О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),
род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід.псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл.Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст.арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.
Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш.Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш.Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.
На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк.рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял.Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж.акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац.акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;
Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.
Г.Р.Куляшова.
Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-та па ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар. промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксама стараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд.Колас.Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа.Брыль.
2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі.Самуйлёнак.Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы.Савіцкі.// Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты.Танк.
3.Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты.«Звязда».Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер.Шашкоў.
4.Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему.Колас.
5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды.Ваданосаў.
6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх.Танк.
7.перан.; пачым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы.С. Александровіч.
8.звычайнабез дап.(узлучэннісасловамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.
9.безас.Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?
Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата.Васілевіч.Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй.Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАЛІ́ (Mali),
Рэспубліка Малі (République du Mali), дзяржава ва ўнутр. частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на З з Сенегалам, на Пн з Маўрытаніяй і Алжырам, на У з Нігерам, на ПдУ з Буркіна-Фасо, на Пд з Кот-д’Івуарам і Гвінеяй. Пл. 1,22 млн.км². Нас. 11,8 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г.Бамако. Падзяляецца на 8 абласцей і адм. раён (дыстрыкт) Бамако.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная рэферэндумам у 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нар. сходу са 129 дэпутатаў, 116 з якіх выбіраюцца на ўсеагульных выбарах (13 мандатаў рэзервуюцца для малійцаў, што знаходзяцца за межамі краіны). Парламент выбіраецца на 3 гады. Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца ўрадам на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная (выш. 200—500 м). На Пн — частка пустыні Сахара (больш за 30 % тэр. М.), па верхнім цячэнні р. Нігер — алювіяльная раўніна. На 3, Пд і У раўнінная тэр. краіны акаймавана невысокімі горнымі масівамі. Найвыш. пункт — г. Хамбары-Тандо (1155 м). На ПнУстараж. плато Адрар-Іфарас выш. да 853 м. Карысныя выкапні: фасфарыты, жал., уранавыя, алюмініевыя, літыевыя, медныя і поліметал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, ападкаў 50—200 мм за год, дажджлівы перыяд менш за 3 месяцы, сярэдняя т-растудз. 20—22 °C, ліп. 32—35 °C; на Пд клімат экватарыяльных мусонаў, ападкаў 500—1000 мм (на крайнім Пд — 1500 мм), дажджлівы перыяд 3—5 месяцаў, сярэдняя т-растудз. 