Еванге́лле з ц.-слав. мовы, дзе ѥвангелиѥ < грэч.εὐαγγέλιον ’добрая вестка’ (Фасмер, 2, 5). Форма евангелія (Яруш.) запазычана з польск. (польск.ewangelia).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паліклі́ніка ’лячэбная прафілактычная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус.поликли́ника з ням.Polyklinik ’тс’ < грэч.πόλις ’горад’ і κλινική ’лячэнне’ (Гл. ССРЛЯ, 10, 990).
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),
пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),
1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.
2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎРЫ́ЗМА (ад грэч. aneurysma расшырэнне),
абмежаванае расшырэнне крывяноснага сасуда ці поласці сэрца пры станчэнні і выпучванні яго сценкі. Адрозніваюць анеўрызмы сапраўдныя, калі выпучваюцца ўсе слаі сценак, і несапраўдныя — анеўрызматычны мяшок фарміруецца пры сценцы пашкоджанага сасуда. Анеўрызма сасудаў (артэрыяльныя, вянозныя, артэрыявенозныя) і аорты з’яўляюцца ўскладненнямі атэрасклерозу, сіфілісу, раненняў і інш. хвароб. Анеўрызма сэрца ўзнікае пасля інфаркту ў сценцы левага жалудачка. Анеўрызмы могуць парушаць кровазабеспячэнне і сціскаць прылеглыя тканкі. Магчымы разрывы анеўрызмы і крывацёкі са смяротным зыходам. Лячэнне спецыяльнае (асн. хваробы) і хірургічнае (траўматычныя анеўрызмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),
тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз.гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАМАРФІ́ЗМ (ад антрапа... + грэч. morphē форма, від),
прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл.Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НТЫ (грэч. Antai),
назва аб’яднання ўсх.-слав. плямёнаў у творах візант. і гоцкіх пісьменнікаў 6 — пач. 7 ст. Засялялі стэп і лесастэп паміж Днястром і Дняпром. Асн. занятак — земляробства; пераважала сельская абшчына. Працэс складвання дзяржавы, які пачаўся ў 3—4 ст., не быў завершаны. Вядомы правадыры («рэксы») антаў — Бож, Ардагаст, Пірагаст, Межамір і інш. Мелі моцную ваен. арг-цыю. У 4 ст. ваявалі з готамі, у 6 ст. — з Візантыяй і аварамі. На пач. 7 ст. аб’яднанне распалася.