трапі́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тропікаў; размешчаны ў тропіках. Трапічная зона. Трапічныя краіны. // Уласцівы тропікам, пашыраны ў тропіках. Трапічныя хваробы. Трапічны лівень. Трапічная гарачыня. // Прызначаны для тропікаў. Трапічны шлем.

•••

Трапічны год гл. год.

трапі́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і тропавы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шашлы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шашлыку, уласцівы яму. Шашлычны гарнір. Шашлычны пах.

2. у знач. наз. шашлы́чная, ‑ай, ж. Сталовая, дзе гатуюць шашлыкі. А ў шашлычнай мае землякі-дружбакі З апетытам, якога не бачыла Ялта, Не смакуючы, знізвалі ўміг шашлыкі. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нябе́скі ’нябесны; блакітны, падобны колерам да светла-блакітнага неба’ (Нас.), нябескі, нябесныуласцівы небу’ (Яруш.), нябескі, небескі ’блакітны’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), ст.-бел. небеский (1518 г.) ’нябесны; блакітны’ укр. небеський ’нябесны’, польск. niebieski ’нябесны; блакітны’, чэш. nebesky ’нябесны’, в.-луж. njebjeski ’тс’, н.-луж. njebjaski ’тс’, славен. nebeški, nebeski ’нябесны, цудоўны’, серб.-харв. не̏бески ’нябесны’, балг. дыял. небески ’тс’. Відаць, самастойнае ўтварэнне ад нябёсы, гл. неба; значэнне ’блакітны’ — арэальная інавацыя з цэнтрам на польскай моўнай тэрыторыі (параўн. яшчэ ст.-чэш. nebesky ’блакітны’), паводле Брукнера (359), з XV ст., якая распаўсюдзілася і на Беларусі. У сувязі з гэтым наўрад ці мае падставы сцвярджэнне аб запазычанні ст.-бел. небеский са ст.-польск. niebieski (Булыка, Лекс. запазыч., 185), параўн. іншыя формы: небескы птах, нбскы црь (XVI ст., Карскі 2–3, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

індывідуа́льны

(фр. individuel, ад лац. individuum = непадзельнае, асобіна)

1) уласцівы толькі адной асобе (індывідууму), асабісты (напр. і. густ, і. падыход);

2) які знаходзіцца ў асабістым карыстанні, не калектыўны (напр. і. транспарт);

3) асобны, адзінкавы (напр. і. выпадак).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНДЖАЕ́ЎСКІ ((Andrzejewski) Ежы) (19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),

польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб. апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.​Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.

Тв.:

Popiół i diament. Warszawa, 1964;

Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл. Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1987), «Тоска» Дж.​Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.​Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.​Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.​Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),

італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.​П.​Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.

А.Канова Пацалунак Амура і Псіхеі. 1796.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКАЕ ТКА́ЦТВА,

традыцыйнае нар. ткацтва на тэр. Капыльскага р-на Мінскай вобл. Вядома з 16 ст. У 17 ст. працавалі ткацкія майстэрні. З 1850-х г. да 1914 у в. Агароднікі ў майстэрні, пабудаванай кн. Радзівілам па вытворчасці абрусаў, ткалі на шырокіх кроснах. Выконвалася ў тэхніках закладнога (найб. пашыранае да 20 ст.; выкарыстоўвалі габеленавую тэхніку, у некат. узорах у нітках асновы пакідалі шчыліны; характэрны спалучэнні чырвонага і чорнага колераў), шматнітовага і пераборнага (пашырана ў 20 ст.) ткацтва. У шматнітовай тэхніцы (да 12 нітоў) ткалі больш за 200 узораў — «простых» і «павучковых». Асаблівую разнавіднасць шматнітовай тэхнікі складаюць тканіны з фактурай «у бублікі» («касматыя») з выцягнутай уточнай неразразной ніткай; найб. уласцівы спалучэнні белага і шэрага колераў. Пераборнае ткацтва мае 2 разнавіднасці. Традыц. арнаменты — геаметрычны, зааморфны, раслінны; характэрны спалучэнні белага з блакітным або рознымі адценнямі сіняга колеру. Захавалася да нашага часу ў работах некат. мясц. ткачых, сярод якіх і надомніцы Слуцкай ф-кі маст. вырабаў.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры,

армянская школа мініяцюры 2-й пал. 12—14 ст., якая склалася ў Кілікійскай армянскай дзяржаве. Сфарміравалася на аснове традыцый арм. мініяцюры і пад уплывам візант. і зах.-еўрап. жывапісу. Гал. цэнтры К.ш. — манастыры Ромкла, Грнер, Дразарк. У афармленні рукапісаў пераважалі хараны (арачнае афармленне «канонаў згоды»), маргінальныя знакі (паказальнік абзаца або главы тэксту), вял. літары, сюжэтныя ілюстрацыі. Раннія мініяцюры вызначаліся пэўнай цяжкаважкасцю арх. форм харанаў, буйным арнаментам, пераважна геам. і пальметным, цёплымі прыглушанымі тонамі. Мініяцюрам часу росквіту (2-я пал. 13 ст.; найбуйнейшы майстар — Тарос Раслін) уласцівы багацце арнаментальных форм, якія ўключалі і выявы птушак, звяроў, чалавека, віртуозны дынамічны малюнак, гучнасць фарбаў, што падкрэслівалася праз увядзенне золата, яркая эмацыянальнасць індывідуалізаваных выяў людзей. У пач. 14 ст. ў К.ш. выявіліся рысы заняпаду. Традыцыі К.ш. захоўваліся ў арм. мініяцюры да канца 18 ст.

Літ.:

Армянская миниатюра Древней Армении. Ереван, 1969.

Да арт. Кілікійская школа мініяцюры. Тарос Раслін. Пераход яўрэяў праз Чырвонае мора. Мініяцюра з «Чашоца» Хетума II. 1286.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)