22—23 °C, ліп. 26—27 °C. Пастаянныя рэкі толькі на Пд, галоўныя — Нігер, Сенегал і іх прытокі; на асобных участках суднаходныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Расліннасць мае шыротную занальнасць. У пустыні і паўпустыні расліннае покрыва вельмі рэдкае: злакі, эфемеры, салянкі, тамарыксы і акацыі. У саванне суцэльнае травяное покрыва, дрэвы — баабаб, сейба, пальмы. На крайнім Пд высакатраўная саванна з галерэйнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 6 % тэрыторыі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопы, газелі, гепарды, шакалы, леапарды, гіены, жырафы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Букль-дзю-Баўле, 5 запаведнікаў. Прыродны запаведнік скала Бандыягары («Зямля дагонаў») уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Палавіну насельніцтва, складаюць народы моўнай сям’і мандэ (бамбара, малінке, санінке), жывуць на З і ў цэнтр.ч. краіны. Есць народы бантоідных моўных груп (фульбе, валоф, мосі, сенуфа), на Пн і ПнУ — туарэгі і маўры. Невял. колькасць еўрапейцаў, пераважна французаў. 90% насельніцтва вызнае іслам, 9% — традыц. вераванні (на Пд), 1 % — хрысціянства (у гарадах). Сярэднегадавы прырост 3,18% (1997). Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км², на Пд да 30—50 чал. на 1 км². На Пн амаль усё насельніцтва качавое і паўкачавое, шчыльн. каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найб. гарады (1995, тыс.ж.): Бамако—919, Сегу—99, Мопты—78. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 1%, У абслуговых галінах — 19%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя М. вывучана слаба. З 3-га тыс. да н.э. развівалася земляробства. У сярэднія вякі на тэр. сучаснага М. існавалі дзярж. ўтварэнні Гана (3—13 ст.), Малі (8—17 ст.), Сангаі (15—16 ст.); пануючай рэлігіяй стаў іслам. Дзяржава Сангаі пасля разгрому яе ў 1591 мараканскімі войскамі распалася на шэраг дробных княстваў, якія ў 3-й чвэрці 19 ст. ўвайшлі ў склад дзяржавы тукулераў Хадж Амара, а ў канцы 19 ст. заваяваны Францыяй. У 1890 б.ч.тэр. М. аб’яднана ў калонію Франц. Судан (у 1899 скасавана, у 1920 адноўлена), з 1895 — у складзе Франц.Зах. Афрыкі. З 1945 М. — «заморская тэр.» Францыі. У 1946 у М. заснавана паліт. партыя Суданскі саюз на чале з М.Кейтам (з 1959 адзіная партыя ў краіне), якая ўзначаліла нац.-вызв. рух. З 28.9.1958 М. пад назвай Суданская Рэспубліка — аўт. дзяржава ў складзе Франц. супольнасці. У крас. 1959 М. аб’ядналася з Сенегалам у Федэрацыю М., якая 20.6.1960 абвясціла сваю незалежнасць. У жн. 1960 федэрацыя распалася.
22.9.1960 абвешчана Рэспубліка М. Выбраны прэзідэнтам Кейта пачаў ажыццяўляць курс на некапіталіст. развіццё краіны. У 1967 ва ўмовах эканам. крызісу Кейта стварыў Нац.к-т абароны рэвалюцыі, які засяродзіў у сваіх руках усю ўладу (парламент быў распушчаны). У выніку ваен. перавароту (ліст. 1968) да ўлады прыйшоў Ваен.к-тнац. вызвалення на чале з М.Траарэ. У 1974 прынята новая канстытуцыя, якая ўстанавіла аднапарт. рэжым. У 1979 створана кіруючая і адзіная ў краіне партыя Дэмакр. саюз малійскага народа, адбыліся прэзідэнцкія (выбраны Траарэ) і парламенцкія выбары. У 1990 у М. пачаўся шырокі дэмакр. рух супраць аўтарытарнага рэжыму Траарэ. Пасля масавых дэманстрацый прыхільнікаў дэмакратыі 26.3.1991 Траарэ скінуты і ўлада перайшла да Савета нац. згоды на чале з А.Т.Турэ; распушчаны парламент і Дэмакр. саюз малійскага народа, уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя М., якая абвясціла прынцып падзелу ўлад. На выбарах у парламент у студз.—лют. 1992 перамог Альянс за дэмакратыю ў М. (АДЭМА), яго лідэр А.У.Канарэ ў крас. 1992 выбраны прэзідэнтам краіны. Акрамя АДЭМА у М. дзейнічаюць Нац.к-тдэмакр. ініцыятывы, Суданскі саюз — Афр.дэмакр. аб’яднанне, Малійская партыя за развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і прагрэс і інш. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 3.11.1993.
