ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стан1, ‑у, м.
1. Тулава, постаць чалавека. Назаўтра раніцою каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройным станам.Дуброўскі.Смуглы твар і гібкі стан дзявочы У красуні, што на першым радзе, Нават трошачкі падобны вочы Да вільготных чорных вінаградзін.Аўрамчык.// Месца, па якім падпяразваюцца. Паясок быў не цесны, але ён так перацінаў стан, што здавалася — яго залішне зацягнулі.Кулакоўскі./увобразнымужыв.Галлё спусціўшы над парканам, Расла тут грушка з тонкім станам.Колас.Снапы ў .. [Любы] былі цяжкія, але зграбныя, з тонкім станам і роўнымі гузырамі.Васілевіч.Зноў яго хвіліны ўкалыхалі, Ноч над горадам свой стан схіліла...Дубоўка.
2.Разм. Скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф. Стан атласны, а рукавы шаўковыя.// Верхняя палавіна сукенкі.
стан2, ‑а і ‑у, м.
1.‑а. Лагер, месца стаянкі, часовага пасялення. Палявы стан. □ Тут, у адным утульным месцейку, пад дубам, на высокім беразе Старыцы, і размяшчаўся рыбацкі стан брыгады — стаяў вялікі, увесь закопчаны дымам драўляны будынак.Краўчанка.Каля Рудні ў час вайны Стан быў: партызанскі.Гілевіч.// Адведзенае для каго‑, чаго‑н. месца. У поўдзень на стан карову даіць ходзіць пляменніца Аксіння.Лупсякоў.
2.‑у. Войска, адзін з ваюючых бакоў. [Англійскую разведку] цікавіла не толькі тое, што робіцца ў стане немцаў, але і ўсё, што вядома пра беларускіх партызан, пра падполле ў горадзе.Новікаў.//перан. Пра грамадскія аб’яднанні, групы. Грунту для кампрамісу .. паміж двума варожымі сталамі няма.Навуменка.Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі, што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны.Колас.[У]вачавідкі гутарка падзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою.Гартны.//перан.Разм. Кампанія, зборышча каго‑н. Затое паблізу і таксама амаль да раніцы можна было пачуць задорныя і свежыя галасы мужчынскага стану.Васілевіч.
3.‑у. Разм. Саслоўе, сацыяльны слой. Гудзеў трыумфам стан паноў, Зямля віватамі дрыжала.Лойка.Абіраўся магістрат з вышэйшых станаў, у вузкім коле, «са сваімі прыяцелямі».Шынклер.
4.‑а. У царскай Расіі — павятовае адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне. Трэба нам школы па вёсках прыдбаць. Роўнай дарогі, ботаў на ногі, Мультану жонцы на лепшы каптан; Жыць смела ў хатцы і не баяцца, Каб не ганялі ў воласць, у стан.Купала.
стан3, ‑а, м.
1. Машына ці сістэма машын для апрацоўкі метаду ціскам, для атрымання буйных металічных вырабаў. Пракатны стан.
2. Прыстасаванне, збудаванне (звычайна драўлянае) для якіх‑н. работ.
3. Поўны камплект, набор чаго‑н. Мышасты Конь прывёз Да кузні новы воз, каб акавалі стан калёсны.Корбан.
стан4, ‑у, м.
1. Становішча, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Эканамічны стан краіны. Стан народнай асветы. Маральны стан байцоў. □ У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках.В. Вольскі.// Фізічнае самаадчуванне. [Шэркас] толькі месяц паслужыў і прыйшоў дадому па стану здароўя.Кулакоўскі.Камлюк у нецвярозым стане вёў машыну.М. Ткачоў.// Душэўны настрой. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць.Шамякін.Арына ўздрыгнула: даўно яна не бачыла старога ў такім узрушаным стане.Кавалёў.
2. Від, характар размяшчэння, узаемадзеяння і руху часцінак рэчыва. Аморфны стан. □ [Ігнась:] — Вада бывае ў трох станах. Звычайная вада рэк, азёр і іншых вадаёмаў заўсёды бывае ў вадкім стане.Чарнышэвіч.
3. Грамадскае або сямейнае становішча. Органы запісу грамадзянскага стану.
•••
Акты грамадзянскага станугл. акт.
Крытычны стан рэчыва — стан рэчыва, пры якім знікае розніца паміж вадкасцю і яе насычанай парай.
стан5, ‑у, м.
Катэгорыя дзеяслова, якая вырашае розныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам дзеяння.
•••
Залежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае, што суб’ект з’яўляецца аб’ектам чужога дзеяння.
Незалежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае дзеянне, што актыўна накіравана на прамы аб’ект, назва якога стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка, і цалкам ахоплівае гэты аб’ект.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)