АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),

няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТО́ЗЫ,

простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).

Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мікрако́смас

(ад гр. mikros = малы + kosmos = Сусвет)

свет малых велічынь (атамаў, малекул) у адрозненне ад свету велічынь планетарнага і зорнага характару (параўн. макракосмас).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ ЛІК,

1) у крышталяхіміі — колькасць найбліжэйшых да дадзенага атама (іона) суседніх атамаў (іонаў) у крышталі. Для металаў характэрны К.л. 8 і 12, у структурах тыпу хларыду натрыю К.л. роўны 6.

2) Лік, які паказвае, колькі лігандаў можа каардынаваць каля сябе цэнтр. атам (комплексаўтваральнік) у комплексных злучэннях. Найб. пашыраны К.л. — 4 і 6, але вядома шмат комплексаў з К.л. 2, 3, 5, 7, 8 і больш.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́РНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, роўная адносінам масы рэчыва да колькасці рэчыва. Абазначаецца M. Вызначаецца формулай M = ​m/n, дзе m — маса, n — колькасць рэчыва. У СІ вымяраецца ў кілаграмах на моль (кг/моль) і колькасна роўная адноснай малекулярнай масе, памножанай на 10​−3. Для рэчываў, што складаюцца з атамаў, іонаў ці радыкалаў, вызначаецца формульная М.м. — маса 1 моль часціц, якія адпавядаюць прынятай формуле рэчыва.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алкаго́ль

(фр. alcohol, ад ар. al-kuhl = далікатны парашок)

арганічнае злучэнне, у склад малекул якога ўваходзіць група атамаў кіслароду і вадароду;

2) спіртныя напіткі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

паліме́ры

(гр. polymeres, ад polys = шматлікі + meros = частка)

высокамалекулярныя хімічныя злучэнні, якія складаюцца з аднародных, што паўтараюцца, груп атамаў і шырока прымяняюцца ў тэхніцы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),

групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).

У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]​2-, [Os6(CO)18]​2−, [Mo3NiS4]​4+, [Au55(PR3)12]​6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.

Літ.:

Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;

Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

Да арт. Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]​2−.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ТНЫЯ СТА́НЫ РЭ́ЧЫВА,

якасна розныя станы аднаго і таго ж рэчыва, якія адрозніваюцца характарам цеплавога руху часціц (атамаў, малекул). Адрозніваюць 3 агрэгатныя станы рэчыва: газ, вадкасць, цвёрдае цела (чацвёртым агрэгатным станам рэчыва часта наз. плазму). Рэчыва ў любым агрэгатным стане існуе пры пэўных умовах (т-ра, ціск), змены якіх вядуць да скачкападобнага пераходу з аднаго стану ў другі. Такая змена агрэгатнага стану рэчыва наз. фазавым пераходам першага роду.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКСІЛА́ЗЫ, монааксігеназы,

ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)