Гаспадарка. М. — адна з найбяднейшых краін свету. Штогадовы даход на 1 чал. каля 280 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы ствараецца 49% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 17%. Эканоміка адрозніваецца шматукладнасцю: натуральныя і паўнатуральныя дробнатаварныя сял. гаспадаркі, прыватны і замежны капітал, дзярж. сектар. Сялянскае землеўладанне дробнае (каля 0,5 га на душу). Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,5 млн.га, пад пашу выкарыстоўваюць каля 110 млн.га зямель у саваннах, паўпустынях і пустынях. У земляробстве пераважае аблогавая сістэма. Арашаецца 78 тыс.га (1993). Пад збожжавымі (проса, сорга, рыс, кукуруза) 85% пасяўных плошчаў, пад бавоўнай 7%, пад арахісам 5%. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, кенаф, з харчовых — ямс, батат, маніёк. Асн. раён земляробства ў цэнтры і на ПдЗ — у далінах Нігера і прытокаў Сенегала, асабліва ва ўнутр. дэльце Нігера ў раёне г. Мопты. Садоўніцтва (ананасы, манга, папайя, гуаява, цытрусавыя) і агародніцтва (памідоры, перац, капуста, морква) на арашальных землях. Збор збожжа ад 0,9 млн.т у засушлівыя гады да 1,5 млн.т ва ўраджайныя. Жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пераважае качавая, паўкачавая і адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — больш за 5, авечак і коз — больш за 11, аслоў — больш за 0,4, вярблюдаў — каля 0,2, коней — каля 0,2. Рыбалоўства ў Нігеры і інш. рэках, каля 100 тыс.т штогод. Збіральніцтва дзікарослых пладоў (найб. арэхаў карытэ). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы харчовай і звязанай з ёй вытв-сці: рысаачышчальная, па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення, цукр., чайная, кандытарская, мукамольная, мясная, малочная, кансервавая, піваварная. Ёсць прадпрыемствы па ачыстцы бавоўны, тэкст. камбінат у Бамако, з-д мешкатары ў Сане, гарбарна-абутковая ф-ка ў Бамако, цыгарэтная і запалкавая ф-кі (Бамако), цэм.з-д (Дыяму), керамічны з-д (Джыкарані); наладжана вытв-сць кіслароду, ацэтылену, фармацэўтычных і парфумерных вырабаў (Бамако). Ёсць невял. прадпрыемствы электрамех. і металаапр. прам-сці, па зборцы веласіпедаў, вырабе с.-г. інвентару, ф-ка транзістарных прыёмнікаў і магнітафонаў (Бамако). Вытв-сць электраэнергіі 290 млн.кВтгадз (1995). Электрастанцыі працуюць пераважна на імпартным паліве, найб.ЦЭС у Бамако, ёсць невял. ГЭС. Горназдабыўная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, фасфарытаў, каменнай солі, вапняку, мармуру. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны. У М. 14,8 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 1,8 тыс.кмунутр. водных шляхоў. Адзіная чыгунка (641 км) звязвае Бамако з портам Дакар (Сенегал). Суднаходства па р. Нігер. У краіне 24 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бамако. У 1994 экспарт склаў 320 млн.дол., імпарт — 422 млн. долараў. У экспарце пераважаюць бавоўна, жывёла, золата, арахіс, рыба, у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва, тэкст. вырабы. Гал.гандл. партнёры: Францыя і інш. краіны ЕЭС, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк КФА (Афрыканскай фін. садружнасці).
Літаратура. Вусная нар. творчасць народаў М. (бамбара, малінке, фульбе, сенуфа) прадстаўлена міфамі, гераічным эпасам, казкамі і песнямі. Пасля пашырэння ісламу (з 11 ст.) узнікла л-ра на араб. мове, якая існавала да 19 ст. (гіст. хронікі Махмуда Каці, 16 ст.; ас-Садзі, 17 ст.), была пашырана рэліг.л-ра. Да канца 1960-х г. мовы народаў М. не мелі пісьменства (акрамя фульбе). Першы твор на мове бамбара — паэт.зб. «Песні грыёта» Ж.Б.Сісако (1977). Сучасная л-ра М. развіваецца пераважна на франц. мове. У 1930—40-я г. з’явіліся першыя апрацоўкі нар. легенд. У 1950-я г.л-ра развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху (гіст. раманы І.М.Уана, грамадз. творы С.Бадыяна, С.Дэмбеле). Пасля атрымання незалежнасці (1960) творчасць Ф.Д.Сісако, І.Б.Траарэ, С.Дыяра прасякнута пафасам антыкалан. барацьбы. У прозе 1970-х г. побач з асв. тэндэнцыямі (М.Галаго, Я.Сангарэ) характэрна выкарыстанне фалькл. матываў (А.А.Ба). З канца 1970-х г.асн. літ.
