя прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці: РУП «Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.М.Машэрава», РУП «МЗОР», УП «Станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава», ЗАТ «Мінскі інструментальны завод».
Важнымі галінамі машынабудаўнічага комплексу з’яўляецца будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне, вытворчасць абсталявання для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Найбуйнейшыя прадпрыемствы гэтага комплексу: ААТ «Амкадор-Ударнік», РУП «Белкамунмаш», УП «Завод Харчмаш», ЗАТ «Атлант» (у яго складзе Мінскі завод халадзільнікаў; 885,8 тыс.шт., 2003) і Мінскі завод бытавой тэхнікі.
Атрымала развіццё падшыпнікавая прамысловасць. ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод» вырабляе 600 тыпаразмераў падшыпнікаў (14,4 млн.шт., 2003). У 2004 створана даччынае прадпрыемства ЗАА «ДАР-МПЗ» па выпуску дэталей чыгуначных счапленняў.
Электратэхнічная прамысловасць прадстаўлена РУП «Мінскі электратэхнічны завод імя В.І.Казлова» — сілавыя (20,9 тыс.шт., 2003) і мнагамэтавыя трансфарматары і інш.
Прыладабудаванне, радыётэхнічная, электронная, сродкаў сувязі, оптыкамеханічная падгаліны прадстаўлены: НВА «Інтэграл» (у яго складзе УП «Завод паўправадніковых прылад», РУП «Завод «Электроніка», УП «Завод «Транзістар»), УП «Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава» (у складзе БелОМА), канцэрн «Планар», ААТ «Мінскае ВА вылічальнай тэхнікі», ААТ «Гарызонт» (тэлевізары 376,3 тыс.шт., 2003), ААТ «Мінскі прыладабудаўнічы завод» («Белвар»), ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод».
Харчовая прамысловасць займае 2-е месца па аб’ёме валавой прадукцыі (12,2%, 2003). У 2003 у Мінску выраблена мяса, уключаючы субпрадукты — 18 тыс.т, каўбасных вырабаў — 21,6 тыс.т, сыроў тлустых — 3,5 тыс.т, натуральнамалочнай прадукцыі — 195,7 тыс.т, мукі — 114 956 т, хлеба і хлебабулачных вырабаў — 144,4 тыс.т, дражджэй хлебапякарных — 14 693 т, кандытарскіх вырабаў — 41,6 тыс.т, маргарынавай прадукцыі — 7,5 тыс.т, маянэзу — 8806 т, піва — 8693 тыс. дал, гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў — 2707 тыс. дал, шампанскага — 882 тыс. дал, каньяку — 49 тыс. дал. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: УП «Мінскі мясакамбінат», УП «Мінскі мясаперапрацоўчы завод», ААТ «ГМЗ №1» «Гармалзавод №2», «Гармалзавод №3», УП «Мінскі холадакамбінат №2», РУП «Мінскхлебпрам» (у складзе аб’яднання 7 хлебазаводаў і некалькі міні-пякарань), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Дражджавы камбінат» (штодзённа вырабляе каля 60 т дражджэй), ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Камунарка» (кандытарскія вырабы, штогод выпускае 27 тыс.т), ААТ «Мінскі маргарынавы завод», РУП «Мінск «Крышталь» (штогод вырабляе больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту), РУП «Мінскі завод пеністых він», «Мінскі піўзавод ААТ «Крыніца» (да 7 млн. дал піва, больш за 1 млн. дал безалкагольных напіткаў), ААТ «Піўзавод «Аліварыя», сумеснае бел.-багамскае прадпрыемства «Аква Трайпл».
Электраэнергетыка займае 3-е месца ў прамысловасці Мінска па аб’ёме валавой прадукцыі (10,9%, 2003). Яна прадстаўлена РУП «Мінскэнерга», у складзе якога дзейнічаюць ЦЭЦ-2 (231 МВт), ЦЭЦ-3 (420 МВт), ЦЭЦ-4 (1030 МВт), ЦЭЦ-5 (330 МВт), раённыя і прамысл. кацельні. У 2003 выраблена электраэнергіі 7277 млн.кВт∙гадз, цеплаэнергіі — 13 766 тыс. Ккал.
Лёгкая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі: ААТ «Камволь», ААТ «Сукно», ААТ «Алеся» і інш. У 2003 выраблена шарсцяных тканін 3,8 млн.м², трыкатажных вырабаў — 204 тыс.шт. У складзе швейнай прамысловасці — ААТ «Элема» і «Мастра» (у 2003 выраблена 17 753 тыс.шт. швейных вырабаў). Сумеснае бел.-італьян. прадпрыемства ЗАТ «Мілавіца» ў 2003 выпусціла 9,8 млн.шт. гарсэтных вырабаў. Вядучае прадпрыемства абутковай прамысловасці — ААТ «Прамень», на базе якога створаны ТАА «Сівельга», сумесныя прадпрыемствы «Ле Гранд», «Отыка» і «Чаўляр» (мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак, 1,9 млн. пар, 2003).
Хімічная прамысловасць прадстаўлена: ААТ «Мінскі лакафарбавы завод» (лакі, фарбы, эмалі, грунтоўка; 2203 т, 2003); з 1994 на яго базе дзейнічае сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «ОЛІБЕЛА» (фарбы, эмалі, алкідны лак). У ліку буйных прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці ААТ «Мінскдрэў» (піламатэрыялы 48 241 м³, 2003), ААТ «Мінскмэбля», ААТ «Мінская мэблевая фабрыка імя Дзімітрава», ААТ «Мінскпраектмэбля», «Беларускія шпалеры» (26 308 тыс. умоўных кускоў, 2003). Працуюць таксама прадпрыемствы фармацэўтычнай, паліграфічнай, буд. матэрыялаў і інш. галін прамысловасці.
Аб’ём знешняга гандлю ў 2003 склаў 8,4 млрд. долараў ЗША, у т. л. экспарт 3,3 млрд. долараў (асн. экспартныя пазіцыі: трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, быт. халадзільнікі і маразільнікі, тэлевізары, матацыклы, веласіпеды). Тавары экспартуюцца ў 134 краіны свету. З агульнага аб’ёму экспарту на долю Расіі прыпадае 55,9%, астатніх краін СНД — 7%, за межамі СНД —37,1%. Імпарт з краін па-за СНД складае 28,9% агульнага аб’ёму імпарту, Расіі — 66,8%, астатніх краін СНД — 4,3%. Асн. гандлёвыя партнёры Мінска — гарады Расіі (62,5%), Германія (5,7%), Украіна (3,7%), Вялікабрытанія (3,6%), Латвія (2,6%).
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у Мінску 42 бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў (119,3 на 10 тыс.ж.), 328 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 54,4 тыс. наведванняў за змену (312,4 наведванняў на 10 тыс.ж. за змену), 5 дзіцячых санаторыяў на 200 ложкаў. Працавала 13 412 урачоў (77 на 10 тыс.ж.) усіх спецыяльнасцей, у т. л. 3270 тэрапеўтаў (18,8 на 10 тыс.ж.), 1961 хірург (11,3 на 10 тыс.ж.), 748 акушэраў-гінеколагаў (8 на 10 тыс.ж.), 909 педыятраў (36,4 на 10 тыс.ж.), 331 афтальмолаг (1,9 на 10 тыс.ж.), 257 отарыналарынголагаў (1,5 на 10 тыс.ж.), 471 неўрапатолаг (2,7 на 10 тыс.ж.), 443 псіхіятры (2,5 на 10 тыс.ж.), 90 фтызіятраў (0,5 на 10 тыс.ж.), 193 дэрматавенеролагі (1,1 на 10 тыс.ж.), 383 рэнтгенолагі і радыёлагі (2,2 на 10 тыс.ж.), 82 урачы па лячэбнай фізкультуры і спорце (0,5 на 10 тыс.ж.), 636 урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы (3,7 на 10 тыс.ж.), 1791 стаматолаг (10,3 на 10 тыс.ж.), 22 744 чал. сярэдняга мед. персаналу (130,6 на 10 тыс.ж.).
Асвета, навука, культура. На 1.1. 2004 у Мінску 427 дзіцячых дашкольных устаноў (68,9 тыс. дзяцей). У 2003—04 навуч.г. працавала 265 агульнаадукацыйных школ усіх відаў (220,1 тыс. вучняў), у т. л. 8 пачатковых (2,1 тыс. вучняў), 5 базавых (400 вучняў), 191 сярэдняя (179,5 тыс. вучняў), 37 гімназій (29,9 тыс. вучняў), 4 ліцэі (1,8 тыс. вучняў), 4 навучальныя комплексы: школа (гімназія) — каледж (1,5 тыс. вучняў), 8 школ для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (2,1 тыс. вучняў), 8 вячэрніх (зменных, 2,8 тыс. вучняў), 42 сярэднія спец.навуч. ўстановы (42,2 тыс. навучэнцаў). У Мінску 33 ВНУ, з іх 23 дзяржаўныя: БДУ, Акадэмія МУС і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел. медыцынскі ун-т, Бел. тэхналагічны ун-т, Бел. эканамічны ун-т, Бел.нац. тэхнічны ун-т, Бел. акадэмія мастацтваў, Бел. акадэмія музыкі, Бел. універсітэт фіз. культуры і інш. Ва ўсіх ВНУ 185,1 тыс. студэнтаў (2004). Працуе Нац. акадэмія навук Беларусі, якая аб’ядноўвае 61 навук. і навукова-вытворчую ўстанову: Навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава», ін-ты фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, малекулярнай і атамнай фізікі, біяарганічнай хіміі, генетыкі і цыталогіі, геал. навук, парашковай металургіі, гісторыі, электронікі, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору і інш.Навук. даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі праводзяцца таксама ў НДІ адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ і інш. Колькасць арганізацый, якія выконваюць даследаванні і распрацоўкі на 1.1.2003—187, колькасць персаналу, занятага даследаваннямі і распрацоўкамі — 23 353 чал.
На 1.1.2004 у Мінску 130 масавых бібліятэк (12 673 тыс.экз. кніг і часопісаў). Найбольшыя з іх Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Цэнтральная навук. бібліятэка імя Я.Коласа, Мінская абл. бібліятэка імя А.С.Пушкіна.
