кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,
адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл.Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ТЭНБАХ ((Wattenbach) Вільгельм) (22.9.1819, Ранцаў, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 20.9.1897),
нямецкі гісторык. Чл. Прускай АН (з 1881). Праф. Гейдэльбергскага (з 1862) і Берлінскага (з 1872) ун-таў. З 1843 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Помнікаў германскай гісторыі» (Monumenta Germaniae Historica) — шматсерыйнага выдання крыніц па гісторыі Германіі 500—1500 (з 1875 у складзе цэнтр. дырэкцыі, у 1886—88 кіраўнік выдання). Гал. праца — «Крыніцы па гісторыі Германіі ў сярэднія вякі да сярэдзіны 13 ст.» (1858).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ЧАЯ СІСТЭ́МАў будаўнічай механіцы,
сістэма нясучых канструкцый, асн. элементы якой (тросы, кабелі, ланцугі, ліставыя элементы) успрымаюць гал. чынам расцягвальныя намаганні. Адрозніваюцца адносна малой жорсткасцю і наяўнасцю вонкавых і ўнутр. распораў (гарыз. рэакцый апор). Бываюць плоскія (адна- і шматпаясныя вісячыя фермы) і прасторавыя (вісячыя абалонкі, мембраны). У разліковых схемах вісячыя сістэмы разглядаюцца як гнуткія ніці, шарнірна-стрыжнёвыя многавугольнікі або гнуткія абалонкі. Разнавіднасць вісячых сістэм — вантавыя сістэмы. Гл. таксама Вісячыя канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГСТЭРСКІ ФІЛЬМ,
катэгорыя фільмаў пра арганізаваную злачыннасць. Узнік у канцы 1920-х г., калі ў ЗША, у эпоху «сухога закону», узніклі мафіёзныя сіндыкаты і тайная вытв-сць алкаголю. Выдуманыя і рэальныя злачынцы рабіліся героямі. У 1960-я г. сфарміравалася тэндэнцыя дэміфалагізацыі, а потым і бязлітаснага аналізу мафіі як «дзяржавы ў дзяржаве». Узнікла разнавіднасць гангстэрскіх фільмаў — паліцэйскі фільм, дзе ў якасці гал. героя выступаў прадстаўнік закону, які змагаецца са злачыннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЦЯ (Вера Аляксандраўна) (н. 9.3.1927, с. Хулбаака, Малдова),
малдаўскі харавы дырыжор. Нар.арт. Малдовы (1967). Нар.арт.СССР (1987). Скончыла Кішынёўскую кансерваторыю (1957), выкладае ў ёй. З 1963 маст. кіраўнік і гал. дырыжор акад. харавой капэлы «Дойна». Сярод твораў, выкананых капэлай пад яе кіраўніцтвам, — араторыя «Пакаянне Давіда» В.А.Моцарта, «Те Deum» Г.Ф.Гендэля, паэма «Пакаранне Сцяпана Разіна» Дз.Шастаковіча, творы малд. кампазітараў і інш.Дзярж. прэмія Малдовы 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬВІХ (Пётр Аўгуставіч) (19.12.1873, г. Віцебск — 7.5.1958),
генерал-маёр артылерыі (1940), вучоны ў галіне балістыкі і тэорыі стральбы. Д-ртэхн.н. (1938), праф. (1935), лаўрэат Дзярж. прэміі СССР 1941. У арміі з 1892. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1903). Да 1917 выкладчык у гэтай акадэміі. З 1918 палкоўнік Гельвіх у Чырв. Арміі. Да 1943 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. Да 1953 у Гал.артыл. упраўленні Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЦІСК,
збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.