АНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. on (ontos) існае + ...логія)],
раздзел філасофіі, вучэнне аб быцці. Даследуе сутнасць быцця, яго універсальныя, усеагульныя асновы, заканамернасці і структуры. Тэрмін уведзены ням. філосафам Р.Гакленіусам (1613) у значэнні «космас», «прырода», «прадметны свет» (у адрозненне ад гнасеалогіі — вучэння аб пазнанні). Пазней сталі выкарыстоўваць і ў дачыненні да чалавека і яго свядомасці, вызначэнні анталагічнага зместу паняццяў, што набылі формы пазнання. На розных этапах развіцця філасофіі бытавала думка, што свет, які ўспрымаецца пачуццём, несапраўдны і трэба шукаць пастаянны свет існага быцця, які можна спасцігнуць толькі розумам. Быццё як саматоесную існасць Парменід уяўляў нязменным, адзіным і супрацьпастаўляў яго пачуццёваму, множнаму, рухомаму. Арыстоцель уключаў у анталогію станаўленне, рух, якія ён звязваў з пераходам магчымасці ў рэальнасць. Філосафы сярэднявечча вырашалі праблемы ўзроўняў быцця (актуальны, патэнцыяльны, субстанцыяльны і інш.). Матэрыялістычная анталогія новай філасофіі разглядае асвоеную чалавекам з дапамогай навукі і тэхнікі прыроду, матэрыяльна-прадметную рэальнасць па-за чалавекам. Паварот ад прыродна-натуралістычнай да суб’ектыўна-гнасеалагічнай трактоўкі быцця з улікам вопыту суб’екта зроблены ў філасофіі Р.Дэкарта, І.Канта, І.Фіхтэ, Г.Гегеля і інш. Паводле К.Маркса, адзінства прыроднага і чалавечага быцця дасягаецца ў працэсе сац. дзеяння, якое ахоплівае і матэрыяльную, і духоўную вытв-сць. М.Хайдэгер, спалучаючы сэнс быцця з быццём чалавека, асаблівае значэнне ў анталогіі надаваў часу, мове (як «дому быцця»), культуры. Сучасны стан анталогіі абумоўлены гіст. этапам развіцця грамадства з уласцівай яму на гэтым узроўні спецыфікай узаемасувязі быцця і свядомасці супярэчнасцямі паміж імі. Адна з гэтых супярэчнасцяў у тым, што прыроданавук. і сацыялагічным мадэлям не заўсёды можна знайсці адпаведнасці ў прыродзе і грамадстве. Другая супярэчнасць звязана з працэсамі інтэграцыі грамадскага быцця ў агульначалавечае з узвышэннем да яго ўзроўню нац., рэгіянальных інтарэсаў, ідэй і культуры. Гэта абвастрае праблематыку анталогіі, але павышае яе актуальнасць, асабліва ролю ўсеагульнасці, навук. спасціжэнне якой дазваляе чалавеку (яго свядомасці) правільна арыентавацца ў розных абставінах.
Літ.:
Лосев А.Ф. Философия. Мифология. Культура. М., 1991;
Хайдеггер М. Время в бытие: Статьи и выступления. Пер. с нем. М., 1993;
Широканов Д.И. Основные этапы становления единства и развития как логических принципов // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;
Петрущик А.И. Перспективы единства мышления и бытия в современном мире // Научно-технический прогресс: взаимодействие факторов и тенденции развития. Мн., 1989;
Алексеева Е.А. Разум и онтология сознания // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,
сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус.грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел.літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМУ ПРЫ́НЦЫП,
погляд на быццё, чалавечае грамадства і культуру як на працэсы, што змяняюцца ў часе і прасторы, маюць набор пэўных прыкмет, спецыфічных для кожнай гіст. эпохі, рэгіёна ці этнічнай супольнасці. Гістарызму прынцып несумяшчальны з архаізацыяй або мадэрнізацыяй аб’ектаў даследавання, калі яны характарызуюцца паняццямі і аксіялагічнымі крытэрыямі папярэдніх або пазнейшых ступеней гіст. развіцця. Класічная антычная культура сфарміравалася на аснове фаталістычнага светапогляду, паводле якога лічылася, што гіст. падзеі, катастрофы ў жыцці народаў і асобных людзей прадвызначаны лёсам, якому падпарадкавана людское і боскае жыццё. Пазней узнікла гіст. навука (гл.Гісторыя), у якой прагматычнае апісанне падзей і людскіх учынкаў дапаўнялася міфал. сюжэтамі. Гістарызм як спецыфічны прынцып рэтраспектыўнага ўпарадкавання пройдзеных этапаў грамадскага быцця і культуры сфарміраваўся ў стараж.-егіпецкай цывілізацыі, яскрава выявіўся ў біблейскай гісторыі. Біблія паслужыла крыніцай для правідэнцыялісцкай канцэпцыі сярэдневяковай гіст. навукі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва гістарызму прынцып паступова секулярызаваўся, гіст. падзеі пачалі тлумачыць натуральнымі, сац.-паліт. і псіхал. прычынамі, узніклі першыя канцэпцыі філасофіі гісторыі (тэорыя «кругаваротаў» Дж.Віка, гіст. прагрэсу І.Гердэра, інш. філосафаў Асветніцтва). Г.Гегель стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гіст. працэс — гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку (субстанцыі) быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нац. ідэі таго ці іншага гіст. народа. К.