У Мінску 17 музеяў. З іх найбольшыя Нац. мастацкі музей Беларусі, Бел. музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі, Літаратурны музей Янкі Купалы, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У Мінску дзейнічае 12 тэатраў: Нац.акад. тэатр оперы, Нац.акад. тэатр балета, Нац.акад. тэатр імя Я.Купалы, Нац.акад.драм. тэатр імя М.Горкага, тэатр лялек Беларусі, Тэатр юнага гледача, Тэатр музычнай камедыі, Тэатр-студыя кінаакцёра, драм. тэатр «Дзе-Я?», маладзёжны тэатр, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор». Працуюць: Бел.дзярж. філармонія, Бел.дзярж. цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», заапарк; Дзярж.акад. харавая капэла, Дзярж.акад.нар. аркестр, Дзярж.акад.нар. хор, Дзярж.акад. сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі.
Фізкультура і спорт. На 1.1.2004 у Мінску 3519 спарт. збудаванняў, у т. л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спарт. залы, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спарт. збудаванняў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найбуйнейшых спарт. комплексаў Мінска і прыгарада алімпійская база «Стайкі», стадыёны «Дынама», «Трактар», «Спарт. аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», воднаспарт. камбінат, конна-спарт. комплекс «Ратамка», рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы», крыты каток «Юнацтва», Палац лёгкай атлетыкі, Палац тэніса, рэсп. Палац шахмат і шашак, лядовы палац спорту і інш.
Архітэктура і горадабудаўніцтва. У Мінску пад дзярж. аховай знаходзяцца 239 помнікаў горадабудаўніцтва і архітэктуры. Сярод іх арх. комплексы Верхні горад і Траецкае прадмесце; у стылях барока — Петрапаўлаўская царква (1612—13), касцёлы і кляштары бернардзінак (1633) і езуітаў (17 — пач. 18 ст.); класіцызму — царква Марыі Магдаліны (1847), будынак былых дзярж. устаноў (1852, арх. Л.Садоўскі і К.В.Хршчановіч), жылыя дамы па вуліцах Герцэна, (канец 18 ст., арх. Ф.Крамер) і Інтэрнацыянальнай (канец 18 — пач. 19 ст.); эклектыкі — былая жаночая Марыінская гімназія (1879), жылы дом па вул. Валадарскага (канец 19 ст.); мадэрну — жылыя дамы па вул. Кірава (арх. О.Краснапольскі), К.Маркса (арх. Г.Гай), Савецкай (арх. С.Гейдукевіч; усе пач. 20 ст.) і інш.
У 2-ю сусветную вайну Мінск моцна разбураны. На аснове «Эскіза планіроўкі Мінска» (1944, арх. М.Колі, І.Лангбард, А.Мардвінаў, Б.Рубаненка, У.Сямёнаў, Н.Трахтэнберг, А.Шчусеў) у 1946 распрацаваны генплан аднаўлення і развіцця горада ( ін-т «Белдзяржпраект», арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш., карэкціроўка ў 1951—52). На 1-м этапе (1944—54) забудоўваліся цэнтр. раёны і гал. гарадскія магістралі, у т. л. Ленінскі праспект (сучасны праспект Ф.Скарыны) ад Прывакзальнай пл. да пл. Я.Коласа; завершаны ансамбль пл. Перамогі з манументам Перамогі (арх. Г.Заборскі, У.Кароль), які стаў адным з кампазіцыйных цэнтраў Мінска. Узводзіліся жылыя раёны пры новых прамысл. прадпрыемствах. Аднаўляліся грамадскія даваенныя пабудовы — Дом урада, Дом афіцэраў, Тэатр оперы і балета (усе — арх. І.Лангбард), будынак ЦККПБ (арх. У.Вараксін, А.П.Воінаў) і інш., якія сталі акцэнтамі арх. ансамбляў горада.
Другі перыяд (канец 1950-х — 60-я г.) характарызаваўся ўзвядзеннем мікрараёнаў і ўключэннем іх у структурную арганізацыю горада, шырокім асваеннем метадаў індустрыяльнага будаўніцтва на аснове тыпізацыі праектаў жылых і грамадскіх будынкаў. У 1965 зацверджаны новы генплан (арх. Л.Гафо, Я.Заслаўскі, М.Кудзінаў, І.Люблінскі, А.Наканечны, Н.Трахтэнберг), арыентаваны на ўдакладненне зоны прамысл. і жыллёвага будаўніцтва. Буйныя жылыя масівы ўзводзіліся на свабодных тэрыторыях у межах горада. Мікрараённае будаўніцтва 4- і 5-павярховых дамоў вялося ўздоўж вуліц Арлоўскай (арх. А.Гуль, А.Кудравіцкі, В.Сахно і інш.), Апанскага (арх. Ю.Градаў, А.Гуль, В.Сахно), Чкалава (арх. В.Анікін, Л.Анікіна, Г.Трушнікава), па Магілёўскай шашы (арх. У.Афанасьеў, А.Гуль, Н.Шпігельман) і інш. Узведзены Палац спорту (1966, арх. В.Малышаў, С.Філімонаў), воднаспартыўны камбінат (1967, арх. В.Ладыгіна), будынкі заводаў гадзіннікавага (1956—61, арх. С.Баткоўскі, І.Боўт, Н.Шпігельман), халадзільнікаў (1968—75, арх. Л.Афанасьева, І.Боўт, М.Буйлава, А.Ганчароў, І.Некрашэвіч) і інш.
Асноўным кірункам трэцяга этапа (1970—80-я г.) было комплекснае вырашэнне сац. і горадабудаўнічых задач пры фарміраванні жыллёвай забудовы, узмацненне ўвагі да мастацка-эстэтычных задач і ўдасканаленне архітэктурнай творчасці ва ўмовах індустр. домабудавання. У 1974 складзены праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. часткі Мінска (арх. В.Анікін, А.Брэгман, Г.Горына, Ю.Градаў, Я.Дзятлаў, Я.Заслаўскі, І.Кароль, Л.Левін, Я.Ліневіч, Л.Патапаў, В.Сярогіна, Г.Фадзеева і інш.). Генплан 1982 (да 2000) прадугледжваў развіццё горада ў паўн.-зах. і зах. напрамках. Да канца 1980-х г. утварылася разгалінаваная шматвузлавая структура цэнтр. ядра горада. Па радыяльных напрамках сфарміраваны ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў (уздоўж праспектаў Машэрава, Партызанскага, вуліц Няміга, М.Багдановіча, Я.Коласа, Прытыцкага). Размяшчэнне аб’ектаў і забудова ажыццяўляліся з улікам перспектывы і рацыянальнага выкарыстання тэрыторыі. Блок-секцыйны метад праектавання і ўзвядзення пабудоў дазволілі палепшыць іх архітэктурна-маст. аблічча пры захаванні хуткіх тэмпаў будаўніцтва. 2-й кампазіцыйнай воссю цэнтра горада стаў водна-паркавы зялёны дыяметр уздоўж р. Свіслач, падмацаваны двума паркавымі паўкольцамі ўздоўж рэк Сляпянка і Лошыца. Забудоўваліся жылыя раёны Зялёны Луг, Усход, Чыжоўка, Серабранка, Малінаўка, Курасоўшчына, па вуліцах Ангарскай, Харкаўскай і інш. Сярод пабудоў грамадскага прызначэння: Палац мастацтва (1973, арх. Н.Краўкова, С.Мусінскі), Палац культуры чыгуначнікаў (1978, арх. Л.Анікіна), Палац рэспублікі (1986), кінатэатр «Кастрычнік» (1975, арх. В.Малышаў), выставачны комплекс «БелЭкспа» (1988, арх. В.Капылаў, Г.Ласкавая, Л.Маскалевіч, Г.Фядосенка), муз. вучылішча імя Глінкі (1975, арх. Г.Ласкавая, Л.Маскалевіч), карпусы БНТУ (1976—83, арх. В.Анікін, І.Есьман), Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1972, арх. А.Беразоўскі, Н.Шпігельман, Н.Якушка), гасцініцы «Турыст» (1972, арх. Л.Пагарэлаў) і «Беларусь» (1986, арх. Л.Кустова, Л.Пагарэлаў), Камароўскі рынак (1982, арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, У.Крывашэеў, М.Ткачук), аўтавакзал «Усходні» (1982, арх. Л.Кустова, Л.Пагарэлаў, В.Ягадніцкі). У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна (9 станцый), архітэктуры якога ўласцівы лаканізм, стрыманасць у выкарыстанні сродкаў маст. выразнасці, адпаведнасць тэматыкі архітэктурна-маст. вырашэння месцу размяшчэння станцый. У 1990-я г. сетка Мінскага метрапалітэна пашырана, уведзена ў эксплуатацыю 2-я лінія (11 станцый).
