квазіо́птыка

(ад квазі- + оптыка)

галіна фізікі, якая вывучае пашырэнне электрамагнітных хваль з даўжынёй хвалі, меншай за 1—2 мм, ва ўмовах, калі пашырэнне хваляў падначальваецца законам геаметрычнай оптыкі, але дыфракцыйныя з’явы таксама маюць істотнае значэнне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прынцыпа́т

(лац. principatus = кіруючая роля, імператарская ўлада)

форма дзяржаўнага кіравання ў Стараж. Рыме (1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.), пры якой захоўваліся рэспубліканскія ўстановы, але фактычна ўлада належала імператару, што лічыўся першым сярод роўных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУРАЗУ́БКІ (Sorex),

род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).

Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАМІ́НІ (Borromini),

Бараміна (Borromino; сапр. Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.​Мадэрна і Л.​Берніні, усе ў Рыме) і інш.

Ф.Бараміні. Царква Сант-Іва ала Сапіенца. 1642—60.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,

прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫРЭ́ЧЫВА,

рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, у выніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.​Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.​Д.​Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РЫСТ (грэч. aoristos),

простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,

саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГО́ ((Vigo) Жан) (22.4.1905, Парыж — 5.10.1934),

французскі кінарэжысёр. Скончыў літ. ф-т Сарбоны. У дакумент. фільме «З нагоды Ніццы» (1929) і стужцы «Нуль за паводзіны» (1933) поруч з сатыр. выкрываннем праявілася імкненне да паэтызацыі свету. Уменне Віго на аснове карцін паўсядзённага побыту рабіць складаныя філас. абагульненні найб. поўна выявілася ў фільме «Аталанта» (1934). Творчая спадчына Віго невялікая, але яна значна паўплывала на развіццё франц. кіно ў 1930—50-я г. З 1951 у Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Віго.

Літ.:

Жан Виго.: Пер. с фр. М., 1979.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)