Маркс, Ф.Энгельс, рас. марксісты Г.Пляханаў, У.Ленін і інш. на аснове інтэрпрэтацыі гегелеўскай дыялектыкі стварылі гістарычны матэрыялізм, паводле якога гіст. працэсы вызначаюцца развіццём матэрыяльнай асновы грамадскага быцця — дыялектычнай супярэчнасцю паміж прадукцыйнымі сіламі і вытв. адносінамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзнікла канцэпцыя гісторыі як паслядоўнай змены нацыянальна замкнёных культ.-гіст. тыпаў (М.Данілеўскі, К.Лявонцьеў у Расіі) і «закрытых» цывілізацый (О.Шпенглер у Германіі). Бел. навука навука 16—18 ст. захавала фрагменты характэрнага для папярэдняй летапіснай гісторыі правідэнцыялізму. Аднак паступова яны выцясняліся прагматычным метадам, паводле якога гіст. падзеі з’яўляюцца вынікам мэтанакіраваных учынкаў герояў і народаў. У пач. 20 ст. пачалося даследаванне гісторыі Беларусі, яе духоўнай культуры з пункту гледжання нац. самабытнасці. Гегелеўская філасофія гісторыі была дапоўнена дэмакр. прынцыпамі раўнацэннасці ўсіх народаў і іх культур, адкінуты імперскія міфы пра «негістарычныя» народы. Рэалізацыя гэтых ідэй адбывалася ў ходзе даследавання гісторыі і культуры Беларусі, у абагульняльных даследаваннях па гісторыі, л-ры, маст. культуры, шматлікіх энцыклапедычных выданнях («Гісторыя Беларускай ССР», т. 1—5, 1972—75; «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87; «Янка Купала», 1986; «Францыск Скарына і яго час», 1988; «Этнаграфія Беларусі», 1989; «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1993—97, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст.грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.
У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л.эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст.грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст. плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).
У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн.гіст. тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел.нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога даюць рацыянальнае тлумачэнне ведаў, навук. тэорый, сац. ідэй і ін-таў на аснове іх крытыкі і ўдасканалення. Узнік у 1920—30-я г. ў Зах. Еўропе і ЗША. Асн. яго прынцыпы сфармуляваў К.Р.Попер; гал. прадстаўнікі Г.Альберт (ФРГ), Т.Кун, І.Лакатас, Дж.Уоткінс (Вялікабрытанія), П.Феерабенд. У філасофіі і метадалогіі навук. пазнання К.р. адмаўляе такія яе кірункі і вучэнні, як неапазітывісцкі эмпірызм, фенаменалізм, інструменталізм, і выступае як адна з форм постпазітывізму. Непасрэднымі папярэднікамі і апанентамі К.р. былі лагічныя эмпірысты, з якімі ён разыходзіцца толькі ў пытанні аб крытэрыях дэмаркацыі, г.зн. адмежавання ад псеўданавукі, метафізікі і ідэалогіі, якія не валодаюць прыроджаным імунітэтам супраць уплыву ірацыяналізму. Паводле К.Р.Попера, метадам такой дэмаркацыі і вызначэння навук. крытэрыя ведаў з’яўляецца не верыфікацыя (супастаўленне з пачуццёвымі данымі), а фальсіфікацыя, г.зн. устанаўленне памылковасці тэорыі ў выніку эксперым. або тэарэт. праверкі; любыя навук. веды, тэорыі носяць толькі гіпатэтычны, умоўны характар і не пазбаўлены памылак (прынцып фалібалізму). Кун зыходзіць з уяўлення аб навуцы як супольнасці вучоных-прафесіяналаў, якія ствараюць канкрэтныя тэорыі, канцэптуальныя мадэлі і каштоўнасці на аснове адзінага стылю мыслення, прызнання пэўных фундаментальных тэорый і метадаў даследавання, якія ён назваў парадыгмамі, для пераходу ад старой да новай парадыгмы патрэбны не чыста рацыянальныя доказы, а перакананне і вера. Лакатос лічыць асновай рацыянальнага пазнання н.-д. праграмы, кожная з іх мае некалькі тэорый і дапаможных гіпотэз і ставіць за мэту вырашэнне канкрэтных пазнавальных праблем. Феерабенд абгрунтаваў метадалагічны прынцып праліферацыі (размнажэння) тэорый, паводле якога кожны вучоны можа вынаходзіць і распрацоўваць свае ўласныя тэорыі, і яго дзейнасць не падпарадкавана ніякім рацыянальным нормам. У рамках К.р. Альберт, У.Бартлі і інш. лічылі неабходным замяніць класічны крытэрый фальсіфікацыі Попера крытэрыем універсальнай крытыкі і адмаўлення абс. ісціны (панкрытычны рацыяналізм). У процівагу індуктывізму К.р. прапанаваў гіпатэтыка-дэдуктыўны метаднавук. даследавання, у якім пераважнае значэнне маюць рацыянальна канструяваныя схемы тлумачэння эмпірычных даных. У сац. сферы прыхільнікі К.р. лічылі ўзорам дэмакр. ўладкавання грамадства ідэальную мадэль навукі — «адкрытую супольнасць» непрадузятых вучоных-даследчыкаў, а сродкамі вырашэння канкрэтных праблем — ажыццяўленне рацыянальных праектаў вытв., культ., паліт. развіцця, выпраўленне сац. дэфектаў, далейшую гуманізацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця.
