уме́льства, ‑а, н.
Уменне, спрыт, здольнасць рабіць што‑н. з вялікім майстэрствам. Умельства рук, душы натхненне ў працу ўкладвае мастак. Бялевіч. [Ніне] стала нават крыху страшнавата: хутка давядзецца самой аперыраваць, а ў яе няма такога ўмельства, якое мае Антон Сямёнавіч. Шахавец. Умельствам кухара ганарыўся сам князь. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
банке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тып нізкай табурэткі з мяккім сядзеннем прамавугольнай або круглай формы. Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол.., схадзіў у спальню і на кухню і прыцягнуў адтуль усё, на чым толькі можна было сесці, — крэслы, табурэткі, банкеткі. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калама́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Лёгкая выязная павозка на рысорах. Назаўтра Антон з Сымонам у лёгкай, на рысорах, каламажцы за дзень аб’ехалі ледзь не ўсе палі калгаса. Сіняўскі. Люба з Ларысай прыехала ў двор з горада на спружыністай невялічкай, як дваім сесці, каламажцы. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРЭ́НСКІ (Антон) (Антоній) Сцяпанавіч (12.7.1861, Ноўгарад — 25.2.1906),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас кампазіцыі М.Рымскага-Корсакава). У 1882—95 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1889 прафесар). Сярод вучняў С.Рахманінаў. З 1888 кіраўнік канцэртаў Рускага харавога таварыства, з 1895 — пецярбургскай Прыдворнай пеўчай капэлы. З 1901 канцэртаваў як піяніст і дырыжор. Кампазітар-лірык, працаваў пераважна ў камерных вакальных і інструментальных жанрах. Аўтар тэарэтычных прац.
Тв.:
Оперы «Сон на Волзе» (1891), «Рафаэль» (1894);
балет «Ноч у Егіпце» («Егіпецкія ночы», 1900);
кантаты;
2 сімфоніі (1883, 1889);
сюіта для арк.;
канцэрты;
камерна-інстр. ансамблі;
творы для фп.;
хары;
балады для голасу з арк.;
меладэкламацыі;
рамансы і інш.
т. 2, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРНО́ВІЧЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду ўласнага герба «Бярновіч». Валодалі маёнткамі ў Менскім і Новагародскім ваяв. Выводзілі свой род з Прусіі ад 1560. Найб. вядомыя Бярновічы:
Ян, заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1683 як маёр войска ВКЛ. Стольнік вендэнскі. Юрый Вільгельм, стольнік вендэнскі з 1701, у 1704—07 на вайск. службе. Міхал (24.9.1734 — пасля 1802), староста крэўскі (1764), суддзя земскі новагародскі (1783), слуцкі падкаморы (1792) і павятовы маршалак (1795—1802). Заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. Сэрвацы Станіслаў Антон 114.5.1784 — каля 1835), старшыня мінскага гал. і памежнага судоў, старшыня гал. судоў Мінскай губ., слуцкі павятовы маршалак (1808—11).
Л.А.Акаловіч.
т. 3, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЙЗЕНАЎ ((Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон) (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),
прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.
т. 5, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),
Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),
рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.С.Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус. нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.Аляб’ева) і інш.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. Л., 1959;
Соч. Л., 1986.
Літ.:
Рассадин С.Б. Спутники. М., 1983. С. 9—58.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН (Антон Іванавіч) (18.1.1897, в. Каменная Брэсцкага р-на — 9.4.1965),
генерал-лейтэнант (1942), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925, 1947), Вышэйшыя акад. курсы (1947). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. З 1941 камандуючы арміямі на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Войскі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, правядзенні Усх.-Прускай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944 нам. камандуючага 43-й арміяй, удзельнічаў у акружэнні віцебскай групоўкі праціўніка і вызваленні Віцебска (гл. Віцебскі «кацёл»). Вызначыўся пры авалоданні г. Кёнігсберг. Удзельнік вайны з Японіяй на Д. Усходзе. Да 1954 у Сав. Арміі.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ЦЕЛЬ (Антон Якаўлевіч) (5.2.1902, в. Левашы Брэсцкага р-на — 1982),
расійскі вучоны ў галіне уралогіі. Чл.-кар. АМН СССР (1963), д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. РСФСР (1963). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1924). З 1929 і ў 1953—69 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, у 1937—53 у Сталінградскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні захворванняў нырак, ныркавай гіпертэнзіі, запаленчых захворваннях і новаўтварэннях урагенітальнай сістэмы, паталогіі печані, хваробах касцей і суставаў, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Рентгенодиагностика урологических заболеваний. М., 1966 (разам з Ю.А.Пыцелем);
Опухоли мочевого пузыря и их лечение. Ташкент, 1972.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)