ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асцень ’шчацінка на коласе злака’ (Нас., Серб.). Укр. остень ’восці’. Форма, утвораная ад остьньць, якое ўтвараецца з субстантываванага остьнъ ’прадмет, што мае вастрыё’ (восці, асцюкі, маладое пер’е ў птушак і г. д.). Остьнъ адлюстравалася ў форме асой (гл.) з выпадзеннем ‑т‑ паміж зычнымі і ў форме асцён ’пуга з вастрыём для падгону валоў’ (Бяльк. Арх.). Праслав. *ostьnъ адлюстравана ў старарускай, старабеларускай (у Скарыны — Булыка, Весці АН БССР, 1970, 4, 124), старапольскай, польскай, палабскай (vistʼăn), чэшскай, славацкай, славенскай, сербскахарвацкай, македонкай, балгарскай мовах. Утворана з суфіксам ‑n‑ ад *ostь (гл. восці). Ад *ostь утвораны таксама зборны назоўнік асцё (параўн. укр. дыял. остє) пры дапамозе суфікса ‑j‑e, асцюк (рус., укр. остюк) з суфіксам ‑ук, асцюлька і г. д. Ад остьнъ і остенчик ’ражон’ (Булг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАШЫНАЗНА́ЎСТВА,

навука пра машыны, якая аб’ядноўвае комплекс даследаванняў па навук. асновах і прынцыпах, канструкцыях, тэхналогіях, тэарэт. і эксперым. метадах прагназіравання, забеспячэння надзейнасці і бяспекі рознага тыпу машын. Уключае: механізмаў і машын тэорыю; навук. дысцыпліны, якія вывучаюць уласцівасці матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні (матэрыялазнаўства, металазнаўства); дысцыпліны, якія даюць магчымасць вызначаць трываласць і нясучую здольнасць дэталей, звёнаў, механізмаў, трэнне і знос у іх (супраціўленне матэрыялаў, дэталі машын, тэорыі трываласці, надзейнасці, даўгавечнасці, трэння і інш.); тэхнічную дыягностыку, тэхналогію машынабудавання, тэорыю аўтам. кіравання машынамі (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя) і інш. Развіццё М. звязана з дасягненнямі аўтаматыкі, аэра-, газа-, гідра- і тэрмадынамікі, электронікі, электратэхнікі і г.д.

Важнае месца ў М. займаюць распрацоўка тэорыі і рашэнне канкрэтных задач прагназіравання і забеспячэння надзейнасці і бяспекі машын, працаздольнасці матэрыялаў, дэталей і спалучэнняў, распрацоўка методык імавернасных прагназіруючых разлікаў дэталей і зборачных адзінак (падшыпнікаў, зубчастых колаў, валоў) на даўгавечнасць, стэндавых і эксплуатацыйных выпрабаванняў. Ствараюцца сучасныя базавыя метады канструявання, разліку, вырабу, эксплуатацыі мех. сістэм у комплексе з электроннымі мікрапрацэсарнымі сістэмамі кіравання і маніторынгу тэхн. стану (гл. Мехатроніка). Станаўленне і развіццё М. звязана з працамі І.І.Артабалеўскага, А.А.Благанравава, А.Ю.Ішлінскага, К.В.Фралова і інш. вучоных Ін-та машыназнаўства і Ін-та праблем механікі Рас. АН.

На Беларусі даследаванні па М. пачаліся ў 1930-я г., з 1950-х г. вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, машыназнаўства і аўтаматызацыі (з 1971 Інстытут надзейнасці машын), механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі, БПА і інш. У працах В.М.Трэера, А.В.Лыкава, А.В.І.Вейніка, Г.К.Гаранскага, І.С.Цітовіча, П.І.Яшчарыцына, В.П.Севярдэнкі, У.А.Белага, Я.Р.Канавалава, А.В.Бераснева закладзены асновы імавернасных прагназіруючых разлікаў рэсурсу машын і яго павышэння стварэннем новых матэрыялаў, канструкцый і тэхналогій. Вучоныя і інжынеры Беларусі забяспечылі павелічэнне рэсурсаў трактароў «Беларусь» да 10 тыс. мотагадзін, хадзімасць асн. вузлоў аўтамабіляў «МАЗ» да 600 тыс. км прабегу і больш, тэрмін службы металаапр. станкоў да 10—12 гадоў, што блізка да сусв. паказчыкаў.