Літ.:
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
«Критический рационализм»: Философия и политика. М., 1981;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Избр. работы: Пер. с англ.М., 1983;
Современная западная философия: Словарь. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́Т (лац. creditum пазыка, доўг ад credere верыць),
пазыка ў грашовай або таварнай форме, якая даецца адной юрыд. або фіз. асобай (крэдыторам) другой асобе — пазычальніку. Уяўляе сабой рух пазыковага капіталу, які ажыццяўляецца на асновах тэрміновасці, зваротнасці і платнасці. Як эканам. катэгорыя К. вядомы з часоў рабаўладальніцкага грамадства, найб. развіццё атрымаў пры капіталізме. У рыначнай эканоміцы К. ўласціва пераразмеркавальная функцыя, таму даходы дзяржавы, прыбытак прадпрыемстваў, прыватныя зберажэнні ператвараюцца ў пазыковы капітал, які садзейнічае эканоміі выдаткаў абарачэння і накіроўваецца ў неабходныя сферы нар. гаспадаркі. К. выконвае функцыю паскарэння канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу. У працэсе яго развіцця выкарыстоўваюцца розныя віды рахункаў, дэпазітныя сертыфікаты, крэдытныя карткі і інш., адбываецца апераджальны рост безнаяўнага абароту, паскарэнне грашовых патокаў. К. бывае камерцыйны, банкаўскі, дзяржаўны, знешнегандлёвы, спажывецкі, міжнародны, іпатэчны і інш.Камерцыйны К. выдаецца прадпрыемствамі, аб’яднаннямі і інш.гасп. суб’ектамі адзін аднаму, напр., для папаўнення часовай нястачы абаротнага капіталу, пашырэння вытв-сці, а таксама ў выглядзе адтэрміноўкі плацяжу за прададзеныя тавары, выкананыя работы або паслугі. Такі К. афармляецца звычайна вэксалем. Ён не можа быць выкарыстаны для выплаты зарплаты і выдаецца толькі прадпрыемствамі-вытворцамі. Банкаўскі К., які з’яўляецца асн. формай крэдытавання, даецца банкамі, фондамі, асацыяцыямі і інш. крэдытна-фінансавымі ўстановамі любым гасп. суб’ектам. Від К., пры якім пазычальнікам выступае дзяржава, а фіз. і юрыд. асобы, якія набываюць дзярж. каштоўныя паперы, — арандатарамі, наз.дзяржаўным. Спажывецкі К. даецца пры продажы тавараў і паслуг непасрэдна спажыўцам у форме адтэрміноўкі плацяжу (у растэрміноўку). Знешнегандлёвы -К. можа быць экспартны, імпартны, камерцыйны або банкаўскі. Міжнародны К. прадастаўляецца дзяржавамі, міжнар. банкамі і фінансавымі арг-цыямі, прыватнымі банкамі і фірмамі, інш.фіз. і юрыд. асобамі ў працэсе міжнар.эканам. супрацоўніцтва і з’яўляецца важнай састаўной часткай міжнар.эканам. адносін, умовай развіцця сувязей паміж рознымі краінамі. Міжнар. банкаўскі К. можа выступаць і ў форме экспартнага, фінансавага, валютнага К. Важнай яго формай з’яўляецца і міждзярж. доўгатэрміновы крэдыт (міжурадавыя пазыкі). Пашыраецца іпатэчны К., які выдаецца іпатэчнымі камерцыйнымі банкамі, страхавымі і інш. крэдытна-грашовымі ўстановамі пад заклад нерухомай маёмасці (землі, пабудовы і інш.), а ў асобных выпадках пад заклад, машын і абсталявання. К. можа быць ільготны (даецца па стаўках, ніжэйшых за рыначныя, і часта на больш працяглы перыяд), адзыўны (выдаецца пад пераводны вэксаль, што можа быць адкліканы ў любы момант без папярэджання), рэвольверны (крэдытная лінія, сродкі па якой могуць быць запазычаны ў любы час з наступнымі рэгулярнымі плацяжамі ў пагашэнне раней абумоўленай мінімальнай сумы). Па тэрмінах выплаты К. бывае каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг.грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг.нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг.Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДАЛО́ГІЯ,
1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.
2) Вучэнне пра метадынавук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.Кантам, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінгам, Г.Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.
Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.