жанрам стаў сац. раман (М.М.Дыябатэ, М.Канатэ, І.Лі і інш.). Для Драматургіі характэрны паліт. накіраванасць і публіцыстычнасць (п’есы А.Кабы, Г.Дыявары). Паэзія вызначаецца грамадзянскасцю і лірызмам (Галаго, Дыявара, А.Кунта). Вядомасць атрымалі літ. апрацоўкі вуснай нар. творчасці М.Сідыбэ, І.Траарэ.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі культуры М. адносяцца да эпохі неаліту (наскальныя размалёўкі ў Бандыягары; малюнкі са сцэнамі палявання, вайны, танцаў у гротах у раёне Бамако, менгіры ў Тандыдару каля Ніяфунке, гліняныя і каменныя фігуркі ў раёне Мопці). У вёсках здаўна будуюць хаціны з сумесі гліны і саломы (банка), пераважна круглыя ў плане, на каркасе з жэрдак, без акон, з нізка навіслым саламяным дахам. У гарадах жытлы часцей прамавугольныя, з перакрыццем з бамбуку, цыновак і лісця. У горных раёнах у народа дагон вёскі ўмацаваныя, жытлы прамавугольныя, з плоскімі дахамі, свяцілішчы з вежачкамі па вуглах. На Пн качэўнікі жывуць у палатках і круглых хацінах з цыновак ці скур. У дзяржавах, што існавалі на тэр. М. ў 11—16 ст., развівалася горадабудаўніцтва; гарады Ніяні, Гао, Тамбукту, Джэне і інш. з няправільнай сеткай вуліц, умацаваныя сценамі, забудоўваліся грамадскімі будынкамі (палац у Тамбукту, 14 ст., арх. Эс-Сахелі), мячэцямі з верт. цягамі на сценах і характэрнымі канічнымі мінарэтамі (у Джэне). Жылыя дамы з гліны ці банка, пераважна прамавугольныя ў плане, плоскія земляныя пакрыцці насцілаюцца на бэльках, сцены ўмацаваны Магутнымі верт. цягамі ці падзелены на кесоны, што ўтвараюць знешні каркас будынка, фасады завершаны закругленымі зубцамі ці мініяцюрнымі вежачкамі. З прыходам каланізатараў у гарадах пачалі будаваць на еўрап. ўзор (саборы, адм. будынкі, асабнякі), а таксама глінабітныя жытлы-баракі з драўлянымі жалюзі. З 1950-х г. у будаўніцтве выкарыстоўваюць жалезабетон, пластыкі і інш. З маст. рамёстваў у М. здаўна развіта разьба, якой аздабляюць рэчы з дрэва (табурэткі, дзверы, талеркі, грабяні), вырэзваюць рытуальныя маскі, фігуркі людзей, жывёл. Пашырана ліццё з медзі, выраб рэчаў са скуры змей і кракадзілаў (сумкі, рамяні), шкур пантэр і леапардаў, керамічнага посуду; тканін з геам. арнаментам. З 1960-х г. фарміруецца прафес. мастацтва (жывапісец Б.Кейта). Старыя ч. гарадоў Джэне і Тамбукту ўнесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Малі.Да арт.Малі. Тыповае вясковае жыллё.Да арт.Малі. Рака Нігер каля г. Сегу.Да арт.Малі. Папайя — адна з пашыраных трапічных культур.Да арт.Малі. Горад Тамбукту.Да арт.Малі. Мячэць у г. Джэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,
расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».
«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус.народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.
29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.
Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва«Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.
Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.
Літ.:
Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;
Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;
Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел.народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),
рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр.народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш.драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш.Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв.натуральнай школы. М.Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».
Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля, К.Чорны, К.Крапіва, Я.Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.Краўцоў, Крапіва, М.Лужанін, М.Машара, М.Паслядовіч, А.Бачыла, П.Місько, В.Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1937—52;
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1984—86;
Бел.пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;
Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.
Літ.:
Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;
Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;
Н.В.Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.
У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ.Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел.народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦККП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.С.Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага, С.В.Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.К.Паланейчыка, І.Тышкевіча, А.Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.І.Талаш), у Пінскім пав. (М.В.Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.А.Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт.сял.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр.Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.
М.С.Сташкевіч.
Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАДРА́МА (ад грэч. melos песня, мелодыя + драма),
1) жанр драматургіі; п’еса з завостранай інтрыгай, павышанай эмацыянальнасцю, рэзкім проціпастаўленнем дабра і зла. Для яе характэрны дынамізм, патэтыка, гіпербалізаваны паказ страсцей, адкрытая маральна-дыдактычная тэндэнцыйнасць.
Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. ў Францыі як муз.-драм. твор. З канца 18 ст. стала жанрам літ. драмы, атрымала пашырэнне ў еўрап. т-ры. Прайшла складаны шлях развіцця. Найб. росквіт М. прыпадае на эпохі бурных грамадскіх узрушэнняў, а яе затуханне — на перыяд спакойнага, стабільнага жыцця На Беларусі М. ўзнікла ў пач. 20 ст., у перыяд адраджэння бел.прафес.т-ра. Найчасцей развівалася не ў «чыстым» выглядзе, а з выкарыстаннем асобных яе элементаў. Аўтары выбіралі даходлівую для гледачоў форму, найб. просты і адкрыты спосаб уздзеяння на іх эмоцыі і пачуцці. Бел. М. мае дэмакр. накіраванасць, сац. напоўненасць і значнасць. Пакінула выразны адбітак на драматург. творчасці К.Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» і інш.), М.Гарэцкага («Атрута»), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя»), Л.Родзевіча («Блуднікі», «Пакрыўджаныя»), У.Галубка («Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў», «Праменьчык шчасця», «Ганка», «Пан Сурынта» і інш.), М.Чарота («На Купалле»), В.Гарбацэвіча («Чырвоныя кветкі Беларусі») і інш. З 2-й пал. 1920-х г. жанр М. ў бел. драматургіі не атрымлівае шырокага развіцця. Асобныя прыёмы і элементы М. выкарыстаны ў п’есах К.Крапівы («Людзі і д’яблы», «На вастрыі»), П.Васілеўскага («Дзіўны дом»), І.Шамякіна («І змоўклі птушкі»), А.Дзялендзіка («Грэшная любоў») і інш. 2) Музычна-драматычны твор, у якім маналогі і дыялогі дзеючых асоб чаргуюцца з музыкай ці суправаджаюцца ёю (напр., «Арфей» Е.Фаміна на словы Я.Княжніна, 1792).
3) Жанр кінематографа; фільм пра ўзвышаныя пачуцці і ракавыя абставіны лёсу. Для яго характэрна. кантрастнасць у абмалёўцы герояў, напружанасць дзеяння, дыдактычны фінал.
