АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМУТАВЫЯ РУ́ДЫ,

мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІВІ́Н (ад лац. oliva аліва),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў. Гал. прадстаўнікі — фарстэрыт Mg2SiO4, фаяліт Fe2SiO4, тэфраіт Mn2SiO4 утвараюць ізаморфныя рады. Крышталі кароткаслупкаватыя, рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя. Колер ад жаўтавата-зялёнага да зеленавата-чорнага. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—4,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал магматычнага паходжання. Пашыраны ў асн. і ультра-асн. вывергнутых пародах. Фарстэрыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

Алівін.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКСІ́ДЫ,

неарганічныя злучэнні металаў агульнай формулы M(OH)n (n — ступень акіслення металу М). Сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, напр. Al(OH)3 гідраргіліт, Mg(OH)2 брусіт. Асновы (напр., гідраксіды калію KOH, барыю Ba(OH)2 і інш.) ці амфатэрныя злучэнні. Амфатэрнасць праяўляюць гідраксіды некаторых металаў (напр., алюмінію Al(OH)3, цынку Zn (OH)2 і інш.). Гідраксіды шчолачных, шчолачназямельных металаў і талію Tl (I) наз. шчолачамі.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМО́ЎСКІ МАРЦІ́Н-КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 900 м на ПнУ ад в. Кузьмы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун шэрага гнейсу са шматлікімі крышталямі гранатаў, палявых шпатаў і мінералаў цёмнага колеру. Даўж. 3,7 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,3 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),

утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл. Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смара́гд ‘назва некаторых мінералаў зялёнага колеру’, ‘ізумруд’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. смарагдъ, измарагдъ ‘тс’ (Булыка, Запазыч., Ст.-бел. лексікон). Параўн. стараж.-рус. смарагдъ, измарагдъ, укр. смарагд, шмарагд, рус. смара́гд ‘тс’ з грэч. σμάραγδος, ξμαραγδος, для якіх мяркуецца царкоўнаславянскае пасрэдніцтва, гл. ЕСУМ, 5, 316; Праабражэнскі, 2, 334. Ст.-бел. шмарагдъ, шмаракгдусъ, смаракгдъ праз польск. szmaragd, smaragd узыходзіць да той жа крыніцы; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 141. Пасрэдніцтва ід. Smaragd ‘тс’ для сучаснага слова (Шульман, Полымя, 1926, 8, 213) не з’яўляецца абавязковым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)