Новая стратэгія горадабудаўнічага развіцця (да 2010) распрацавана інстытутам «Мінскпраект» з удзелам інш. арганізацый і зацверджана ў 1991. Да сярэдзіны 1990-х г. горад развіваўся на аснове радыяльна-кальцавой сістэмы планіроўкі. Паводле новага генплана прадугледжваецца фарміраванне горада як сістэмы, расчлянёнай на асобныя зоны, звязаныя сеткай магістральных вуліц і размешчаныя ў шырокім лясным поясе ўздоўж асн. планіровачных восей па радыяльных напрамках. У аснову канцэпцыі пакладзена ідэя аб’яднання цэнтр. і перыферыйных раёнаў горада планіровачным каркасам, створаным на базе гал. транспартна-камунікацыйных восей і вузлоў. Перспектыўны генплан развіцця Мінска ўключае праектныя вырашэнні раёнаў з індывідуальнай забудовай, якія выходзяць за межы кальцавой аўтамаб. дарогі (Сёмкава, Юзуфова, Вішнёўка, Астрашыцкі Гарадок, Каралёў Стан, Сокал, Прывольны, Міханавічы, Пяцеўшчына-Крупіца, Фаніпаль, Гарадзішча, Ляхаўшчына-Хацежына, Заслаўе). Праект уключае 4 планіровачныя зоны ўнутры гар. ядра, размежаваныя 2-м гарадскім кальцом і чыгуначнымі лініямі маскоўскай, вільнюскай і брэсцкай дарог. Унутры гэтых зон знаходзяцца 35 планіровачных раёнаў, падзеленых сістэмай водна-зялёных прастораў і магістральных вуліц. Характар унутрыгарадской забудовы вызначаецца зніжэннем тэмпаў мікрараённага будаўніцтва, узвядзеннем будынкаў павышанай павярховасці, а таксама малапавярховых і індывідуальных жылых дамоў. У архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў назіраецца разнастайнасць форм, кампазіцыі ўскладняюцца і набываюць дынаміку. Адбываюцца змены ў канструкцыйна-тэхн. падыходзе да праектавання і будаўніцтва, пашыраецца прынцып вылучэння структуры нясучых элементаў і вонкавае ашкленне сцен. Інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва спарт., банкаўскіх, дзелавых, культурна-асветных устаноў і аб’ектаў транспарту. Сярод найб. арыгінальных пабудоў: паліклініка ў мікрараёне «Вяснянка» (арх. В.Крусь), ЗАГС Кастрычніцкага р-на (арх. А.Трусаў, А.Цэйтлін), Лядовы палац спорту па вул. Прытыцкага (арх. І.Боўт, Л.Патапаў, А.Шафрановіч), чыгуначны вакзал (І.Вінаградаў, М.Вінаградаў, В.Крамарэнка), офісны комплекс «XXI стагоддзе» (арх. Даніэль Бран, Зееў Нотэс, А.Корбут, В.Нікіцін), Мінсккомплексбанк па вул. Мяснікова (арх. А.Вараб’ёў), Нац. бібліятэка Беларусі (арх. М.Вінаградаў, В.Крамарэнка пры ўдзеле Я.Вінаградава, А.Грышана, Т.Несцерава, В.Пятроўскага); адноўлена стараж. Мінская ратуша.
В.М.Корзун (прамысловасць), Ю.Ю.Захарына (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Бел. фалькларыстыка як самастойная навука пра вусна-паэт., музычную, харэаграфічную, тэатральную нар. творчасць пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. і склалася ў 20 ст. Першыя пісьмовыя ўпамінанні пра нар.-паэт. творы трапляюцца ў «словах» Кірылы Тураўскага (12 ст.), летапісах і хроніках 14—16 ст., дзелавых дакументах (лісты Ф.Кміты-Чарнабыльскага, 1573—74; апісанні бел. сямейных абрадаў і ўзоры пахавальнага галашэння ў кн. «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» Я.Ласіцкага, 1582, і інш.). У 1618 С.Рысінскі апублікаваў (у Любчы, на лац. мове разам з польскімі) бел. прыказкі, запісаныя на Полаччыне і Віцебшчыне. 15 бел. песень трапілі ў рукапісны спеўнік 1733 (апубл. ў 1970 А.Макмілінам і Ц.Дрэйгам у «Оксфардскіх славянскіх запісках», т. 3). Бел. купальскую песню з апісаннем абраду змясціў А.Меер у «Апісанні Крычаўскага графства» (1786, апубл. ў 1901). У 1816—17 Віленскі універсітэт распрацаваў інструкцыю па зборы фалькл.-этнагр. матэрыялаў. Паводле яе М.Чарноўская ў 1817 апублікавала працу «Рэшткі славянскай міфалогіі, якія захаваліся ў звычаях вясковага люду на Беларусі (Магілёўская губ.)». Адзін з першых збіральнікаў і даследчыкаў бел., рус., укр. і польскага фальклору З.Даленга-Хадакоўскі распрацаваў праграму комплекснага вывучэння культуры славян, сабраў каля 3 тыс. песень (не надрукаваны). У 1837—46 Я.Чачот выдаў у Вільні 6 зборнікаў бел.нар. песень (каля 1 тыс. тэкстаў на польскай і часткова бел. мовах). Кніга 6-я пад назвай «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны» (1846) — першае асобнае выданне арыгінальных бел. песень. Багаты фалькл.-этнагр. матэрыял змясцілі А.Рыпінскі ў кн. «Беларусь» (1840) і Я.Тышкевіч у «Апісанні Барысаўскага павета» (1847). У 1-й пал. 19 ст.бел. фальклор збіралі і вывучалі Я.Баршчэўскі, К.Вуйціцкі, Л.Галамбёўскі, Т.Зан, Р.Зянькевіч, А.Кіркор, А.Міцкевіч, Р.Падбярэскі, У.Сыракомля і інш. Фалькларыстычныя працы гэтага перыяду каштоўныя фактычным матэрыялам і вял. колькасцю запісаў вусна-паэт. твораў. Аднак большая частка запісаў перакладалася на польскую або рус. мовы, перапрацоўвалася, публікавалася недакладна. Збіральніцкая дзейнасць адыграла важную ролю ў выпрацоўцы прынцыпаў і методыкі збору нар. твораў, іх публікацыі і вывучэнні.
У 2-й пал. 19 ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як самастойнай філал. навукі. Пашырылася збіральніцкая дзейнасць, з’явіліся вял.па колькасці твораў зборнікі, запісы сталі больш дакладнымі. Выйшлі «Народныя песенькі пінскага люду» Р.Зянькевіча (1851), «Беларускія прыказкі» П.Шпілеўскага і «Народныя беларускія песні» Е.Паўлоўскай (абедзве 1853), «Віленская губерня» А.Карава (1861), «Смаленская губерня» М.Цэбрыкава (1862), «Гродзенская губерня» П.Баброўскага (1863), «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі» А.Занкевіча (1897) і інш. У зб. «Народныя рускія казкі» (1855—64) А.Афанасьеў змясціў 20 бел. казак. Фалькларыстычная дзейнасць актывізавалася са стварэннем у Вільні ў 1867 Паўн.-Зах. аддзела Пецярбургскага Рус. геаграфічнага т-ва. У «Запісках Рускага геаграфічнага таварыства па Аддзяленні этнаграфіі» надрукаваны зб. «Беларускія песні» І.Насовіча і «Беларускія народныя песні» П.Шэйна (абодва 1873).
У фалькларыстыцы 2-й пал. 19 ст. існавалі гістарычная, міфалагічная і міграцыйная тэорыі. Прыхільнікі міфалагічнай школы (А.Багдановіч, Ф.Буслаеў, М.Доўнар-Запольскі, А.Кіркор, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, П.Шпілеўскі, П.Шэйн і інш.) лічылі найважнейшымі ў фальклоры стараж. творы, спрыялі актывізацыі збірання і вывучэння нар.-паэт. творчасці. Пазіцыі міфалагічнай школы пэўны час падзялялі А.Весялоўскі і А.Пыпін, якія пазней сталі прыхільнікамі міграцыйнай тэорыі і сканцэнтравалі сваю ўвагу на даследаванні культурна-гіст. сувязей, на параўнальным вывучэнні вуснай паэзіі розных народаў. Станоўча паўплываў на бел. вучоных гіст. кірунак у навуцы, тэарэтыкі якога звязвалі ўзнікненне фалькл. твораў з пэўнымі гіст. падзеямі.
Абуджэнню і разгортванню сістэматычнай працы па зборы фалькл. і этнагр. матэрыялаў садзейнічала спец. праграма П.Шэйна (1867). Дзякуючы інтэнсіўнай працы шырокай сеткі карэспандэнтаў (больш за 200) ён у 1887—1902 выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (3 тамы ў 4 кнігах), дзе змясціў песні, казкі, анекдоты, драм. батлеечныя творы, апісанні абрадаў, гульняў, жылля, адзення і інш. Больш за 500 песень, пераважна вясельных, апублікаваў А.Дамбавецкі ў кн. «Спроба апісання Магілёўскай губерні» (т. 1—3, 1882—84). Своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця, культуры і побыту беларусаў стаў шматтомны «Беларускі зборнік» Е.Раманава (вып. 1—9, 1885—1912, выдадзены няпоўнасцю, частка загінула ў Вял.Айч. вайну). Ён жа апублікаваў «Магілёўскую даўніну» (вып. 1—3, 1900—03), «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12). Багаты збор бел. фальклору ў выданнях «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.Дабравольскага (ч. 1—4, 1891—1903), «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» А.Сержпутоўскага (1911). Бел.нар. творы змешчаны ў зборніку ўкр. этнографа і фалькларыста П.Чубінскага «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (т. 1—7, 1872—79). Грунтоўныя зборы пабел. фальклоры апублікавалі А.Гурыновіч, М.Доўнар-Запольскі, М.Нікіфароўскі, З.Радчанка, М.Янчук і інш.Бел. фалькларыстыку папоўнілі даследаванні Я.Ляцкага пабел. міфалогіі і замовах, Дз.Булгакоўскага па песнях, прыказках, прымаўках і загадках, Ю.Крачкоўскага па дзіцячых гульнях. Збіральніцкую дзейнасць разгарнуў польскі фалькларыст М.Федароўскі. У яго фундаментальнай працы «Люд беларускі» (т. 1—3, 1897—1903; т. 4, 193 5; т. 5—6, 1958—60; т. 7, 1969; т. 8, 1981; «Вяселле», 1991) змешчаны казкі, легенды, паданні, анекдоты, песні, прыказкі, прымаўкі, павер’і, творы інш. жанраў.
У 19 — пач. 20 ст.бел. фальклор сістэматычна не даследаваўся. Пэўныя абагульненні гісторыі збірання і вывучэння бел.нар. твораў пададзены ў «Гісторыі рускай этнаграфіі» А.Пыпіна (т. 4, 1892), казак — у кн. «Руская народная казка» С.Саўчанкі (1914). Аналіз асобных твораў зроблены ў працах А.Весялоўскага, А.Патабні, М.Сумцова. Першае даследаванне асн.фалькл. жанраў і іх паэтыкі ажыццявіў Я.Карскі ў працы «Беларусы» (т. 3, ч. 1, 1916). Асобныя праблемы навукі разглядаліся ў публікацыях А.Багдановіча, А.Лабады, М.Янчука.
