штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОГ (Crataegus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (C. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер. — кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБ (Carpinus),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.
Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 34,9 тыс.км². Нас. 1466,9 тыс.чал. (1994), гарадскога — 61%. Цэнтр — г.Бранск. Найб. гарады: Клінцы, Навазыбкаў, Унеча.
Прырода. Бранская вобласць размешчана ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. Пераважная выш. 200—250 м, найб. да 288 м; нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. У рэльефе — спалучэнне моцна расчлянёных Сярэднярускага ўзвышша і Смаленскага ўзвышша і плоскай эразійнай Прыдняпроўскай нізіны. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дзясна (сістэма Дняпра) з прытокамі Балва, Наўля, Няруса, Судасць; на З рэкі Іпуць і Беседзь (прытокі р. Сож). Пераважаюць падзолістыя, дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя глебы. Ландшафты ў асн.мяшаных лясоў — хваёвыя, значная ч. бярозавых і асінавых (найб. Бранскі лясны масіў); на ПдУ — лесастэп.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне (дызелі, цеплавозы, рэфрыжэратарныя секцыі, аўтамабілі, станкі, веласіпеды; с.-г., буд.-дарожныя, ірыгацыйныя машыны, электратэхніка і інш.) і металаапрацоўка. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (азбестацэментныя вырабы, цэмент, шкло, шкловалакно, ізаляцыйныя матэрыялы і інш.), хім. (фасфатная мука), лёгкая (шарсцяная, гарбарна-абутковая, швейная), харч. (кансервавая, крухмальная, мясная і інш.), лясная і дрэваапр.прам-сць. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых культур, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Пашыраны пасевы тэхн. культур. Бульбаводства. Пладаводства. Птушкагадоўля. У Бранскай вобласці густая сетка чыгунак, найб. важныя магістралі Масква—Кіеў, Арол—Валгаград, значная сетка аўтадарог. Суднаходства па Дзясне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Salix),
род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.
Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБР (Bison bonasus),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.
У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.
Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМС ((Brahms) Іаганес) (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),
нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.
Тв.:
Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.
Літ.:
Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;
Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫЯ АНСА́МБЛІ,
устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел.нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаныхвак.-інстр. ансамбляў.
Літ.:
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ,
нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс.га, у т. л. запаведная 29,2 тыс.га.
У склад парку ўвайшлі тэр.Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч.Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.