З’явілася ў 1900-я г. (франц. стужка «Любоўны раман», 1904). У еўрап. традыцыі М ўяўляе сабой гісторыю пакутлівай ахвяры, што паддалася спакусам лёсу (варыяцыі на тэму італьян. стужкі «Дама з камеліямі», 1916). Такіх гераінь увасаблялі рус. актрыса В.Халодная, датчанка А.Нільсен, шведка Г.Гарба, англічанка В.Лі. Да вышынь сусв. мастацтва М. ўзняў Ч.Чаплін («Парыжанка», 1923). У амер. кіно М. — гэта найчасцей сучасная гісторыя Папялушкі, якая шчасліва заканчваецца («Смешная дзяўчынка», 1968, рэж. У.Уайлер). Расійскі варыянт такой М. — фільм У.Мяньшова «Масква слёзам не верыць» (1980). Рамант. М. пра любоўныя прыгоды сцвярджае актыўнасць жанчыны ў пошуках кахання (у ЗША — «Знесеныя ветрам», 1939, рэж В.Флемінг, «Вестсайдская гісторыя», 1961, рэж. Р.Уайз, «Гісторыя кахання», 1970, рэж. А.Хілер; у Францыі — «Мужчына і жанчына», 1966, рэж. К.Лелуш; серыял пра Анжаліку, 1964—68). Асобную групу складаюць М., у якіх героі — людзі з народа. Такія М. вылучаюцца выкарыстаннем нар. традыцый, заснаваны на сямейна-быт. і сац. праблематыцы. М. як нар. экранны эпас — адметнасць італьян. неарэалізму («Аповесць пра бедных закаханых», 1953, рэж. К.Лідзані; «Нявеста Бубе», 1963, рэж. Л.Каменчыні), інд.муз.-пластычнай культуры («Бадзяга», 1951, рэж. Р.Капур), аргенцінскай муз. М. («Узрост кахання», 1954, рэж. Х.Сарасені), рас. фільма — нар. лубка («Свінарка і пастух», 1941, рэж. І.Пыр’еў) і муз. шоу («Цырк», 1936, рэж. Р.Аляксандраў).
У бел. кіно М. развілася як сямейна-быт. любоўная гісторыя: фільмы «Маё каханне» У.Корш-Сабліна (1940), «Зялёныя агні» (1956) і «Шчасце трэба берагчы» (1958) І.Шульмана, «Нашы суседзі» (1957) і «Каханнем трэба даражыць» (1960) С.Сплашнова, «Кветкі правінцыі» Дз.Зайцава (1995). Меладраматычныя рысы маюць некаторыя фільмы на гіст. тэматыку «Кастусь Каліноўскі» У.Гардзіна (1928), «Чырвонае лісце» Корш-Сабліна (1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.Фігуроўскага (1959), а таксама тэлесерыялы «Раман імператара» Д.Ніжнікоўскай (1994), «Пракляты ўтульны дом» У.Арлова (1999).
Літ.:
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Яго ж. Беларуская савецкая драматургія, 1917—1932. Мн., 1968;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1. Мн., 1969;
Шилова И. О мелодраме // Вопросы киноискусства. М., 1976. Вып. 17;
Зоркая Н.М. На рубеже столетий: У истоков массового искусства в России 1900—1910 гг.М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ КАМПА́НІЯ 1939,
германа-польская вайна 193 9, Вераснёўская кампанія 193 9, баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Польшчы 1 вер. — 5/6 кастр., з якіх пачалася другая сусветная вайна 1939—45. План нападу на Польшчу «Вайс» («Белы»), распрацаваны герм.вярх. камандаваннем у крас. 1939, зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны і меў на мэце раптоўным уварваннем сарваць мабілізацыю і сканцэнтраванне польскай арміі, канцэнтрычнымі ўдарамі з Сілезіі (8-я, 10-я і 14-я ням. арміі), Памераніі і Усх. Прусіі (3-я і 4-я ням. арміі) разбіць яе гал. сілы, што знаходзіліся на З ад рэк Вісла і Нараў. Зачэпкай да вайны паслужыла правакацыя 31.8.1939 у прыгранічным ням.