ДЗЕЕПРЫСЛО́ЎЕ,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыслоўя. Мае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння або акалічнасці спосабу дзеяння (у ролі выказніка ўжываецца толькі ў асобных гаворках: «Ён быў паехаўшы»). У бел. літ. мове захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («чытаючы» — «прачытаўшы»), зваротную і незваротную формы («бялеючыся» — «бялеючы»). Форма незакончанага трывання ўтвараецца ад асноў цяперашняга часу суфіксамі «-учы (-ючы)», «-ачы (-ячы)» («несучы», «баючыся», «чытаючы», «лежачы», «гледзячы»); форма закончанага трывання — ад асноў прошлага часу суфіксамі «-ўшы», «-шы» («зрабіўшы», «прагуляўшы», «высахшы»). У сказе Дз. павінна адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў-выказнік. Разам з паясняльнымі словамі ўтварае дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое ў сказе ўжываецца як акалічнасць і звычайна адасабляецца.
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 61—65;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 6, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕР-СПЛАВІ́НСКІ ((Lehr-Spławiński) Тадэвуш) (20.9.1891, г. Кракаў, Польшча — 17.2.1965),
польскі мовазнавец-славіст. Акад. АН у Кракаве (1928), Польскай АН (1952), многіх замежных АН. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1913). З 1919 праф. Пазнанскага, з 1922 Львоўскага, у 1929—62 Ягелонскага ун-таў. Заснавальнік, першы кіраўнік Аддзялення славяназнаўства і старшыня к-та славяназнаўства Польскай АН. Даследаваў дыялектнае расчляненне праславянскай мовы, адносіны сваяцтва слав. моў, слав. акцэнталогію і анамастыку, праблемы этнагенезу і прарадзімы славян. Асн. працы: «З даследаванняў над славянскім акцэнтам» (1917), «Аб праславянскай метатоніі» (1918), «Палабская граматыка» (1929), «Пра паходжанне і прарадзіму славян» (1946), «Польская мова. Паходжанне, узнікненне, развіццё» (1947), «Праблемы групавання славянскіх моў», «Адносіны роднасці рускіх моў» (абедзве 1957) і інш. Аўтар падручнікаў па пытаннях паланістыкі, багемістыкі, царк.-слав. мовы і інш.
т. 9, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),
польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філарэтаў. З 1832 рэдактар сатыр. час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).
А.В.Мальдзіс.
т. 10, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,
камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙВС ((Graves) Роберт) (26.7.1895, Лондан — 7.12.1985),
англійскі пісьменнік, літаратуразнавец. Сын ірландскага паэта А.П.Грэйвса. Скончыў Оксфардскі ун-т (1926), праф. гэтага ун-та ў 1961—66. Аўтар больш як 50 зб-каў паэзіі; майстар філас., пейзажнай і любоўнай лірыкі («Выбраныя вершы», 1938; «Вершы, 1938—1945», 1946, і інш.). Вядомасць яму прынеслі гіст. раманы «Я, Клаўдзій», «Боскі Клаўдзій» (абодва 1934), «Залатое руно» (1944), «Цар Ісус» (1946), «Дачка Гамера» (1955) і інш., а таксама аўтабіягр. раман «Развітаемся з усім гэтым» (1929). Аўтар літ. тэарэт. даследаванняў («Белая багіня. Гістарычная граматыка паэтычнага міфа», 1948, і інш.), перакладаў твораў Гамера, Апулея, Тэрэнцыя, Умара Хаяма. Каралеўскі залаты медаль і Залаты медаль паэта на Алімпійскіх гульнях у Мехіка (1968).
Тв.:
Рус. пер. — Скрипка за пенни: Стихи. М., 1965;
Мифы Древней Греции. М., 1992.
Літ.:
Seymour-Smith M. Robert Graves. London, 1982.
Н.М.Саркісава.
т. 5, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,
разыходжанне, узаемнае аддаленне роднасных моў або дыялектаў адной мовы (напр., Д. індаеўрапейскіх моў пасля распаду індаеўрап. прамовы; Д. ўсх.-слав. дыялектаў праслав. мовы, што прывяло да фарміравання бел., укр. і рус. моў і інш.). Д. абумоўліваецца самастойнасцю развіцця роднасных этнасаў, што звязана са зменамі сац. умоў іх існавання (міграцыі, перамены ў моўна-этнічным акружэнні пэўнага этнасу, уваходжанне роднасных этнасаў у розныя дзярж. або культ.-рэліг. ўтварэнні і інш.). Д. адбываецца шляхам паступовых змен на ўсіх моўных узроўнях (фанетыка, фаналогія, граматыка, лексіка). Д. і супрацьлеглая ёй канвергенцыя — рознанакіраваныя і ўзаемазвязаныя працэсы, якія вядуць да ўзнікнення новых моў ці моўных саюзаў.
Літ.:
Вайнрайх У. Языковые контакты: Пер. з англ. Киев, 1979;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Цыхун Г.А. Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балканаславянскім арэале: [VIII Міжнар. з’езд славістаў: Дакл.]. Мн., 1978.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 6, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы з лац. мовай навучання. Узніклі ў Зах. Еўропе ў перыяд ранняга сярэдневякоўя і былі асн. формай адукацыі да 13 ст., калі з’явіліся гар. школы з роднай мовай навучання. Выкладанне на лац. мове вялося ў царк. школах, калегіумах, некаторых гар. школах, ун-тах. У залежнасці ад тыпу школы і ўзроўню адукацыі ў Л.ш. выкладаліся чытанне, пісьмо, лац. граматыка, набажэнскія спевы, дыялектыка, арыфметыка, рыторыка і інш., вучылі складанню дзелавой дакументацыі і карэспандэнцыі на лац. мове. Элементарныя Л.ш. былі бясплатныя і даступныя ўсім слаям насельніцтва. У перыяд Рэфармацыі (з 16 ст.) роля Л.ш. як сярэдняга звяна ў адукацыі павялічылася, метады выкладання ў іх (сістэма лекцый, дыспуты) з цягам часу ўвайшлі ў практыку ун-таў. У 16—18 ст. на аснове Л.ш. ствараліся сярэднія навуч. ўстановы, якія давалі класічную адукацыю (гімназіі або педагогіумы).
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),
функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.
Літ.:
Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АН СССР. М.; Л., 1950. Т. 2;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86.
П.П.Шуба.
т. 9, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД у мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, якая з’яўляецца адной з важнейшых класіфікацыйных адзнак назоўнікаў і сродкам выражэння прадметнасці іх значэння.
У сучаснай бел. мове кожны назоўнік належыць да аднаго з трох Р.: мужчынскага, жаночага або ніякага, акрамя тых, што ўжываюцца толькі ў мн. л. («граблі», «канікулы»; іх або не адносяць ні да якога Р., або да своеасаблівага «парнага» Р.). Частка адушаўлёных назоўнікаў, якія могуць абазначаць асоб. і мужчынскага, і жаночага полу, адносіцца да т.зв. агульнага Р. («суддзя», «запявала»). Некат. назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага Р. адной родавай формай («таварыш», «аграном»), Р. нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца сінтаксічна — формамі дапасаваных азначэнняў («наш аташэ», «наша інжэню»). Прыметнікі, некат. лічэбнікі і займеннікі, дзеясловы, дзеепрыметнікі набываюць родавыя адрозненні ў дапасаванні да назоўнікаў («хрусталёвая люстра», «сваё амплуа»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)