САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс. га, у т. л. р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САХА́»,

сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.​Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.​Павалковіч (1927), М.​Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.​Петрашкевіч, К.​Сініцкі, Я.​Пачопка (Я.​Башкір), Ю.​Бусел, Я.​Крыўка, Я.​Дыла (Н.​Бываеўскі), Л.​Папроцкі, Уласаў, А.​Баніцэвіч і інш. У зах.-бел. перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.​Войцікава (З.​Верас), М.​Манцэвіч.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Куча зваленых у беспарадку прадметаў, рэчаў. Груды развалін. □ Быццам вузей стала вуліца, заваленая грудамі бярвення. Васілевіч. Цёмнай грудай.. ляжалі непатрэбныя гаспадарчыя прылады. Самуйлёнак.

2. Замёрзлая, засохлая гразь. Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе. Гарэцкі.

3. Глыба, кусок чаго‑н. цвёрдага, звычайна зямлі. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Шамякін. Збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська Бусел. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жа́бнік 1 ’пасудзіна для захоўвання жаб’ (ТСБМ). Ад жа́ба 1, відаць, праз прым. жабн‑ы з суф. ‑ік (*жабнае месца).

Жа́бнік 2 ’расліна Hydrocharis L. (парэз), водарасць, якая свабодна плавае’. Відаць, ад жа́ба 1 паводле суіснавання ў вадаёме або іншых прыкмет. Выкарыстоўваецца і як назва іншых раслін (параўн. рус. дыял. жабник ’Filago L. Ranunculus ficaria L., Menyanthes trifoliata L.’ і інш., укр. жабник ’Filago L.’).

Жа́бнік 3 ’від шчупака’ (навагр., Жыв. сл., 9). Ад жа́ба 1, паводле таго, што гэты від паядае жаб. Параўн. рус. дыял. жабник ’журавель’ (СРНГ), укр. жабоїд ’бусел’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕ́ЙКА (Кандрат Тодаравіч) (17.9.1860, в. Збочна Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 6.9.1921),

бел. пісьменнік. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1879). Настаўнічаў у Косаве (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1884 на Украіне. З 1918 паралізаваны, жыў у г. Здалбунаў Ровенскай вобл. Вершы на бел. мове пачаў пісаць у 1883 («Песня ластаўкі», «Бусел», «Сарока»). У 1893 у Харкаве выдаў кн. «Руская азбука». З 1911 у газ. «Наша ніва» друкаваў апавяданні, п’есы, пераклады з укр. мовы. Яго прозу вызначае блізкасць да жыцця (апавяданні «Кульгавы дзядзька Раман» і «Таклюся-сухотніца», 1912; «Пан Трудоўскі», 1914). Апавяданні вылучаюцца пранікнёным лірызмам («Успамін», 1911), дабрадушным гумарам («Абмылка», 1915). У апавяд. «Панас Крэнт» (1913) паказаў вобраз кулака-крывасмока. П’еса «Снатворны мак» (асобнае выд. 1912, Вільня) на казачна-фантаст. сюжэт з расліннага і жывёльнага свету — першая спроба ў бел. л-ры стварыць драм. твор для лялечнага т-ра. У 1914 даслаў у рэдакцыю «Нашай нівы» зб. «Засеўкі» (выхаду перашкодзіла 1-я сусв. вайна). У 1921 выслаў у віленскае Бел. навук. т-ва 8 сшыткаў з апавяданнямі, вершамі, казкамі (лёс невядомы).

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

У кн.;

Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.

Літ.:

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 2. 2 выд. Мн., 1989.

І.​У.​Саламевіч.

К.Т.Лейка.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.

Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́свіст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Гук свісту, які суправаджае асноўны гук або наогул якое‑н. дзеянне. За сценкай па-ранейшаму чуўся храп з прысвістам, прыглушанае мармытанне. Даніленка. [Юлій] прыкметна пастарэў, кашляе глуха, з прысвістам. Жычка. Над дубамі нізка праляцеў бусел, напружана, з прысвістам, махаючы крыламі. Дуброўскі.

2. Свіст, які суправаджае спевы, танцы і пад. Самы спрытны і фарсісты [хлопец] Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. Думаў Вася мо хвіліну. Потым з прысвістам, з прыпевам Кінуўся і сам На дрэва. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляце́ць, лячу́, ляці́ш, ляці́ць; ляці́м, ляціце́, ляця́ць, ляці́; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры.

Бусел ляціць над лугам.

Ляцяць самалёты.

2. Тое, што і імчацца.

Ляціць тройка ўдалая.

3. Падаць уніз (разм.).

Л. пад адхон.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Пра час, які хутка праходзіць.

Час ляціць.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца (разм.).

Ляціць адзежа на ім.

6. перан. Імкнуцца куды-н., да каго-н. (думкамі, душой і пад.).

Л. думкамі ў сваё мінулае.

|| зак. паляце́ць, -лячу́, -ляці́ш, -ляці́ць; -ляці́м, -ляціце́, -ляця́ць; -ляці́ (да 3 і 5 знач.).

|| наз. лёт, -у, М лёце, на ляту́, м. (да 1 знач.; спец.).

◊

На ляту —

1) у час лёту, руху ў паветры;

2) мімаходам, на скорую руку, наспех (разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)