ВЫШЫ́НСКІ (Андрэй Януаравіч) (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),

савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.

Літ.:

Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РПЕ (Васіль Іванавіч) (1765, Эстонія — 3.3.1814),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-м. (1812). На ваен. службе з 1781. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, польскіх кампаній 1792 і 1794, рус.-аўстра-франц. 1805, рус.-тур. 1806—12 і рус.-швед. 1808—09 войнаў. У вайну 1812 камандзір 1-й брыгады 14-й пях. дывізіі 1-га корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Удзельнік Клясціцкага бою 1812, баёў каля Полацка (жн. і кастр.) і інш. Найб. вызначыўся ў баях 7.11.1812 пры вызваленні Віцебска ад французаў (гл. Віцебскія баі 1812) і 27.11.1812 пад Барысавам, дзе была захоплена ў палон франц. дывізія разам з камандзірам. У 1813 удзельнічаў у замежных паходах рус. арміі ў Германіі. У Лейпцыгскай бітве 16—19.10.1813 цяжка паранены, у выніку чаго пазней памёр.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕВА́РА ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Geuvara de la Serna) Эрнеста [вядомы і як Чэ) (Ché); 14.6.1928, г. Расарыо, Аргенціна — 8.10.1967], лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, дзярж. і паліт. дзеяч Кубы. Урач. У 1954 удзельнічаў у рэв. барацьбе ў Гватэмале. У 1955 у Мексіцы ўвайшоў у групу Ф.Кастра Руса, у складзе якой высадзіўся на Кубу (снеж. 1956). Адзін з кіраўнікоў Кубінскай рэвалюцыі 1959. Прэзідэнт Нац. банка Кубы (1959—61),

міністр нац. прам-сці (1961—65). Адзін з кіраўнікоў «Руху 26 ліпеня», пасля чл. Нац. кіраўніцтва Аб’яднаных рэв. арг-цый Кубы. Прыхільнік тэорыі экспарту рэвалюцыі. У 1965 пакінуў Кубу і кіраваў у 1966—67 партыз. атрадам у Балівіі, трапіў у палон, забіты. Аўтар прац пра Кубінскую рэвалюцыю 1959.

Э.Гевара дэ ла Серна.

т. 5, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РВІНГ (Irving) Генры [сапр. Бродрыб

(Brodribb) Джон Генры; 6.2.1838, Кейнтан, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 13.10.1905], англійскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1856 у т-рах Эдынбурга, Манчэстэра, Ліверпуля, Глазга і інш. З 1866 у Лондане. Акцёр з выразнай мімікай, сцэнічным тэмпераментам. У 1867 звярнуўся да ўвасаблення вобразаў У.​Шэкспіра: Петручыо («Утаймаванне свавольніцы»),

Макбет, Атэла, Рычард III (аднайм. п’есы) і інш.; роля Гамлета (аднайм. п’еса) вылучыла І. ў шэраг лепшых акцёраў Вялікабрытаніі. У 1878—98 сумесна з Э.Тэры кіраваў т-рам «Ліцэум». Адрадзіў на англ. сцэне драматургію Шэкспіра. Пастаноўкі вылучаліся яркай відовішчнасцю, гіст. дакладнасцю, трактаваліся ў духу сентыменталізму. Пад яго рэд. выдадзены сцэнічныя тэксты Шэкспіра.

Літ.:

Терри Э. История моей жизни: Пер. с англ. Л.;

М., 1963.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАЎ (Іван Сцяпанавіч) (22.8.1894, с. Аджыкенд, Азербайджан — 11.10.1967),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1965), чл.-кар. АН СССР (1958), праф. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу пры Ваен.-марской акадэміі (1928). На флоце з 1914. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 на камандна-штабных пасадах на Чарнаморскім і Балт. флатах, у т. л. камандуючы Балт. флотам (1937), у 1938—50 пераважна нам. і 1-ы нам. наркома (галоўнакамандуючага ВМФ). Нам. міністра марскога флоту (1954—55), потым у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46. Аўтар прац па ваен. гісторыі, ваен. і ваен.-марскім майстэрстве, апавяданняў, нарысаў, навел і ўспамінаў пра флот. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),

царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл. Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ (Уладзіслаў) (29.6.1896, в. Залессе Беластоцкага ваяв., Польшча — 13.11.1943),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, літаратар. З 1921 служыў у польскім войску, адначасова ўдзельнічаў у бел. нац. руху. Адзін з лідэраў яго правага крыла. Пасля звальнення ў запас у 1930 пераехаў у Вільню, дзе быў сакратаром Бел. нац. к-та, Цэнтр. ўрада Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Адзін з арганізатараў і сакратар Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактар-выдавец яе органа — час. «Новы шлях». У пач. Вял. Айч. вайны пераехаў у Мінск, супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі, быў рэдактарам «Беларускай газэты», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай народнай самапомачы. У сваіх публіцыст. артыкулах распрацоўваў ідэалогію бел. нацыянал-сацыялізму, выступаў з антысеміцкімі матэрыяламі. Застрэлены сав. падпольшчыкамі ў Мінску.

С.​І.​Ёрш.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧМА (Леанід Данілавіч) (н. 9.8.1938, с. Чайкіна Ноўгарад-Северскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1994). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1960). У 1960—86 працаваў у канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (у 1982—86 1-ы нам. ген. канструктара). У 1986—92 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Паўд. маш.-буд. з-д» у Днепрапятроўску (буйнейшы ў свеце канцэрн па вытв-сці ракет). Нар. дэп. Украіны (з 1990). У 1992—93 прэм’ер-міністр Украіны і чл. Рады нац. бяспекі. З ліп 1994 прэзідэнт Украіны (у ліст. 1999 абраны прэзідэнтам на другі тэрмін). У 1994—96 сустаршыня Канстытуц. камісіі. Ленінская прэмія 1981, Дзярж. прэмія Украіны 1993.

І.​Р.​Бунечка.

Л.Д.Кучма.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц. калабарацыяніст.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК ТХО (Le Duc Tho; 14.10.1911, прав. Нам Ха, В’етнам — 13.10.1990),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў Камуніст. партыі Індакітая (КПІК, 1930), удзельнік В’етміня. У 1930—36 і 1941—45 знаходзіўся ў зняволенні ў франц. турме. З 1945 чл. ЦК і Пастаяннага к-та КПІК. У 1948—55 на парт. рабоце на Пд В’етнама. З 1955 чл. палітбюро ЦК Партыі працоўных В’етнама (потым Камуніст. партыя В’етнама), у час в’етн. вайны 1964—73 адказваў за палітыку партыі ў Паўд. В’етнаме. З 1968 фактычны кіраўнік дэлегацыі Дэмакр. Рэспублікі В’етнам на парыжскіх перагаворах, у выніку якіх падпісана Парыжскае пагадненне 1973. У 1986 пакінуў усе парт. і дзярж. пасады. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Г.Кісінджэрам), адмовіўся ад яе.

Ле Дык Тхо.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)