АЛЯ́Б’ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),

рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр. нар. песень.

Літ.:

Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел. нар. песні.

Б.С.Смольскі.

Л.Ф.Аляксеева.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСТАЙН ((Bernstein) Леанард) (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),

амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫО ((Berio) Лучана) (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.Ф.Гедыні, у Л.Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. Ансамблі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСІЛО́ЎСКІ (Яўген Рыгоравіч) (12.11.1905, г. Растоў-на-Доне — 1981),

казахскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў прафес. жанраў у каз. муз. мастацтве. Нар. арт. Казахстана (1936). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). З 1944 выкладаў у Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1955 праф.). Аўтар першых каз. опер («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Ер-Таргын», 1937; «Гвардыя, уперад!», 1942; «Дударай», 1953), сімфоній (у т. л. 6-й «Курмангазы», 1965), кантаты, вак.-сімф., камерных, інстр. твораў. У ліку яго вучняў К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, М.Тулебаеў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Казахстана (1939—53). Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

Літ.:

Ерзакович Б. Аксакал казахской музыки // Композиторы Казахстана: Сб. очерков. Алма-Ата, 1982. Вып. 2.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́НСКІ (Lisinski) Ватрослаў [сапр. Фукс

(Fuchs) Ігнац; 8.7.1819, г. Заграб — 31.5.1854], харвацкі кампазітар; буйнейшы прадстаўнік харвацкай музыкі, звязаны з рухам «ілірызму» (уздым грамадска-паліт. і культ. жыцця Харватыі ў 1830—40-я г.). Музыцы вучыўся ў Заграбе і Празе (1847—50). У творчасці апіраўся на нац. нар.-песенную аснову. Аўтар першай нац. рамантычнай оперы «Любоў і злосць» (паст. 1846). Сярод інш. твораў: опера «Порын» (1851, паст. 1897),

7 уверцюр, у т.л. «Югаславенская» (1848) і «Белона» (1849), п’есы для аркестра, для фп., вак. творы, у т.л. хары a capplla, песні, апрацоўкі нар. мелодый.

Літ.:

Марковац П. В.Лисинский // Из прошлого югославской музыки. М., 1970.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ АБЛАСНЫ́ АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА Існаваў у 1945—62 у г. Маладзечна Мінскай вобл. Створаны на базе агітатрада імя М.Горкага, які пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў працягваў дзейнасць пад назвай Партыз. ансамбль Вілейскай вобл. З 1946 прафес. калектыў, у 1947 папоўнены артыстамі расфарміраванага Мазырскага (Палескага) ансамбля песні і танца. Кіраўнікі: А.С.Нікалаеў і Ф.Р.Ягадзінскі, з 1952 А.І.Білібін. Манера выканання акадэмічная. Выступаў у суправаджэнні баяністаў. У рэпертуары апрацоўкі бел. («Ой, ляцелі гусі з броду»), рус. і ўкр. нар. песень, творы муз. класікі, арыгінальныя вак.-харэаграфічныя кампазіцыі «Партызанскія танцы», «Ураджайная». Расфарміраваны.

Літ.:

Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди Нарочанского края. Мн., 1975.

Г.І.Цітовіч.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЬСО́Н ((Gilson) Поль) (15.6.1865, Брусель — 3.4.1942),

бельгійскі кампазітар, муз. крытык; адзін з заснавальнікаў сучаснай фламандскай кампазітарскай школы. Праф. Брусельскай (1899—1901) і Антверпенскай (1904—09) кансерваторый. У 1925 засн. час. «Revue musicale belge» («Бельгійскі музычны часопіс», існаваў да пач. 1940-х г.). У яго творчасці своеасабліва пераўтвораны традыцыі нац. муз. фальклору, дасягненні еўрап. і рус. муз. культур. Найб. вылучаецца яго аркестравая музыка — сімфонія «Мора» (1890), сімф. варыяцыі (1902) і інш. Аўтар опер «Прынцэса Сонечны Прамень» (1903), «Людзі мора» (паводле В.Гюго, 1904), балета «Нявольніца» (1904), вак.-сімф. твораў, у т.л. араторыі «Дэман» (паводле Ю.Лермантава), кантаты «Сінай» (1889) і інш., муз.-тэарэт. прац па гармоніі і аркестроўцы.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лілі) (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),

нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм. сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.Т.Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т.л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Норма («Норма» В.Беліні), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)