ГРО́ТГЕР (Grottger) Артур (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),
польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава I» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.
Н.К.Мазоўка.
А.Гротгер. Пушча. З графічнага цыкла кардонаў «Літуанія». 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,
калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют.Рэв. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску,
клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел.тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел.дзярж.т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.
Літ.:
Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КЛУБу Маскве.
Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.Гарэцкі, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.Астапенка, А.Звонак, М.Лужанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЮ́МНЫ»,
герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗЕ́НКІ (Łazienki),
палацава-паркавы комплекс 17—19 ст. у Варшаве; помнік ранняга класіцызму з рысамі барока. Былая каралеўская рэзідэнцыя. Пабудовы комплексу адметныя строгімі формамі і камернымі маштабамі архітэктуры, гарманічнай сувяззю з пейзажным паркам. На сажалцы выспа з каралеўскім палацам (напачатку купальня кн. Любамірскіх, 1683—90, арх. Тыльман Гамерскі; перабудавана ў 1784—95, арх. Д.Мерліні, інтэр’еры яго ж і Я.Камзетцэра). У парку: «Белы домік» (1774—77, размалёўкі Я.Б.Плерша, Я.Сціслы), палац «Мысьлевіцы» (1775—79, абодвух арх. Мерліні; размалёўкі Плерша, А.Герлічкі), павільёны, каланады, скульптура А.Лебрэна і Я.Манальдзі, помнік Ф.Шапэну (1907—26, скульпт. В.Шыманоўскі). Пашкоджаны ў 1945, адноўлены ў 1964. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст.напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКІ (англ. punk падонкі, дрэнь),
саманазва паслядоўнікаў маладзёжнай субкультуры пратэсту, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х г. у Вялікабрытаніі. Напачатку яе носьбітамі былі пераважна сацыяльна неўладкаваныя (часта беспрацоўныя) маладыя людзі. Яе прыхільнікі пратэставалі супраць традыцый бурж. грамадства сваім правакуючым і шакіруючым вонкавым выглядам (стракаты колер валасоў, прычоска на ўзор індзейцаў-іракезаў, адпаведнае адзенне) і ўласнай груба агрэсіўнай разнавіднасцю рок-музыкі (панк-рок, аформіўся ў 1977). У 2-й пал. 1980-х г. панк-рок-групы існавалі і ў СССР, яны выступалі пад трагікамічнымі маскамі воінства «нячыстай», «замагільнай» сілы. Ад руху П. 1970—80-х г. адрозніваецца т.зв. рух неапанкаў 1990-х г. — значна камерцыялізаваная форма маладзёжнай культуры («жартаўлівы маладзёжны рух стагоддзя»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
сістэма камплектавання рас.рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш.Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1073—75,
паўстанне насельніцтва Саксоніі (вобласці саксаў) і Цюрынгіі супраць герм. караля Генрыха IV. У паўстанні ўдзельнічалі сяляне на чале з мясц. знаццю. Выклікана незадаволенасцю захадамі Генрыха IV умацаваць каралеўскі дамен (будаўніцтва крэпасцей з размяшчэннем гарнізонаў; спагнанне аброку з сялян і прымушэнне іх будаваць крэпасці; адбіранне ў знаці зямель для каралеўскага дамена). Напачатку паўстанцы дамагліся поспеху: у жн. 1073 Генрых IV уцёк з абложанага Гарцбурга, крэпасці былі зруйнаваны. Але кароль атрымаў дапамогу ад феадалаў зах. і паўд. Германіі, гараджан Вормса. У вырашальны момант вярхі С.п. заключылі кампрамісны мір з каралём (лют. 1074), пакінутыя імі сяляне былі разбіты. Задушэнне паўстання садзейнічала працэсу паскарэння ўцягвання саксонскага сялянства ў феад. залежнасць.