Літ.:

Фролов К.В. Методы совершенствования машин и современные проблемы машиноведения. М., 1984;

Болотин В.В. Ресурс машин и конструкций. М., 1990;

Берестнев О.В., Гоман А.М., Ишин Н.Н. Аналитические методы механики в динамике приводов. Мн., 1992.

А.​В.​Бераснеў.

т. 10, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бу́ры. Засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 53). Рус. бу́рый (з XII ст.), укр. бу́рий, польск. bury ’цёмна-шэры’, славац. burý. Зыходзячы з геаграфіі слова, лічаць, што гэта запазычанне з усх. моў (як і многія іншыя назвы колеру): з цюрк. (тур.) bur ’рыжай масці’ < перс. bōr ’гняды, рыжай масці’. Міклашыч, Türk. El., 1, 269; Nachtr., 1, 18; 2, 90; Міклашыч, 24; Корш, AfslPh, 9, 493 і наст.; Праабражэнскі, 1, 54. Але і тут ёсць няпэўнасці (гл. Слаўскі, 1, 51; Курыловіч, PF, 10, 335–336). Іншая версія: запазычанне з лац. burrus ’багровы’ (Бернекер, 102; Мацэнаўэр, LF, 7, 17 і наст.; Брукнер, 50). Махэк₁ (51–52) лічыў, што славац. burý (аб масці валоў) < рум. bur(ă) ’вол’ (а гэта з лац. burrus) і пасля пашырылася і ў іншых слав. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.

2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.

3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.

4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Незак. да наперці (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Рашуча наступаць, цясніць. Танкі напіралі з усіх бакоў. □ Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напірапіць... Чарот. // Сабраўшыся ў вялікай колькасці, насоўвацца на што‑н. Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Маўр.

3. Рабіць упор, звяртаць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н.; энергічна займацца чым‑н. Мужыкі ў гаспадарцы больш напіралі на валоў, чым на коней, а шляхта раней перайшла на коней. Пестрак. На хлеб павёў атаку я, Пятроў на бульбу напірае. Крапіва.

4. Настойліва дабівацца чаго‑н., настойваць на чым‑н. — Адстань хоць ты, Квадрыга! Азімае трэба ўбіраць. Раён на закуп напірае. Мыслівец. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Колас. // Настойліва падкрэсліваць што‑н. Напіраць на сваю занятасць. Напіраць на свае заслугі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́скеп ’дышаль у возе для валоў’ (ПСл) як транспартны тэрмін, відаць, прымыкае да ўкр. моўнай тэрыторыі, — параўн. укр. ро́скіп ’разгалінаванне (у граблях, у дышле)’. Аднак з асноўным значэннем ’раскол, расшчэп’ лексема распаўсюджана на ўсходнеславянскай тэрыторыі: бел. раске́п ’раскол (у ночвах)’, раске́піць ’расколваць’, раскяпа́ць ’шчапаць, расколваць (дор, лучыну)’, (Нас., Гарэц.), рус. смал. раске́пить ’раскалоць бервяно, дровы’, пск., цвяр. раске́пина, цвяр. раске́пица ’расколіна, трэшчына’, укр. ро́скіп ’раскол, расшчэп’, стараж.-рус. скѣпати ’калоць’, поскѣпани ’расколатыя’ (Слова аб паходзе Ігара), оскѣпъ ’дрэўка (сцяга)’ (XIII ст.). Узыходзіць да прасл. *orz‑ > раз- (гл.) і ⁺скѣпати, якое Сабалеўскі (РФВ, 53, 8), Брандт (РФВ, 24, 174), Шахматаў (Очерки, 176) і інш. выводзяць з сцѣпати; Якабсон (IJSLP, 1959, 1/2, 270) мяркуе, што ў скѣпати​ ск‑ — правільнае перад ѣ, якое з *‑oi̯; пазней з ск‑ утварылася щѣ‑ (напр. шчапа́) (Трубачоў, Дополн., 3, 638). Гл. таксама раскеп, раскепіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ма́лік 1 ’след зайца’ (Інстр. II). Да малы́ (гл.): заяц малымі крокамі ідзе на жыроўку, а адтуль на новае лежбішча. Параўн. рус. паўн.-усх. малик ’лыжня на снезе’ — ’малы след’ у адрозненне ад вялікага — са́нный след (Фасмер, 2, 563).