У 1920—30-я г. ў перыяд. друк сталі трапляць песні і прыпеўкі пра тагачасную рэчаіснасць, якія выдаваліся за фальклор. Такія творы ўвайшлі ў зб. «Ленін і Сталін у беларускай народнай творчасці» (1937), «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938) і інш.Вял. ролю ў развіцці фалькларыстыкі адыграла стварэнне ў 1929 Бел.АН (з 1936 — АНБССР, з 1991 — АН Беларусі, з 1997 — Нац.АН Беларусі) і сектара этнаграфіі і фальклору ў Ін-це гісторыі. У выніку шматлікіх экспедыцый сабраны багаты матэрыял, на аснове якога, а таксама папярэдніх публікацый рыхтаваўся да выдання 3-томны збор бел.нар. песень. Выйшаў толькі 1-ы том «Песні беларускага народа» ў 1940, складальнік М.Грынблат; рукапісы астатніх загінулі ў Вял.Айч. вайну. У гэты том увайшлі прыгонніцкія, чумацкія, бурлацкія, салдацкія, жартоўныя песні; многія з нотным запісам. У ліку найб. каштоўных выданняў даваеннага часу — «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926) і «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) А.Сержпутоўскага, «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» А.Шлюбскага (ч. 1—2, 1927—28), «Народныя песні з мелодыямі» М.Гарэцкага і А.Ягорава (1928), тэарэтычныя даследаванні М.Нікольскага «Міфалогія і абрадавасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях і вераваннях беларускага сялянства» (1933) і інш. Праблемам бел. фальклору прысвечаны арт. З.Бядулі, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Шлюбскага і інш. Значная збіральніцкая і даследчыцкая праца вялася ў Зах. Беларусі і Латвіі: «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (1929), «Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» С.Сахарава (1940). Багаты фалькл. архіў АН Беларусі знішчаны ням. фашыстамі ў Вял.Айч. вайну.
У пасляваенны час аднавіў работу сектар этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі АН Беларусі. На базе яго і сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры ў 1957 створаны Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Збіранне, публікацыя і даследаванне бел. вусна-паэт. твораў набыло сістэмны мэтанакіраваны характар. Шырока разгарнулася збіранне фальклору перыяду Вял.Айч. вайны. Тэарэтычныя даследаванні яму прысвяцілі Л.Бараг, Г.Барташэвіч, М.Грынблат, І.Гутараў, Л.Мухарынская, А.Фядосік. Выйшлі кн. «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» Ф.Янкоўскага (1957, 3-е выд. 1992), «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы (т. 1—4, 1959—76), «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны» (1961). Выдадзены шэраг рэгіянальных фалькл. зборнікаў: «Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны» (укладальнік Н.Гілевіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобласць» (укладальнік В.Захарава, абодва 1973); «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні беларускага Палесся» (1983—84), «Песні беларускага Падняпроўя» (1999, усе З.Мажэйка, апошні — з Т.Варфаламеевай); «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць» (1989, укладальнікі В.Захарава, Р.Кавалёва, В.Ліцьвінка, У.Раговіч), «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобласць» (1995, укладальнікі В.Ліцьвінка, Г.Кутырова); «Песенны фальклор Палесся» У.Раговіча (т. 1—3, 2001—04), «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Магілёўскае Падняпроўе» (т. 1, 2001, укладальнікі Т.Варфаламеева, В.Басько, М.Козенка і інш.), «Вяселле на Гомельшчыне: Фальклорна-этнаграфічны зборнік», «Народная міфалогія Гомельшчыны» (абодва 2003, укладальнікі І.Штэйнер, В.Новак) і інш. Вылучаюцца зборнікі Н.Гілевіча, у якіх у адпаведнасці з жанрава-відавой прыналежнасцю сістэматызаваны нар. творы: «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). З 1970 выдаецца серыя «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986), у якой класіфікаваны і сістэматызаваны матэрыял з экспедыцый, раней апублікаваных крыніц, архіваў, выпрацаваны прынцыпы тэксталагічнай работы, навук. каменціравання і інш. Выдадзена 45 тамоў. Звод серыі — самы поўны збор лепшых узораў нар. песень, казак, легенд, паданняў, прыпевак, прыказак, прымавак, загадак, жартаў, гумарэсак, анекдотаў, гульняў, пахавальных галашэнняў, а таксама тэарэт. матэрыялаў для вывучэння гісторыі фальклору і даследавання праблем гуманітарных навук, мастацтвазнаўства і інш. Значны ўклад у развіццё бел. фалькларыстыкі зрабілі М.Анцаў, А.Грыневіч, Г.Цітовіч, М.Чуркін і інш.
З 2-й пал. 20 ст. актывізаваліся тэарэт. даследаванні ў галіне гісторыі бел. фальклору. Выйшлі кн. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М.Нікольскага (1956), «Нарысы па беларускаму фальклору» К.Кабашнікава (1963), навуч. дапаможнікі «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (1966) пад рэд. М.Ларчанкі, «Беларускі фальклор: Хрэстаматыя» (1970, 4-е выд. 1996) К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі, «Беларуская народнапаэтычная творчасць» (1979), «Сімволіка беларускай народнай культуры» І.Крука (2000), падручнік К.Кабашнікава, А.Ліса, А.Фядосіка, І.Цішчанкі і інш. «Беларуская вусна-паэтычная творчасць» (2-е выд., 2000). Грунтоўна гісторыя бел. фальклору ад старажытнасці да 1960-х г. даследавана ў калект. працы «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць: Гісторыка-тэарэтычнае даследаванне» (1967). Сістэмны аналіз гістарыяграфіі найважнейшых фалькл. жанраў рус. і ў многіх выпадках бел. фальклору разгледжаны ў кн. «Гістарыяграфія рускай фалькларыстыкі. 1917—1941» А.Марозава (1999). Асноўныя заканамернасці і кірункі развіцця фальклору, змены ў яго жанравым складзе даследаваны ў манаграфіях «Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі» (1969), «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981) К.Кабашнікава; нар. сатыра ў кн. «Беларуская народная сатырычная проза» (1969), «Трапным народным словам: Сатыра і гумар у беларускай вуснай паэзіі і народнай драме» (1971), «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) А.Фядосіка; паэтыка бел. фальклору ў працах «Паэтыка беларускіх прыказак» (1971), «Паэтыка беларускай народнай прозы» (1983) М.Янкоўскага; «Паэтыка беларускай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976) Н.Гілевіча; «Святло народнага слова» В.Коўтун (1984); «Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя» Т.Івахненкі (2002). Даследаванню культу продкаў, архаічных рытуалаў і абрадаў на Тройцу прысвечана манаграфія В.Шарай «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002).
Асобныя віды і жанры бел. фальклору, іх паэтыка і маст. асаблівасці прааналізаваны ў манаграфіях «Наша родная песня» (1968) Н.Гілевіча, «Беларуская казка» Л.Барага (1969), «Беларуская частушка» І.Цішчанкі (1971); «Купальскія песні» (1974), «Валачобныя песні» (1989), «Жніўныя песні» (1993) і «Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект» (1998) А.Ліса; «Беларуская народная балада» (1978) Л.Салавей; «Усходнеславянская гумарыстычная песня» У.Васілевіча (1979); «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «Тайны народнай песні» (1994), «Святкаванне Каляд на Беларусі» (1998), «Беларускія загадкі» (2000), «Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі» (2001) А.Гурскага; «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.Барташэвіч (1985); «Святы і абрады беларусаў» В.Ліцьвінкі (3-е выд. 2001); «Каляндарна-абрадавая паэзія Гомельшчыны: Да праблем лакальнага, агульнанацыянальнага ў фальклоры» (2001) і «Абраднасць і паэзія «Пахавання стралы» (2002) В.Новак. Упершыню ў славянскай фалькларыстыцы выдадзена фундаментальнае даследаванне ў 6 кнігах з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»: «Каляндарна-абрадавая паэзія» (А.Ліс, А.Гурскі і інш.), «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр» (А.Фядосік, Е.Емяльянаў і інш.; абедзве 2001), «Пазаабрадавая паэзія» (А.Гурскі, Г.Пятроўская, Л.Салавей і інш.), «Народная проза» (К.Кабашнікаў, А.Фядосік, А.Цітавец і інш.; абедзве 2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы» (А.Ненадавец, А.Марозаў і інш., 2003), «Малыя жанры. Дзіцячы фальклор» (Т.Валодзіна, Г.Барташэвіч і інш., 2004). Функцыянальную прыроду абрадаў і звычаяў даследавалі Т.Валодзіна («Талака ў духоўнай культуры беларусаў», 1977), Г.Таўлай («Беларускае Купалле. Абрад, песня», 1986), А.Лозка («Беларускі народны каляндар», 1993), У.Сысоў («Беларуская пахавальная абраднасць: Структура абраду, галашэнні, функцыі слова і дзеяння», 1995, «З крыніц спрадвечных», 1997) і інш. Музычны фальклор даследавалі А.Аляхновіч, Т.Варфаламеева, З.Мажэйка, Л.Мухарынская, Т.Якіменка, В.Ялатаў і інш., муз. інструменты — І.Назіна, танцавальны фальклор — Ю.Чурко, М.Козенка, Л.Алексютовіч, сувязь бел. літаратуры і вуснапаэт. творчасці — М.Грынчык, В.Каваленка, А.Лойка, А.Макарэвіч, А.Мальдзіс, М.Тычына, І.Чыгрын і інш. Праблемы міфалогіі сістэмна даследаваны ў працах І.Казаковай «Сімволіка і семантыка славянскіх міфалагем (на матэрыялах беларускага фальклору)» (1990), «Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры» (1997), А.Ненадаўца «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа» (1999). Выдадзены кнігі пра збіральнікаў бел.нар. вусна-паэт. творчасці А.Багдановіча, З.Даленгу-Хадакоўскага, М.Нікіфароўскага, Е.Раманава, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, М.Янчука.