г. Гляйвіц (цяпер Глівіцы, Польшча), калі група службоўцаў СС інсцэніравала напад польскіх вайскоўцаў на мясц. радыёстанцыю (аперацыя «Гімлер»). У той жа дзень у Польшчы пачата поўная мабілізацыя, у т. л. ў Зах. Беларусі (тут мабілізавана каля 100 тыс. беларусаў). Ням. сілы ўварвання пад агульным камандаваннем ген.В. фон Браўхіча налічвалі 54 (з рэзервамі 62) дывізіі, з іх 6 танкавых і 4 матарызаваныя (усяго 1,6 млн.чал.), каля 10 тыс.артыл. гармат і мінамётаў, 2,5—2,8 тыс. танкаў, каля 1,3 тыс. самалётаў, 18 баявых караблёў. Польшча мела каля 30 пях. дывізій, 16 брыгад (з іх 11 кав. і 2 бронематарызаваныя; разам 1 млн.чал.), 4,3 тыс. гармат і мінамётаў, 870 танкаў і танкетак, каля 400 баяздольных самалётаў, 16 баявых караблёў. Польскае камандаванне на чале з маршалам Э.Рыдз-Сміглым планавала весці абарончыя баі на З ад Віслы з разлікам на хуткую дапамогу зах. саюзнікаў — Вялікабрытаніі і Францыі (3 вер. гэтыя краіны абвясцілі вайну Германіі, але актыўных ваен. дзеянняў супраць яе не разгарнулі). У час баявых дзеянняў 1—8 вер., якія пачаліся з абстрэлу п-ва Вестэрплятэ (яго гарнізон на чале з маёрам Г.Сухарскім супраціўляўся да 7 вер.), ням. войскі прарвалі польскую абарону на рубяжах уздоўж мяжы і хутка наблізіліся да Варшавы. 7 вер. Рыдз-Сміглы са штабам эвакуіраваўся ў крэпасць Брэст. 9—16 вер.герм. злучэнні акружылі польскія часці на У ад Варшавы, ліквідавалі наступствы польскага контрудару паміж рэкамі Вісла і Бзура, 14 вер. захапілі акружаную імі ваен.-марскую базу Гдыня (яе паўн. ўчастак Аксыўе капітуляваў 18 вер.), 15 вер. наблізіліся да Брэста (да 30% вайскоўцаў IX польскага корпуса на Брэстчыне складалі беларусы). У гэтых умовах 17 вер. пачаўся паход сав. войскаў у Зах. Беларусь і Зах. Украіну (гл.Пакт Рыбентропа—Молатава 1939, Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Беларускі фронт 1939, Дняпроўская ваенная флатылія). Польскі ўрад пакінуў краіну (у ноч на 18 вер.), ням. войскі завяршылі заваяванне Польшчы (28 вер. капітулявалі абаронцы Варшавы, 29 вер. — крэпасці Модлін, 2 кастр. — п-ва Гэль, 6 кастр. пасля апошніх абарончых баёў 2—5 кастр. пад г. Коцк — самаст. аператыўная група «Палессе» на чале з ген. Ф.Клеебергам, у склад якой уваходзілі маракі польскай Пінскай флатыліі). У ходзе П.к. Германія страціла каля 45 тыс.чал. забітымі і параненымі, каля 1 тыс. танкаў і бронемашын, 700 самалётаў і інш. тэхніку, Польшча — каля 200 тыс. забітымі і параненымі, 700 тыс.чал. палоннымі (сярод іх было 70 тыс. беларусаў) і інш. Акупацыя Польшчы нямецкімі войскамі не спыніла волю палякаў да супраціўлення (гл.Вызваленчая вайна польскага народа 1939—45).
Літ.:
Jurga T. Obrona Polski, 1939. Warszawa, 1990;
Odziemkowski J Kampania wrześniowa 1939 r. // Wojsko Polskiew II wojnie światowej. Warszawa, 1994;
Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkariców ziem północno-wschodnich II Rzeczypospolitej: Studia i materiały. Białystok, 2000;
Брыль Я. Многолетнее: По блокнотным наброскам: Пер. с бел. // Неман. 2000. №1;
Вабішчэвіч А. Уз’яднанне // Полымя. 2000. № 9;
Макарэвіч В.С. Беларусы ў польскай арміі напярэдадні і ў час нямецкай агрэсіі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф.Мн., 2000.
В.А.Астрога, У.В.Грыбоўскі.
Да арт.Польская кампанія 1939. Германскі лінейны карабель «Шлезвіг-Гольштэйн» абстрэльвае паўвостраў Вестэрплятэ. 1.9.1939.