Ма́лік 2 ’малады заяц’ (гом., Мат. Гом.). Да малы́ (гл.): малады заяц (да 1 года ўзростам), значна меншы за старога. Аналагічна ўтвораны чэш. malík ’мезенец’, ст.-польск. malik (XV ст.), ст.-славян. mȁlič ’гном, нячысцік’, ’д’ябал’, malík ’рэха’. Не выключана сувязь зайца з міфалогіяй ці старажытнымі вераваннямі (параўн. Брукнер, 319).

Малі́к ’патыліца’ (Нас., Растарг.), паўд.-усх. ма́лік (КЭС), чачэр. ’карак у свінні’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). З укр. мали́к ’тс’, ’гарбун’, якое з гамали́к ’карак’ < тур. hamallık ’прафесія насільшчыка’ < hamal ’насільшчык’ > араб. ḥammāl ’тс’ (ЕСУМ, 1, 464). Сюды ж і польск. malik ’хвароба коней і валоў: падскурныя гузы на шыі і лбе’, koń malikowaty ’конь з праваленым, увагнутым хрыбетным’; ’нешчаслівы, фатальны’ (Варш. сл., 2, 858).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́га 1 ’ярмо для запрагання валоў’ (мін., Жыв. сл., 42). Рус. и́го ’прыгнёт’, уст. ’ярмо’, укр. і́го ’ярмо’, польск. jugo ’ярмо, перакладзіна ў санях’, палаб. jaiďü ’прыгнёт, ярмо’, чэш. jho ’тс’, славен. igȏ ’прыгнёт, валоўе ярмо’, серб.-харв. уст. иго ’прыгнёт, ярмо’, балг. и́го ’прыгнёт’, макед. иго ’прыгнёт, ярмо’. Ст.-слав., ст.-рус. иго ’прыгнёт, ярмо’. Прасл. *jьgo < *i̯ŭgom узыходзіць да і.-е. *i̯eu̯‑g‑ ’звязваць’; параўн. і.-е. матэрыял: літ. jùngas ’ярмо’ (n — пад уплывам дзеяслова jùngti ’злучаць, запрагаць’), ст.-інд. yugám ’ярмо’, junákti ’запрагаць, спалучаць’, лац. iugum ’ярмо’, iungō ’звязваць, злучаць’, грэч. ζυγόν ’ярмо’, ζεύγνῡμι ’запрагаць, спалучаць’, хец. i̯ukan ’ярмо’, гоц. juk ’тс’, арм. luc ’тс’, авест. yaog‑ ’запрагаць’. Бернекер, 1, 421–422; Покарны, 1, 508–509; Фасмер, 2, 115–116; Слаўскі, 1, 445–446; Безлай, 1, 208; Трубачоў, Эт. сл., 206–208, там жа падрабязны агляд літ-ры. Этнаграфічны бок гл. Машынскі, Kultura, 647–656.

Іга́ 2 ’злая жанчына’ (Нас.). Гл. яга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)