Бел. фальклор збіралі і даследавалі рус. фалькларысты: П.Бяссонаў, В.Гусеў, П.Кірэеўскі, М.Краўцоў, Э.Памяранцава, В.Сакалова, І.Сахараў, І.Снегіроў, А.Цярэшчанка, К.Чыстоў і інш.; украінскія — А.Дэй, І.Хланта, Н.Шумада, В.Юзвенка і інш.; польскія — А.Баршчэўскі, У.Вярыга, М.Гайдук, З.Глогер, Э.Дмахоўская, Я.Карловіч, О.Кольберг, К.Машынскі, Ч.Пяткевіч, Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш.; чэшскія — Л.Куба, І.Поліўка, А.Чэрны, П.Шафарык. Асобныя фалькл. зборнікі апублікавалі А.Розенфельд (1904), С.Малевіч (1907). Зборнікі бел.нар. казак выдадзены на чэшскай (1957), нямецкай (1966—80), славацкай (1967), балгарскай (1964), польскай (1973, 1976, 1977) і інш. мовах. П.Айснер пераклаў на ням. мову 40 бел.нар. песень, А.Мільен — на французскую бел. калядныя, купальскія, талочныя, юраўскія і інш. песні («Песні расійскага народа»., 1893).
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Кабашнікаў К.П. Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Яго ж. Гісторыя беларускай этнаграфіі, пачатак XX ст.Мн., 1970;
Гілевіч Н.С. З клопатам пра песні народа. Мн., 1970;
Фядосік А.С. Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;
Яго ж. Беларуская савецкая фапькларыстыка. Мн., 1987;
Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і вывучэнне нар. творчасці ў 60-х гг. XIX — пач. XX ст.Мн., 1989;
Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991;
Касько У.К. Святло далёкай зоркі Мн., 1997;
Саламевіч І.У. Беларускі фальклор (1926—1963): Кароткі бібліягр.давед.Мн., 1964;
Грынблат М.Я. Беларуская этнаграфія і фалькларыстыка: Бібліягр. паказ. (1945—70). Мн., 1972.
А.С.Фядосік.
Тытульны ліст кнігі «Беларускія вясельныя абрады і песні ў параўнанні з велікарускімі». Санкт-Пецярбург. 1897.Кнігі серыі «Беларуская народная творчасць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне
Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССР не выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.
Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.
Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв.паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТОпа пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.
Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.
У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г.па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс.чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.
Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.Р.Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л.Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.
Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.
На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.
Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.
Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый паваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.
Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. СаветБССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.А.Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і дзярж. сакратар К.Хэл. У пасланні Рузвельта да І.В.Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і папаліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.
Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.М.Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав.шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».
У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнні міжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.
Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНКБССР П.К.Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.В.Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.
1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар.арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААНпа справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААНпа ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар.фін. карпарацыя, Сусв.арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.
Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В.Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі паэканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш.сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў паставіў перад МЗССССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый папрамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.
З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар.фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв.гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап.эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААНпа бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.
Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам.к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар.арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).
Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.Р.Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).
Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.
Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі паэканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар.спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л.Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.
Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.С.Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.
Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.М.Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.Р.Лукашэнка і Б.М.Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс.чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.
Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.
Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).
Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.
Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.Лукашэнкі і А.Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст.паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.
Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г.паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г.гал.паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.
Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.
У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.Дж.Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.
Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).
Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.
У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).
Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.
У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г.бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.
У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.
Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г.эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж.к-тпа знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел.Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.
Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв.гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн.Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.
У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн.Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.
У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).
Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст.найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».
Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.
Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш.навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац.АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар.навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.
Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел.ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г.навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.
Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар.муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.
Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.І.Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш.Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.
Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.Багдановіча і М.Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел.т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.
У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.
Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш.міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар.спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-тапа развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.
Літ.:
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;
Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.Т. 1—2. М.;
1976;
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;
Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;
Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;
Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;
Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;
Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;
Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;
Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;
Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;
Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;
Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;
Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;
Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г.Мн., 2002;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;
Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;
Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;
Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;
Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;
Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г.Мн., 2003;
Беларусь в современном мире. Мн., 2003.
У.Е.Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.В.Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).
1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго.Краўчанка.Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне.Лойка.Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне.Бядуля.Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося.Чарнышэвіч.// Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон.Крапіва.На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой.Астрэйка.// Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма.Шамякін.І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы.Грамовіч.// Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў.Хромчанка.У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння.Кудраўцаў.// Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся.«Звязда».[Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш.Ляўданскі.//перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка.Шамякін.Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар!Глебка.
2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне?Колас.Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч.Хадкевіч./уперан.ужыв.Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака].Мурашка.Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком.Пестрак.// Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага.Якімовіч.Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач.Ярош.Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй.Шахавец./уперан.ужыв.Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём.Васілевіч.
3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад.Танк.Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым.Панчанка.Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны.Астрэйка.
4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс.Непачаловіч.Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця.Брыль.
•••
Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГІСТОРЫЯ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ НА БЕЛАРУСІ.
З часоў глыбокай старажытнасці чалавек эмпірычна набываў вопыт па ахове здароўя, у т. л. агульнагігіенічныя веды і навыкі мед. дапамогі. Народная медыцына, што спрадвеку існавала на Беларусі, апрача загавораў і інш. магічных дзеянняў выкарыстоўвала для лячэння хвароб розныя травы, карані, сродкі жывёльнага і мінеральнага паходжання, водныя, сонечныя і паветраныя працэдуры. Лячэбную дапамогу аказвалі кастаправы, бабкі-павітухі і інш. З 10—12 ст.нар. медыцына ўзбагачалася вопытам антычнай і арабскай медыцыны, ведамі з суседніх дзяржаў. Апрача традыцыйных знахароў, ведуноў, валхвоў, у Полацку, Тураве, Пінску і інш. гарадах паявіліся лекары-манахі, пры манастырах — шпіталі. У часы пашырэння эпідэмічных хвароб наладжваліся заставы-каранціны. У 14—16 ст. у гарадах Беларусі ўводзілі санітарны нагляд, выкарыстоўвалі сродкі дэзінфекцыі (камфара, воцат, сера і інш.), будавалі лазні, масцілі вуліцы, паляпшалі водазабеспячэнне. Хірургічную дапамогу насельніцтву аказвалі цырульнікі, лабезнікі і інш.Напр., у 15—18 ст. у Брэсце было 28—32 цырульнікі, у Слоніме і Слуцку — па 5—7; у Вільні, Брэсце, Мінску, Полацку, Гродне яны аб’ядноўваліся ў цэхі. Развівалася шпітальная справа (напр., у 1495—1508 у Брэсце існавалі 4 шпіталі). Звычайна шпіталі адкрывалі магістраты, феадалы, манастыры, з 17 ст. яны пераважна існавалі пры касцёлах. Звесткі пра дзейнасць аптэк на Беларусі вядомы з 1550; з пач. 17 ст. аптэкі працавалі ў Слоніме, Гродне, Пінску, Глыбокім, пазней — у Заслаўі (1669), Ружанах (1687), Нясвіжы (1688), Навагрудку (1721) і інш. Пры дварах буйных магнатаў працавалі дактары медыцыны (Ф.Скарына, 1512; Цынгер, 1667—70; А.Аспеўскі, 1684). Дыпламаваныя дактары працавалі ў гарадах і паветах: Андрэй (Кобрынскі павет, 1546), М.Кракоўскі, Ф.Любельскі, Л.Слуцкі (Слуцк, 1580), М.Броцкі (Полацк, 1668), С.Л.Бізіо (Нясвіж, 1768—72), Ж.Э.Жылібер (Гродна, 18 ст.) і інш. У працах бел. асветнікаў С.Буднага, Л.Зізанія (16 ст.), Сімяона Полацкага (17 ст.) выказаны погляды аб пазнанні ў галіне медыцыны і спосабах лячэння асобных хвароб. Ф.Скарына ў сваіх кнігах таксама закранаў мед. тэмы. У 1525—1625 у Вял. княстве Літоўскім надрукавана 5 кніг па медыцыне. У 1775 у Гродне арганізавана першая на тэр.ВКЛмед. акадэмія (у 1781 пераведзена ў Вільню), з 1792 у Гродне выдаваўся штотыднёвы мед. часопіс «Pismo tygodniowe medyczne».
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў Магілёўскай і Полацкай губ. у 1781, у Віцебску і Мінску ў 1796 утвораны прыказы грамадскай апекі, якія адкрывалі і ўтрымлівалі бальніцы, сіроцкія дамы, шпіталі, лазарэты. У 19 ст. ўведзены пасады павятовых урачоў, павялічылася колькасць аптэк. У 1869 на тэр. Беларусі функцыянавала 15 казённых і 70 ваен. аптэк. З пач. 1870-х г. для барацьбы з эпідэміямі ствараліся пастаянныя санітарныя камісіі і камітэты (у Мінску з 1891), таварыствы барацьбы з заразнымі хваробамі (у Мінску з 1897), губернскія і павятовыя ўрачэбна-санітарныя саветы (з 1908), губернскія медыка-санітарныя бюро (з 1909). З 1860-х г. у губернскіх гарадах пачалі арганізоўвацца навук. ўрачэбныя таварыствы: Гродна (1859), Магілёў (1862), Мінск (1862), Віцебск (1874), Бабруйск (1902), Брэст (1903), Гомель (1910). Першыя з’езды ўрачоў адбыліся ў Гродзенскай (1892), Віцебскай (1899), Мінскай (1908, 1911, 1914), Магілёўскай (1907) губернях. У 2-й пал. 19 ст. адкрываліся ведамасныя, дабрачынныя і прыватныя мед. ўстановы, лячэбніцы Чырв. Крыжа. Ствараліся і ведамасныя ўстановы пры прадпрыемствах (напр., у 1865 адкрыта бальніца пры Слонімскай суконнай фабрыцы). Пры фабрыках пачалі адкрывацца прыёмныя пакоі на 1—2 ложкі, дзе працавалі ўрачы, фельчары (Гродна, 1900), фабрычныя амбулаторыі (Мінск, 1903). У 1903 і 1910 у Мінску адкрыты першыя дзіцячыя мед. ўстановы. У 1913 на Беларусі было 297 аптэк (на 1 аптэку прыпадала ад 26 да 40 тыс. жыхароў у гарадах і ад 50 да 70 тыс. на вёсцы). З увядзеннем у 1911 у зах. губернях земстваў на Беларусі пачалі стварацца земскія павятовыя ўчасткі. Земствамі адкрыты бальніцы ў Добрушы, Смаргоні, Слоніме. У 1912 прыняты закон аб страхаванні рабочых, ствараліся бальнічныя касы. У 1913 у бальніцах усіх ведамстваў (за выключэннем ваеннага і турэмнага) налічваўся 5141 ложак.
