групы, сем’і сялян ці асобныя сяляне ў ВКЛ, якія без ведама і дазволу феадала кідалі сваю гаспадарку і патаемна перасяляліся ў інш.месцы (найчасцей у інш. вёскі, гарады). Уцёкі былі адной з пасіўных формаў класавай барацьбы сялян, яны пачасціліся па меры ўвядзення і ўзмацнення прыгону, асабліва ў час заснавання фальваркаў. Сяляне пагранічных ваяводстваў ВКЛ часта ўцякалі за мяжу — у Расію, Прусію, на Украіну. За 2-ю пал. 16—17 ст. сейм Рэчы Паспалітай прыняў каля 20 пастаноў аб уцёках сялян са шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ. Каб прадухіліць уцёкі, былі расшыраны паліцэйскія функцыі сельскага войта, уведзена кругавая парука і адпрацоўка паншчыны абшчынай за збеглага, уведзены штрафы за прыём беглых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛААЗЕ́РСК,
горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс.ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Узнік у 1958 на месцыв. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс.ж. З 16.9.1970 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж.Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ (ад лац. vicarius замяшчальны),
замяшчальныя віды, блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́на Пескаватыку.
Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗНЫ,
службовая асоба ў Польшчы (13—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). Прызначаўся ваяводам па прадстаўленні земскага суда і шляхты. У кожным павеце было некалькі возных, галоўнага з іх называлі генералам (енералам). Возны дастаўляў позвы асобам у суд (пры неабходнасці дастаўляў і гэтых асоб у суд), уводзіў ва ўладанне маёнткамі, аглядаў месцы і сляды злачынства, праводзіў апазнанне, допыт падазронага, сведак, пацярпелых, вызначаў памеры шкоды і інш. Вынікі дзеянняў і дазнанняў паведамляў суду пісьмовай рэляцыяй. Пры выкананні абавязкаў павінен быў мець пры сабе панятых (2 шляхціцаў). Узнагароду за службу атрымліваў ад асоб, па справах якіх дзейнічаў. У ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. абавязкі вознага выконваў віж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТУ́НІЧЫ,
селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс.м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ЎСКІ (Пётр Васілевіч) (28.6.1857, Чарнігаўская губ. — 30.3.1907),
расійскі гісторык. Д-ррус. гісторыі (1885), праф. (1898). Скончыў Кіеўскі ун-т. Належаў да школы У.Б.Антановіча. З 1886 выкладаў у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па гіст. геаграфіі, гіст. бібліяграфіі, крыніцазнаўстве стараж. гісторыі. У працы «Гісторыя Смаленскай зямлі да пачатку XV ст.» (1895) паказаў ход славянскай каланізацыі з паўн.-ўсх. Прыкарпацця, месцы рассялення і найменні славянскіх плямён, утварэнне бел. мовы, адрозненні паміж полацкімі і смаленскімі крывічамі, узаемаадносіны Смаленскага княства з ВКПЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Тв.:
История Северской земли до половины XIV столетия. Киев, 1881;
Критико-библиографический обзор трудов по древнейшему периоду русской истории // Унив. изв. 1907. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст. Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцыб. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІ́,
старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст.н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх. збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.
Да арт.Гарні. Рэшткі язычніцкага храма. 2-я пал. 1 ст.Да арт.Гарні. Язычніцкі храм. 2-я пал. 1 ст. (адноўлены ў 1975).