АКА́ЦЫЯ (Acacia),

род раслін сям. бабовых. 750—800 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў, большасць расце ў Аўстраліі (выява акацыі — нац. эмблема), дзе яны, як і ў Афрыцы, істотны элемент саванны. У бат. садах і парках Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа ў 19 ст. акліматызавана каля 10 відаў. Найб. вядомыя: акацыя серабрыстая (acacia dealbata), якую вырошчваюць як дэкар. расліну (т.зв. мімоза); акацыя белая, або псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia) з роду рабінія; акацыя жоўтая, або караганнік дрэвападобны (Caragana arborescens) з роду карагана. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюць апошнія 2 віды.

Пераважна вечназялёныя дрэвы, кусты, зрэдку травы. Кветкі жоўтыя або белыя, дробныя. Плод — боб. З шэрагу відаў атрымліваюць дубільныя рэчывы і гуміарабік.

Да арт. Акацыя. Квітучая галінка мімозы.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,

паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

wyobrażenie

wyobrażeni|e

н.

1. уяўленне;

nie mieć żadnego ~a — не мець ніякага ўяўлення;

2. уст. выява

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ілюстра́цыя

(лац. illustratio = выява, жывое апісанне)

1) малюнак у кнізе, часопісе, які суправаджае тэкст, тлумачыць змест;

2) перан. прыклад, які наглядна паказвае, пацвярджае што-н.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

МАРЦІ́НІ ((Martini) Сімоне) (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),

італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).

В.​Я.​Буйвал.

С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),

цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус. правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.

Літ.:

Кучкин В.А. Повести о Михаиле Тверском. М., 1974.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «ДОМ БАЯ́РЫНА».

Існаваў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. ў 12 ст. на тэр. вакольнага горада. Рэшткі будынка выяўлены ў 1960-я г. пры археал. раскопках. Пабудаваны з дрэва і цэглы. Прамавугольны ў плане будынак (пл. каля 76 м²) унутры падзяляўся сцяной на 2 памяшканні, меў зашклёныя аконныя праёмы. У цэнтры стаяў слуп, які трымаў перакрыцце. У паўн.-ўсх. куце была глінабітная печ. Драўляныя сцены знутры абчасаны, атынкаваны і аздоблены фрэскамі. Выяўлены фрагменты фрэсак: на белым і бледна-зялёным фоне геам. і расл. арнамент чырвонага і чорнага колераў, выява мужчынскай галавы ў профіль у княжацкай шапцы, а таксама графіці са стараж. надпісамі.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Дом боярина XII в. в древнерусском Новогрудке // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. 1964. Вып. 99;

Яе ж. Древний Новогрудок. Л., 1981. С. 36—44, 121—122.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАЛА́Ц АГІ́НСКАГА.

Існаваў у 17 — 1-й пал. 19 ст. ў Віцебску на тэр. Ніжняга замка. Будынак з рысамі готыкі і рэнесансу меў складаную асіметрычную кампазіцыю. Асн. 2-павярховы ў плане аб’ём завяршаўся 2-схільным дахам са ступеньчатым шчытом у тарцы. З аднаго боку да яго прымыкала высокая гранёная вежа з купалам, з другога — невялікі аб’ём, аформлены ў 2-м ярусе кансольна-бэлечнай галерэяй з разьбяной балюстрадай. Гал. ўваход быў у выглядзе 8-граннай вежы з шатровым пакрыццём. Палац як сімвал горада адлюстраваны на пач. 18 ст. на «Чарцяжы Заходняй Дзвіны», яго выява змешчана на «Чарцяжы» Віцебска 1664. На пач. 19 ст. ў палацы размяшчалася базыльянская школа.

Літ.:

Якимович Ю.А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991. С. 69.

А.​М.​Кулагін.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іканало́гія

(ад гр. eikon = выява, вобраз + -логія)

кірунак у мастацтвазнаўстве 20 ст., які даследуе сюжэты і выяўленчыя матывы ў мастацкім творы для вызначэння яго гісторыка-культурнага сэнсу і выражанага ў ім светапогляду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

німб

(п.-лац. nimbos = воблака, туман)

1) выява ззяння ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці на іконах, карцінах рэлігійнага зместу;

2) перан. атмасфера поспеху вакол каго-н. (напр. н. славы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)