Ваўкала́к ’пярэварацень’ (Касп., Нас., БРС, Інстр. II, Гарэц., Мал.), ваўкала́ка (Янк. III, Інстр. II), вавкула́к (Грыг.), вовкула́к (Клім.), воўколака (Шн.). Рус. волкола́к, волкодла́к, вурдала́к, дыял. таксама волкола́ка, укр. вовкула́к, вовкула́ка, польск. wilkołak, чэш. vlkodlak (кніжнага паходжання; у дыял. захавалася вельмі слаба і ў пераносным значэнні ’скнара’), серб.-ц.-слав. влькодлакъ, балг. въркола́к, вълкодла́к, серб. вуко̀длак, ву̏кодлак. Прасл. *vьlkodlakъ ’ваўкалак, чалавек-пярэварацень’. Першая частка слова да *vьlkъ ’воўк’, другая да ц.-слав. длака ’валасы, футра’, серб. дла̏ка ’валасы, шэрсць’, славен. dláka (Фасмер, 1, 338–339).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́мары ’ручкі папярочнай пілы ў выглядзе трубак; у іх убіваюцца калкі’ (Шат.), га́мар ’верхняя ручка ў падоўжнай піле’ (Касп.). Сюды ж гама́рка ’вушка ў піле’ (Шатал.). Параўн. яшчэ ўкр. га́мірка ’нізкая драўляная ручка ў вялікай піле, якой распілоўваюць дрэва на дошкі’ (Грынч.). Мяркуем, што гэтыя словы таго ж паходжання, што і га́мар 1 (гл.), г. зн. запазычаны з ням. мовы. Назва молата была перанесена (у некаторых выпадках з афармленнем суфіксацыяй ‑к(а)) на ’ручку, дзяржальна’ (спачатку молата, а потым наогул розных прылад). Гл. яшчэ га́мар 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нарошча ’спосаб, прыём, метад’ (полац., Нар. лекс.), нарошч ’раз, спосаб’ (міёр., Нар. сл.), наро́шчы мн. ’прыступы’, параўн.: «Зуб разбалеўся, учора трыма нарошчамі як уздымецца боль…» (мядз., Нар. словатв.). Няясна; наўрад ці ад нараста́ць ’узрастаць, з’яўляцца зноў і зноў’, хаця апошні прыклад мог бы сведчыць у карысць такога паходжання слова, параўн. наварат ’прыём, заход’. Магчыма, да *orzčęti ’пачаць’, параўн. балг. начин ’спосаб’ (*načęti ’пачаць’) і пад., або да ра́ска ’столка’ (міёр., Нар. сл.) з пераходам а > о пад націскам тыпу штаны/штонікі і чаргаваннем тыпу доска/дошчка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ас лётчык вышэйшага класа; у апошні час наогул спецыяліст вышэйшага класа’. З рус. ас (Крукоўскі, Уплыў, 82), дзе з 1910 (Успенскі, ЯиМ, 6–7, 198) з франц. as, якое ў значэнні ’добры салдат, лепшы спартсмен’ фіксуецца з XX ст.; лац. assiṡ няяснага паходжання абазначала адзінку вагі грашовую адзінку, у французскай з XII ст. азначала грашовую адзінку, адзінку на касцях, а потым на картах (на выкарыстанне ас як картачнага тэрміна ў беларускай мове ўказваў Карскі Чарнышову, Избр. тр., 2, 444), адкуль і перайшло ў спартыўнае і вайсковае арго.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Багамо́л 1, багамаленне, багамолле. Рус. богомо́л, богомо́лье, укр. богоміл і г. д. Відавочна, агульная калька кніжна-царкоўнага паходжання адносна новага часу (гэтых слоў няма ў Садніка–Айцэтмюлера, Handwört.; Старасл. сл.; у Бярынды). Багамолле ’яўрэйскае малітоўнае ўбранне’ (насмешл. ’адзенне’ (Шат.) — гэта метафара. Параўн. укр. дыял. багаме́л ’кій’ (мабыць, ад богомол, гл. Манжура).
Багамо́л 2 ’насякомае’. Рус. богомо́л, богомо́лка ’тс’. Да багамо́л 1 па знешняму падабенству. Параўн. у Даля: «насекомое Mantis, сидящее недвижимо в чинном положении и внезапно выкидывающее необыкновенной длины клешни, для поимки добычи». Параўн. ням. Gottesanbeterin ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
База́р 1 ’рынак, базар’ (БРС, Бяльк.). Рус. база́р, укр. база́р. Запазычанне з цюрк. моў (з цюрк. дыял. bazar, параўн. тур. і г. д. pazar < перс. bāzār). Гл. Праабражэнскі, 1, 12; Локач, 23; Фасмер, 1, 106. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 10, дзе ўказваецца на тат. мову як на крыніцу запазычання.
База́р 2 ’плошча, пляц’ (Яшкін, Лысенка, ССП). Таго ж паходжання, што і база́р 1 (гл.). Семантычны зрух такі ж, як і ў рус. дыял. база́р ’вуліца’. У правінцыі базары раней заўсёды былі і цэнтрам «грамадскага» жыцця.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Балхва́, болхва́, больхва́ ’баваўняная немерсерызаваная каляровая фабрычная пража, што выкарыстоўваецца ў якасці ўтку пры ўзорным тканні’ (Влад.), балхва́ (баўхва́) ’каляровыя ніткі для вышывання’ (Касп.). Слова няяснага паходжання; здаецца, няма яго і ў суседніх мовах. Можна толькі выказаць няпэўную здагадку: балхва́ і г. д. узнікла (метатэзай і заменай ф > хв) з *фальба, *фалба. Апошняе можа быць запазычаннем з польск. (тэрмін шчотачнай вытворчасці) falba ’шчацінне, светлы волас’ (< ням. falb ’бляклы, бялявы, буланы’, Варш. сл., 1, 714). Немерсерызаваная пража звычайна даволі цвёрдая (параўн. значэнне ў польскі ’шчацінне, волас’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жалязня́к 1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.
Жалязня́к 2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Покрык ст.-бел. ’назва травяністай расліны з шырокімі лістамі і тоўстым коранем, Mandragora officinarum’. Параўн. у Бярынды: “Мандрагора: Покрык”. Паводле “Хронікі” Бельскага (пач. XVII ст.), “Зовут покриком, ѡ котором мног людеѕ поведают, же то ест ѩкиѕсь корен маючи зγполное выражене человека, и коли его выкопают кричит” (гл. Крамко, БЛ, 41, 85). Да крык, крычаць (гл.). У часы Сярэднявечча лічылася цудадзейнай раслінай. Параўн. таксама польск. pokrzyk ’воўчыя ягады, красаўка, Atropa belladonna’, паводле Банькоўскага (2, 684), няяснага паходжання. З польскай укр. покшик ’тс’ (ЕСУМ, 4, 485).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)