КРУ́ПНІКАЎ (Аляксандр Маркавіч) (21.5.1892, в. Залессе Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.3.1976),

генерал-лейтэнант (1958). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У арміі з 1913, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну на Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Закаўказскім, Цэнтр., 1-м і 2-м Бел., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нам. камандуючага арміяй, пам. камандуючага войскамі фронту, нам. нач. тылу франтоў. Удзельнік Чарнігаўска-Прыпяцкай, Гомельска-Рэчыцкай, Львоўска-Сандамірскай, Мараўска-Астраўскай і Пражскай аперацый. Да 1958 нач. тылу ваен. акруг.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЦКІ (Апанас Зіноўевіч) (1902, в. Карнілаўка Хіславіцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1980),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу (1925), Качынскую 1-ю ваен. школу лётчыкаў, Серпухаўскую школу паветр. бою (1927), курсы ўдасканалення камандуючага саставу пры Акадэміі імя Жукоўскага (1933), Ліпецкую вышэйшую лётна-тактычную школу (1937). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах; камандзір дывізіі, корпуса, якія вызначыліся пры вызваленні Бабруйска, у баях пад Берлінам. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРУ́К (Уладзімір Сцяпанавіч) (16.2.1900, в. Бушмічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.11.1991),

генерал-лейтэнант артылерыі (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў: камандзір узвода, нач. артылерыі дывізіі. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім, Бранскім, 2-м Прыбалт. і 3-м Укр. франтах: камандуючы артылерыяй арміі, нам. камандуючага артылерыяй фронту, камандзір артыл. корпуса. Ўдзельнік баёў у Карэліі, Курскай бітвы, Дзвінскай, Рыжскай, Балатонскай, Венгерскай аперацый. Да 1956 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕНКА (Яўген Макаравіч) (17.9.1905, в. Вудага Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.1961),

Герой Сав. Саюза (1939), ген.-лейт. авіяцыі (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1928), Барысаглебскую ваен. авіяшколу лётчыкаў-знішчальнікаў (1930), Курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1952). У 1935—41 камандзір авіязвяна, атрада, эскадрыллі, дывізіі, камандуючы ВПС акругі. Вызначыўся пры выкананні спец. ўрадавага задання. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Зах., Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах; камандуючы ВПС арміі, фронту, нам. камандуючага паветр. арміяй. Да 1955 на адказных пасадах у ВПС.

Я.М.Нікалаенка.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Віктар Ціханавіч) (н. 9.8.1944, г. Растоў-на-Доне, Расія),

адзін са стваральнікаў сістэмы нац. ваен. адукацыі на Беларусі. Ген.-маёр (1989). Дац. (1995). Скончыў Ваенна-камандную акадэмію ППА імя Г.​К.​Жукава (1978). З 1982 камандзір дывізіі, корпуса ППА. У 1991—94 нач. Мінскага інж.-зенітнага ракетнага вучылішча ППА, з 1995 нам. нач. Ваен. акадэміі Беларусі. У 1997—99 нам. гал. рэдактара выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар артыкулаў па праблемах рэфармавання Ўзбр. Сіл Беларусі і дапаможнікаў для падрыхтоўкі спецыялістаў ППА.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (5.4.1900, г. Кіеў — 25.12.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну на Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 1-м і 3-м Бел., 1-м Укр. і Забайкальскім франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік вызвалення Глуска, Слуцка, Вілейкі, Мінска, Баранавіч, Пружан, Брэста. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Ганаровы грамадзянін г. Брэст.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

полк, палка, м.

1. Самастойная вайсковая адзінка, якая звычайна ўваходзіць у склад дывізіі або брыгады. Стралковы полк. □ Задача ўзвода, як і ўсяго палка, была — заняць рэйхстаг... Хомчанка. Праходзяць за ротаю рота гвардзейскія нашы палкі. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Вялікая колькасць, мноства. [Камендант:] — За ім [Шэметам], відаць, полк падшыванцаў стаіць. Бажко. Стаяць палкі баравікоў; дрыжыць басок чмяліны. Вялюгін.

•••

Кавалергардскі полк — першы полк гвардзейскай цяжкай кавалерыі, які ахоўваў асоб царскай фаміліі.

У нашым палку прыбыло гл. прыбыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т. л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т. л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т. л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т. л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.​М.​Вяроўка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падмацава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмацаваць.

2. Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Шмат было і такіх [дзяцей], для каго.. кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. Брыль.

3. Воінская часць, атрад для падтрымкі другіх войск. — Перадайце ў штаб, каб далі падмацаванне,.. — крыкнуў маёр сувязному са штаба дывізіі. Няхай. / Пра групу людзей для падтрымкі, дапамогі каму‑н. — Адкуль з’явіліся гэтыя маладыя людзі? — працёршы акуляры, смяшліва ўтаропіўся Юрка на Люсю і Гошку. — Падмацаванне нам? Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЛІ́НЧЫКАЎ (Моталь Абелевіч) (25.3.1896, г. Краслава, Латвія — 11.11.1935),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1912. З 1919 у Чырв. Арміі, нам. нач. палітаддзела 17-й дывізіі на Зах. фронце. З канца 1920 нам. наркома працы БССР. З ліст. 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага акр. к-та КПП. У 1922—28 зняволены ў турмах Польшчы. У 1928—35 чл. Бюро ЦК КПЗБ, кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Дэлегат I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ, VI (1932) з’езда КПП, VII кангрэса Камінтэрна.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)