Да 1914 на Беларусі працавала 877 урачоў, на аднаго ўрача ў гарадах прыпадала ад 1600 (Віленская губ.) да 2800 (Віцебская) жыхароў; у паветах — ад 19 600 (Гродзенская губ.) да 32 900 (Магілёўская). Цэнтрамі падрыхтоўкі ўрачоў былі Віленская вышэйшая мед. школа і Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія. Павітух рыхтавалі Віленская мед. школа, Пецярбургскі і Маскоўскі інстытуты павітух. Індывідуальную падрыхтоўку фельчараў праводзілі ў бальніцах прыказаў грамадскай апекі. Спецыялістаў з сярэдняй мед. адукацыяй рыхтавалі ў асноўным на тэр. Беларусі: школы павітух у Магілёве, Гродне, Вільні, школы фельчараў у Магілёве, Віцебску. Сясцёр міласэрнасці з 1890 рыхтавалі ў Мінску; у 1904 у Мінску адкрылася школа павітух, у 1907 — зубаўрачэбная, у 1908 — прыватная фельчарска-акушэрская школы. Навук.мед. дзейнасць абмяжоўвалася апісаннем медыка-тапаграфічных характарыстык гарадоў, іх сан. стану, захваральнасці насельніцтва, школьнай гігіены, прафілактыкі захворванняў, вывучэннем шляхоў распаўсюджвання інфекцый (халеры, дыфтэрыі і інш.), паталогіі цяжарнасці і пасляродавых ускладненняў, туберкулёзу і інш. актуальных на той час кірункаў практычнай медыцыны. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы М.П.Айзенштат, Э.Э.Асмут, Ф.А.Банчкоўскі, Ч.Л.Грабавецкі, А.М.Долгаў, Л.С.Каган, Б.А.Кадыгробаў, Я.У.Клумаў, Ф.К.Кодзіс, С.А.Ліпінскі, О.В.Федаровіч, Р.К.Яноўскі і інш. У 1-ю сусв. вайну шэраг мед. устаноў скараціўся; у вялікіх гарадах яны былі ператвораны ў лазарэты і шпіталі. Большасць урачоў і фельчараў мабілізавана ў армію, санітарныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў адпаведнасці з ваен. патрэбамі. У ходзе вайны санітарны стан значна пагоршыўся, рэгістраваліся вялікія ўспышкі інфекцыйных хвароб (напр., халеры, тыфу). У 1917 адбыліся з’езды ўрачоў Віцебскай, Мінскай (май), Магілёўскай (чэрвень) губерняў. Пасля вызвалення Беларусі ад германскіх акупацыйных войск (восень 1918—вясна 1919) і ад польскіх інтэрвентаў (сярэдзіна 1920) мед. дапамога паступова набывала дзярж. характар. З часу стварэння Беларускай ССР (1.1.1919) медыка-санітарнай справай кіраваў Камісарыят аховы здароўя (камісар І.І.Пузыроў). У лютым 1919 створаны Савет аховы дзяцей. У 1919 прыняты дэкрэты: аб нацыяналізацыі аптэк (29 студзеня), мед. устаноў (12 лютага), зубаўрачэбных матэрыялаў і сродкаў (18 лютага), аб барацьбе з сыпным тыфам (21 лютага), аб абавязковым воспапрышчэпліванні (13 чэрвеня). Ствараліся санітарна-проціэпідэмічныя камісіі (Мінск, 1921), ізаляцыйныя прапускныя пункты і проціэпідэмічныя атрады (1921—22), якія праводзілі проціэпідэмічныя мерапрыемствы. У 1921 заснаваны Віцебскі санітарна-бактэрыялагічны інстытут, адкрыты дамы санітарнай асветы ў Гомелі (1920), Віцебску, Мінску (1921), Магілёве (1922), санітарная станцыя ў Гомелі (1922). З 1922 у БССР адменена плата за мед. паслугі на сельскіх участках, для чырвонаармейцаў і іх сем’яў, беспрацоўных, членаў прафсаюзаў, бяднейшага насельніцтва па даведках сац. забеспячэння; бясплатным стала лячэнне інфекцыйных, венерычных, псіхічных захворванняў. Адкрыты процітуберкулёзны санаторый (1920, Сасноўка), у Мінску — процітуберкулёзны (1921) і венералагічны (1923) дыспансеры, бальніцы ў Гомелі (1920) і Мінску (1924). У 1920-я г. функцыянавалі дамы адпачынку, прафілактычныя ўстановы па ахове мацярынства і дзяцінства, яслі; у Гомелі адкрыты радзільны дом (1925). У 1927 дзейнічала 19 дзіцячых кансультацый, 15 кансультацый для цяжарных, 73 дзіцячыя дамы. З 1926 перад паступленнем дзяцей у школу дыспансеры праводзілі мед. агляды.
У перыяд нэпа існаваў дэцэнтралізаваны прынцып фінансавання аховы здароўя на аснове выкарыстання мясц. бюджэту, страхавых узносаў, платы за лячэнне і лякарствы, ахвяраванняў і сродкаў грамадскіх арганізацый. За кошт страхавога фонду забяспечвалася да 3% фінансавання аховы здароўя. У 1925—26 страхавы фонд складаў 46%, у 1926—27—44% бюджэту Наркамата аховы здароўя БССР. У 1924 створаны акруговыя ўрачэбна-кантрольныя камісіі, якія займаліся пытаннямі сацыяльна-працоўнай экспертызы застрахаваных, мерапрыемствамі па ахове працы і вывучэнні прафес. захворванняў. З 1926 у Мінску функцыянавалі клініка прафес. захворванняў і кабінеты па барацьбе з прафшкоднасцямі. Бел. таварыства Чырв. Крыжа на ўласныя сродкі ўтрымлівала мед. ўстановы, вяло барацьбу з сац. хваробамі, займалася аздараўленнем дзяцей і інш. У 1927 яно адкрыла школу мед. сясцёр, у 1928 аб’явіла збор сродкаў на санітарны самалёт. У 1924 дзейнічалі 43 гарадскія гаспадарча-разліковыя, 72 сельскія арандаваныя аптэкі. Усяго ў рэспубліцы ў 1928 было 158 аптэк. У 1926—28 арганізаваны 4 пастаянныя і перасовачныя венералагічныя пункты, 2 сельскія туберкулёзныя дыспансеры, вочны дыспансер па барацьбе з трахомай. У 1926 набыты першы сан. аўтамабіль.
Адкрыліся НДІ: Мінскі Пастэраўскі (1924), Бел. санітарна-бактэрыялагічны (1926), Бел. туберкулёзу (1928) і інш. На рус. і бел. мовах выдаваліся часопісы «Беларуская медыцынская думка» (1924—29) і «Бюлетэнь Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» (1926—29). Працавалі мед. таварыствы ў Мінску (з 1922), Гомелі (1923), Магілёве (1925), Віцебску (1926). Праводзіліся з’езды ўрачоў: зубных (1928), отарыналарынголагаў (1928), хірургаў і акушэраў-гінеколагаў (1929). У 1930-я г. зацвердзілася адзіная дзярж. медыцына. СНКБССР прыняў шэраг пастаноў, у т. л. аб мед. дапамозе, стане аховы здароўя і падрыхтоўцы мед. кадраў. Адкрываліся пункты першай мед. дапамогі на прадпрыемствах, МТС, торфараспрацоўках, гар. амбулаторыі (у 1940 іх было 295). Уведзены ўчастковы прынцып мед. абслугоўвання (1938), спецыялізаваная амбулаторная дапамога (1940), брыгадныя формы працы (1941). У Мінску адкрыты анкалагічны (1939) і рэўматалагічны (1938) дыспансеры; павялічвалася колькасць гар. зубаўрачэбных кабінетаў (у 1930 іх было 120, у 1938—233), арганізавана сан. авіяцыя (Мінск, 1935). Колькасць станцый хуткай дапамогі павялічылася з 10 у 1934 да 89 у 1940, колькасць бальніц з 157 на 6344 ложкі (1930) да 450 на 22 633 ложкі (1940). Адкрыты Барысаўскі санаторый з электралячэбніцай (1934), Бабруйская курортная лячэбніца з бальнеалагічным аддзяленнем (1936). У 1939 у БССР было 299 аптэк, 218 аптэчных пунктаў, 7 аптэчных складоў. У 1934 зацверджана Палажэнне аб дзярж.сан. інспекцыі, у 1941 пачаўся грамадскі рух за сан. культуру і добраўпарадкаванне. У 1940 на Беларусі было 12 жаночых кансультацый у гарадах, 1 — на вёсцы, дзіцячых — адпаведна 40 і 6, дзіцяча-жаночых — 64 і 25; дзіцячых дыспансераў 17, дзіцячых бальніц 14, дзіцячых санаторыяў 12.
У 1940 на Беларусі дзейнічала 35 мед. школ: 23 па падрыхтоўцы мед. сясцёр, 4 — фельчараў-акушэраў, 2 — фельчараў, 3 — фармацэўтаў, 2 — медлабарантаў, зубаўрачэбная школа. Забеспячэнне сярэднім мед. персаналам складала 17,3 на 10 тыс. насельніцтва. Мед. факультэт БДУ у 1930 пераўтвораны ў Мінскі мед. інстытут. Адкрыты інстытуты: аховы мацярынства і дзяцінства (Мінск, 1931), Бел. ўдасканалення ўрачоў, скурна-венералагічны, пералівання крыві і гематалогіі (Мінск, 1932). У Віцебску ў 1934 арганізавана бальніца-інстытут (у 1938 пераўтворана ў інстытут). У пач. 1941 упершыню 25 урачоў атрымалі званне «Заслужаны ўрач БССР». З 1940 працавала рэсп.навук.мед. бібліятэка, адзінае Усебел. мед. таварыства. Вясной 1941 пачалася арганізацыя Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі. У 1938—41 выдаваўся «Медыцынскі часопіс БССР». З 1939 Бел. таварыства Чырвонага Крыжа праводзіла падрыхтоўку медсясцёр запасу, удзельнічала ў санітарным забеспячэнні ваенных устаноў, арганізацыі сан. цягнікоў і інш.
