БАРАГВАНА́ТЫЕВЫЯ (Baragwanathiales),

парадак выкапнёвых вышэйшых раслін з аддзела дзеразападобных. Зыходныя ў эвалюцыі дзеразападобных, звязваюць іх з псілафітамі. Узніклі ў сілуры. Тыповы род барагванатыя (Baragwanathia) — найб. стараж. прадстаўнік дзеразападобных. Да барагванатыевых таксама належыць род дрэпанафікус.

Травяністыя расліны з тоўстым сцяблом. Спарангіі адзінкавыя, на кароткіх ножках на сцябле паміж «лістамі» (філоідамі). Характэрна раўнаспоравасць (прымітыўная адзнака).

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЕР, Неэр (Neher) Эрвін (н. 20.3.1944), нямецкі біяфізік. З 1972 у Ін-це біяфіз. хіміі Планка ў г. Гётынген (з 1983 кіраўнік аддзела). Навук. працы па малекулярнай біялогіі клеткі. Распрацаваў метады тэстыравання тэсціравання* і класіфікацыі іонных каналаў, вызначэння іх структуры і накіраваных змен у клетачных мембранах. Нобелеўская прэмія 1991 (разам з Б.Закманам).

Э.Неер.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ХЦІН Анатоль Якаўлевіч (н. 8.3.1931, в. Калінаўка Кіраваградскай вобл., Украіна),

бел. канструктар выліч. тэхнікі. Брат В.Я.Пыхціна. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1965—91 у Мінскім НДІ ЭВМ (нач. аддзела). Адзін з распрацоўшчыкаў мадэлей адзінай сістэмы ЭВМ і перыферыйных прылад да іх. Навук. працы па прыладах выліч. тэхнікі, сістэмах кіравання. Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБО́ВІЧ Дзмітрый Дзмітрыевіч (29.10.1909, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.4.1976),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1967). Скончыў акадэміі Ваенна-гасп. (1941) і Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім фронце: пам. і нам. нач. аддзела ў штабе тылу фронту, нам. камандзіра дывізіі і корпуса па тыле. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРДО́З,

скрыўленне пазваночніка ўперад. Першапачатковы Л. узнікае пры паталогіі пазваночніка (заганы развіцця, пухліны, запаленчы працэс). Другасны паталагічны Л. — сімптом прыроджанага ці паталаг. вывіху бядра. Праяўляецца дэфармацыяй пазваночніка (актыўныя рухі хворага аддзела пазваночніка абмежаваны) і болямі. Вядзе да апускання ўнутр. органаў (страўніка, кішак, нырак). Лячэнне — гімнастыка, масаж, у некат. выпадках нашэнне бандажа; прафілактыка — выхаванне ў дзяцей правільнай постаці.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДЗЕ́НКА Аляксандр Трафімавіч (н. 25.9.1926, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне гігіены працы. Д-р мед. н. (1983), праф. (1996). Скончыў Пермскі мед. ін-т (1949). З 1961 у БелНДІ санітарыі і гігіены (заг. лабараторыі у 1969—96, заг. аддзела). Навук. працы па вывучэнні рэпрадукцыйнай функцыі працуючых жанчын, асновах гігіены працы і прафпаталогіі ў вытв-сці шкловалокнаў і інш.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ АРХІ́Ў (ЦВМА),

навукова-даследчая ўстанова і сховішча дакументаў ВМФ Расіі з 1941. Засн. ў 1938. Знаходзіцца ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Працуе на правах аддзела Гал. штаба ВМФ і з’яўляецца гал. архівам у адносінах да інш. флатоў. У 5124 фондах ВМФ (1999) больш за 2,2 млн. архіўных спраў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў навук. і практычных мэтах.

т. 17, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКІ Іван Антонавіч (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),

бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл. ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав. к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ. сав. парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам. заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕМЯНЦЕ́Й Мікалай Іванавіч (н. 25.5.1930, в. Хотліна Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў БСГА (1959), ВПШ пры ЦК КПСС (1964). З 1952 на выкладчыцкай і гасп. рабоце ў Віцебску і Полацкім р-не. У 1958—62 інструктар Віцебскага абкома, 2-і сакратар Віцебскага райкома КПБ, старшыня Віцебскага райвыканкома. З 1964 інструктар, нам. загадчыка, загадчык с.-г. аддзела Віцебскага абкома КПБ, 1-ы сакратар Ушацкага райкома КПБ. З 1970 інспектар ЦК КПБ, з 1974 сакратар Віцебскага абкома КПБ, з 1977 заг. с.-г. аддзела ЦК КПБ. У 1979—89 сакратар ЦК КПБ. У 1989—90 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета, нам. Старшыні Вярх. Савета СССР, чл. Савета Федэрацыі СССР, у 1990—91 Старшыня Вярх. Савета БССР. Пад яго старшынствам Вярх. Савет 27.7.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Беларускай ССР. Канд. у чл. ЦК у 1971—76, чл. ЦК з 1979, чл. Бюро ЦК КПБ у 1979—91. Дэп. Вярх. Савета БССР (з 1991 Рэспублікі Беларусь) у 1977—96, нар. дэп. СССР у 1989—91. З 1997 чл. Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

М.І.Дземянцей.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЮЧО́НАК Пётр Вікенцьевіч (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел. нац. камісарыята, заг. бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг. бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг. гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг. бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.

Я.​С.​Фалей.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)