Па-іншаму вялося мед. абслугоўванне насельніцтва Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы. У пач. 1920-х г. створаны Вярхоўны Надзвычайны камісарыят па барацьбе з эпідэміямі, арганізаваны пункты прышчэплівання і дэзінфекцыі, эпідэмічныя бальніцы, пазней пераўтвораныя ў дзяржаўныя. Напр., у Навагрудскім ваяводстве было 16, у Палескім — 20 бальніц. З 1920 уведзена абавязковае мед. страхаванне. З 1921 пры ваяводскіх упраўленнях існавалі аддзелы грамадскага здароўя, пры павятовых староствах — пасады павятовых урачоў. Аптэчная справа была прыватнай, існавалі таксама ведамасныя і сельскія аптэкі, аптэчныя пункты. Каля 85% сродкаў, прадугледжаных на ахову здароўя, ішло на папярэджанне захворванняў. Вялася барацьба з сац. хваробамі (трахома, туберкулёз, венерычныя хваробы). Першасную мед. дапамогу аказвалі ў амбулаторыях і пры бальніцах. Сельская медыцына захавала земскую сістэму арганізацыі мед. дапамогі (гарадскія, павятовыя, сеймікавыя бальніцы мясц. самакіравання). У 1928 у грамадскіх бальніцах уведзены прынцыпы самаакупнасці за кошт аплаты лячэння. У 1932 сфарміраваны аддзелы працы, апекі і здароўя пры ваяводскіх упраўленнях на чале з урачом. Фінансаванне аховы здароўя ажыццяўлялася за кошт тэр. самакіравання (52,2%), грамадскіх арганізацый (37,3%), дзярж. бюджэту (10,5%). З 1936 існаваў інстытут сямейнага ўрача. Пасля ўваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР (17.9.1939) пачала фарміравацца дзярж. сістэма аховы здароўя (бясплатная і агульнадаступная мед. дапамога). У 2 разы павялічылася колькасць амбулаторных устаноў, у 3,8 — бальнічных. На працягу 1940 колькасць урачоў павялічылася ўдвая, працавалі 6 процітыфозных і 4 процітрахомныя атрады, процімалярыйныя экспедыцыі; арганізавана 18 міжраённых, 29 раённых санітарна-эпідэміялагічных станцый, 2 дамы і 2 пункты сан. асветы. У 1940 у зах. абласцях БССР былі 10 404 бальнічныя ложкі, 375 паліклінік і ўрачэбных амбулаторый, 75 жаночых і дзіцячых кансультацый, 1464 урачы. У пач. 1941 у Гродне і Пінску адкрыты фельчарска-акушэрскія, у Баранавічах, Слоніме, Беластоку — медсястрынскія школы. Усяго на Беларусі ў пач. 1941 дзейнічала 514 бальнічных устаноў на 29 628 ложкаў, 5214 урачоў усіх спецыяльнасцей (5,7 на 10 тыс. насельніцтва).
У пач.Вял.Айч. вайны на тэр. Беларусі было разгорнута 20 эвакашпіталяў, дзейнічала 40 сан. дружын, арганізаваны 24 эвакапункты па прыёме і эвакуацыі мірнага насельніцтва. Пры паліклініках ствараліся пункты першай мед. дапамогі. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі адм.мед. органы і лячэбныя ўстановы, але сетка іх скарацілася, пагоршылася матэрыяльна-тэхнічная база, мед. дапамога была платная. Адзначаліся масавыя ўспышкі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. інфекцый. Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы мелі абмежаваны характар. На акупіраванай тэрыторыі праводзілася падрыхтоўка сярэдняга мед. персаналу (Баранавічы, 1942—43; Мінск, 1943). Урачы выконвалі свае прафес. абавязкі, а таксама займаліся падпольна-патрыятычнай дзейнасцю: аказвалі амбулаторную і шпітальную дапамогу партызанам, перадавалі ім медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, мед. інструментарый (напр., падп. група мед. работнікаў Я.У.Клумава ў Мінску). Сярод удзельнікаў антыфаш. падп. руху было 267 урачоў і студэнтаў мед. інстытутаў, 116 мед. сясцёр, акушэрак, навучэнцаў мед. школ, 42 фармацэўты, аптэчныя работнікі, 28 фельчараў і інш.
Для мед. забеспячэння партыз. фарміраванняў у першы перыяд вайны (жнівень 1941—сакавік 1943) спарадычна ствараліся сан. часці і шпіталі. У 2-й пал. 1942—43 ствараліся органы кіравання медыка-санітарнай службай партыз. фарміраванняў. Бел. штаб партыз. руху (БШПР) і яго санітарны аддзел (нач. І.А.Інсараў) адшуквалі ўрачоў з Беларусі, эвакуіраваных у сав. тыл, і накіроўвалі іх і інш.мед. работнікаў у партыз. атрады; праводзілася таксама дадатковае абучэнне персаналу. Пазней пры Цэнтр. і Бел. штабах партыз. руху заснаваны санітарныя аддзелы, якія аказвалі мед. дапамогу бел. партызанам. На момант злучэння з арміяй (1944) у складзе партыз. фарміраванняў рэспублікі было 580 урачоў, 2133 сярэднія мед. работнікі. На адну партыз. брыгаду прыпадала 2,7 урача і 10 сярэдніх мед. работнікаў, на 1 партыз. атрад — менш як 1 урач і 1 мед. работнік. Партыз. ўрачы праводзілі хірургічныя аперацыі, аказвалі дапамогу параненым і хворым. Паводле звестак БШПР, 78,4% параненых і 99,5% хворых партызан вярталіся ў строй. У партыз. атрадах ажыццяўляўся мед. нагляд за асабовым саставам, за выбарам месцаў размяшчэння, водазабеспячэннем і інш., пры неабходнасці накладаўся каранцін. Вялася санітарна-асветная работа.
Мед. служба партыз. атрадаў аказвала медыка-санітарную дапамогу мясц. насельніцтву партыз. зон, праводзіліся прафілактычныя і санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. У партыз. брыгадах арганізоўваліся шпіталі (на 15—20 ложкаў, а ў злучэннях — да 100 ложкаў). Праводзіліся проціэпідэмічныя мерапрыемствы, цяжка параненых эвакуіравалі самалётамі ў шпіталі і спецыялізаваныя ўстановы ў сав. тыле. Для прыёму мясц. насельніцтва партыз. зон арганізоўваліся бальніцы і мед. пункты. За ўвесь перыяд партыз. руху мед. дапамога аказана 135 тыс.чал. цывільнага насельніцтва (на іх прыпадала 15—20% усіх амбулаторных наведванняў у партыз. лячэбныя ўстановы). Начальнікі санітарнай службы партыз. злучэнняў: С.М.Швец (Мінскага), М.М.Герасіменка (Беластоцкага), М.П.Кніга (Магілёўскага), М.І.Варановіч (Пінскага), В.П.Лапцейка (Палескага); начальнікі санітарнай службы брыгад: Р.П.Арцем’ева, П.П.Гуськоў, І.Л.Друян, Н.А.Жураўская, В.У.Забродскі, М.С.Завадская, С.Т.Ільін, І.Б.Кардаш, Р.А.Краснапёрка, І.К.Крук, М.Л.Лагуцін, М.М.Мшыхін, М.В.Паўлавец, Дз.С.Рыдлеўскі, Я.С.Сает, Ф.С.Сальнікаў, Р.А.Сырнікаў, К.П.Чэпік і інш. У барацьбе з ворагам загінулі 350 мед. работнікаў-партызан. 12—14.5.1945 у Мінску адбыўся з’езд урачоў-партызан Беларусі.
За час нямецка-фаш. акупацыі ўстановы і прадпрыемствы аховы здароўя Беларусі панеслі цяжкія страты, якія склалі 610,6 млн.руб.; цалкам было разбурана 1377, пашкоджана 810 будынкаў амбулаторый і бальніц, загінула больш за 2 тыс.мед. работнікаў. У выніку распаўсюджвання эпідэмічных хвароб у 1944 прыняты пастановы аб мерапрыемствах па прафілактыцы сыпнога тыфу, па барацьбе са скурна-венералагічнымі захворваннямі і інш. Дзейнічала надзвычайная проціэпідэмічная камісія. У 1947 адкрыліся першыя медыка-санітарныя часці, з 1950 адкрываліся ўрачэбна-фізкультурныя дыспансеры, з 1951 уводзіўся ўчасткова-цэхавы прынцып абслугоўвання рабочых. Адкрываліся спецыялізаваныя стацыянарныя аддзяленні (нейрахірургічнае, уралагічнае, дзіцячай хірургіі, траўматалагічнае ў Мінску, 1950-я г.), стаматалагічныя паліклінікі (1953). Да 1950 у параўнанні з 1940 захваральнасць на брушны і сыпны тыф знізілася у 4, дызентэрыю ў 10, ганарэю і сіфіліс у 5 разоў. Да 1950 сетка мед. устаноў і кадравы патэнцыял сістэмы аховы здароўя аднавіліся. Наркамат (у 1946 пераўтвораны ў Міністэрства) аховы здароўя ўключаў 15 упраўленняў і аддзелаў. У 1948—51 праведзена аб’яднанне бальніц і паліклінік, у гарадах зацверджаны ўчасткова-тэр. прынцып мед. абслугоўвання (тэрапеўтычныя, педыятрычныя ўчасткі). Паляпшалася кадравае забеспячэнне медыкамі ў сельскай мясцовасці, дзе адкрывалі новыя мед. ўстановы (з 1952 укаранёны дыспансерны метад). Пашыралася сетка падрыхтоўкі мед. работнікаў: у 1958 адкрыты Гродзенскі, у 1990 Гомельскі мед. інстытуты. Паслядыпломную падрыхтоўку ажыццяўляў Бел. інстытут удасканалення ўрачоў, у 1955 дзейнічала 21 мед. вучылішча, курсы павышэння кваліфікацыі мед. вучылішчаў (Бабруйск, 1956; Пінск, 1959; Мінск, 1979). На працягу 1945—65 пабудавана 19 гарадскіх і абласных, 64 раённыя, 5 дзіцячых, 7 інфекцыйных, 7 туберкулёзных і псіхіятрычных бальніц, 13 радзільных дамоў. У 1969 адкрыты цэнтр дзіцячай хірургіі ў Мінску. У 1960-я г. праведзена ўзбуйненне раённых бальніц (забеспячэнне ложкамі павялічылася да 200—300), яны атрымалі статус цэнтр. раённых бальніц з правам кіравання ўстановамі аховы здароўя раёна. Абласныя бальніцы сталі цэнтрамі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі.
З 1950-х г. пачаў афармляцца прынцып удзелу грамадскасці ў вырашэнні задач аховы здароўя: саветы садзеяння мед. установам (1957), рух за санітарную культуру і добраўпарадкаванне (1957), канферэнцыі санітарнага актыву (1958), школы здароўя, акцыі медыка-генетычнай асветы да Сусв. дня здароўя. Вялася прафілактыка супраць поліяміэліту, дзіцячых інфекцый, гепатыту, менінгіту, воспы; адкрываліся інфекцыйныя кабінеты. Процітуберкулёзныя мерапрыемствы, вакцынацыя нованароджаных, хіміяпрафілактыка, туберкуліндыягностыка, санаторнае лячэнне і інш. спрыялі зніжэнню захваральнасці на туберкулёз (136,6 на 100 тыс. насельніцтва ў 1960, 29,8 — у 1990). Вял. ролю ў гэтым адыграў НДІ туберкулёзу (з 1988 НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі) і рэсп. навукова-практычнае аб’яднанне «Фтызіятрыя» (1988).
У канцы 1950-х г. аптэчная і санітарна-гасп. службы аб’яднаны, у 1964 арганізавана рэсп. аб’яднанне «Медтэхніка» (з 1988 навукова-практычнае аб’яднанне). Абласныя аптэчныя ўпраўленні, якія з 1964 падпарадкоўваліся абл. аддзелам аховы здароўя, з 1972 сталі самастойнымі. У 1988 створана НВА «Фармацыя». Пашыралася рэсп. фармацэўтычная прамысловасць (напр., у 1964 у Барысаве адкрыта фармацэўтычная фабрыка). З 1960-х г. у раённых цэнтрах адкрываліся цэнтр. аптэкі, што паляпшала даступнасць аптэчных устаноў. У 1980-х г. бальнічныя аптэкі ўзбуйняліся і пераводзіліся з бюджэту на гасп. разлік.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 26.12.1961 пачалося фарміраванне адзінай службы хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, ствараліся спецыялізаваныя ўрачэбныя брыгады (кардыялагічныя, траўматалагічныя, рэанімацыйныя, неўралагічныя і інш.). За 1960—85 колькасць станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі павялічылася з 10 да 202. У выніку рэалізацыі прынцыпу пераважнага мед. абслугоўвання працуючых, створаны профпаталагічныя (1961), алергалагічная (1970) службы; сфарміравана цэхавая служба (у 1960 было 50, у 1985—570 цэхавых участкаў), прафілактычнымі аглядамі ахоплена 98,8% працуючых. У 1985 дзейнічала 98 санаторыяў-прафілакторыяў, 235 дыетсталовых.
Развівалася донарства, служба пералівання крыві, адкрываліся станцыі пералівання крыві (у 1975 іх было 17, у 1990—20), гематалагічныя аддзяленні. З 1982 у Бел.НДІ пералівання крыві і гематалогіі адкрыты цэнтры імуналагічнага тыпавання органаў і тканак і інш. Развівалася сетка профільных стаматалагічных кабінетаў і паліклінік (у 1960 іх было адпаведна 990 і 16, у 1990—1001 і 64), да 1990 санацыяй поласці рота ахоплена 80% дзяцей. Пашыралася платная стаматалагічная дапамога (у 1988 было 70 стаматалагічных кааператываў). У 1980-х г. ствараліся дзённыя стацыянары і аддзяленні прафілактыкі ў паліклініках, паэтапна ўводзілася ўсеагульная дыспансерызацыя (з 1983), пашыраўся ахоп дыспансерным назіраннем, адкрываліся дыягнастычныя цэнтры (напр., у Мінску, 1989). Пастаянна павялічваліся дзярж. асігнаванні на ахову здароўя (1960—134,4; 1970—293,4; 1980—498,2; 1990—1075,8 млн.руб.). Да фінансавання аховы здароўя прыцягваліся сродкі калгасаў і саўгасаў, прамысл. прадпрыемстваў, камуністычных суботнікаў. У канцы 1980-х г. у ахову здароўя ўкаранёны гасп. разлік.
З 1960-х г. фарміраваліся і спецыялізаваныя мед. службы (кардыярэўматалагічная, кардыяхірургічная, аддзяленні для хворых на інфаркт міякарда і інш.). У канцы 1970 — пач. 80-х г. хворых, якія перанеслі інфаркт міякарда, пасля бальніцы сталі адразу накіроўваць для рэабілітацыі ў санаторыі («Крыніца», «Лётцы», «Буг»), У 1977 заснаваны Бел.НДІ кардыялогіі. Створаны рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (1980), кардыялагічныя дыспансеры (Магілёў, 1981; Гродна, 1984). З 1970-х г. процівалляковыя дыспансеры пераўтвараліся ў эндакрыналагічныя. У 1979 адкрыты першы наркалагічны дыспансер (Магілёў), да 1990 іх было на Беларусі 17.
Развівалася анкалагічная служба: у 1960 адкрыты Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Калі ў 1961 працавалі 74 урачы-анколагі, то ў 1987 іх было 266. Ва ўсіх анкалагічных дыспансерах да 1970 адкрыты патагісталагічныя, цыталагічныя, біяхімічныя лабараторыі, эндаскапічныя і інш. кабінеты. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1987 адкрыты рэсп.дзіцячы спецыялізаваны дыспансер (у 1988 пераўтвораны ў паліклінічнае аддзяленне НДІ радыяцыйнай медыцыны ў Мінску). Філіялы НДІ радыяцыйнай медыцыны адкрыты ў Гомелі (1989) і Магілёве (1990), з 2003 інстытут размяшчаецца ў Гомелі. Арганізавана таксама НВА «Радыяцыйная медыцына» пры Мін-ве аховы здароўя.
Пашырылася сетка траўматалагічных устаноў і аддзяленняў, адкрыты спецыялізаваныя школы-інтэрнаты (1968), арганізаваны цэнтр спінальнай траўмы (1987, Мінск) і інш. Фарміраваліся спецыялізаваныя ўрачэбна-працоўныя экспертныя камісіі (першыя ў 1971), аддзяленні аднаўленчага лячэння і мед. рэабілітацыі (1980-я г.).
У складзе АНБССР створаны інстытуты: мікрабіялогіі (1975), біяхіміі (1985), радыебіялогіі (1987). Укаранёны ў практыку навуковыя дасягненні: у 1976 — 18 вынаходстваў і 667 рацпрапаноў, у 1985 адпаведна 70 і 1183. Выкарыстоўваецца вылічальная і камп’ютэрная тэхніка, з 1970 вядзецца навук. арганізацыя працы. Пашыралася матэрыяльнае забеспячэнне аховы здароўя (за 1955—75 колькасць рэнтгенапаратаў павялічылася ў 3, фізіятэрапеўтычных лабараторый у 1,6 раза; з 1980-х г. укараняецца ультрагукавое даследаванне і камп’ютэрная тамаграфія). Да 1972 званне Героя Сацыяліст. Працы прысвоена 4 урачам, засл. ўрача рэспублікі — 442, засл. работніка аховы здароўя — 30.
На Беларусі створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства, павялічылася сетка дашкольных устаноў (у 1960 іх было 1373; у 1990—5349). Пасляродавы адпачынак маці павялічаны да 3 гадоў, прадугледжаны льготы ў працоўным заканадаўстве, зменены тэрміны выдачы лістоў непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах і інш. З канца 1980-х г. забяспечвалася пераважнае фінансаванне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства, устойліва зніжалася дзіцячая смяротнасць (у 1990 у параўнанні з 1960 паменшала з 34,9 да 11,9 на 1 тыс. народжаных). Расла колькасць жаночых кансультацый, ранняе ўзяцце на ўлік цяжарных (у 1960—51,8%; у 1988—83% жанчын). У 1973 працавалі 34 спецыялізаваныя кабінеты па выяўленні і лячэнні бясплоднасці. У 1980-я г. ствараліся кансультацыі «Шлюб і сям’я», у Мінску адкрыты філіял НДІмед. генетыкі АМНСССР, у 1989 пераўтвораны у НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў; у 1986 — рэсп. цэнтр па ахове здароўя маці і дзіцяці. Знізіўся ўзровень мацярынскай смяротнасці (у 1990 у параўнанні з 1980 паменшыўся з 29,1 да 21,8 на 100 тыс.).
Санітарна-эпідэміялагічнае абслугоўванне забяспечвалі Гал. санітарна-эпідэміялагічнае ўпраўленне (1968), рэсп. санітарна-эпідэміялагічная станцыя (СЭС), 6 абл. і 154 раённыя СЭС (у 1990 пераўтвораны ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі). Адкрыты рэсп. дом санасветы (1967), у 1988 абл. і гар. дамы санасветы рэарганізаваны ў цэнтры здароўя. У 1970 дзейнічалі 1, у 1990 — 3 дэзінфекцыйныя станцыі. Санітарна-эпідэміялагічная служба стала фактычна самастойнай. Створаны спецыялізаваныя тэр.мед. аб’яднанні «Гігіена і эпідэміялогія».
Наладжваліся кантакты з замежнымі краінамі: працавала мед. секцыя Бел.т-ва дружбы народаў (з 1959), рэсп. камітэт руху «Урачы за прадухіленне ядзернай вайны» (з 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук),
дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.