БРАКА́ ((Broca) Поль) (28.6.1824, Сент-Фуа-ла-Гранд, дэпартамент Дардонь, Францыя — 9.7.1880),

французскі анатам і антраполаг; адзін з заснавальнікаў сучаснай антрапалогіі. Ініцыятар стварэння Антрапал. навук. т-ва ў Парыжы (1859). Аўтар прац па параўнальнай анатоміі прыматаў, пытаннях агульнай антрапалогіі, расавых тыпах сучаснага і стараж. насельніцтва Францыі. Распрацаваў дапаможнік па антрапаметрыі і краніяметрыі (1865), пабудаваў шкалы для вызначэння афарбоўкі вачэй, валасоў і скуры, стварыў шэраг антрапаметрычных інструментаў.

Тв.:

Рус. пер. — Общие инструкции для антропологических исследований и наблюдений // Изв. Имп. о-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. М., 1865. Т. 2.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.С.Пушкіна. Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕ́Р, Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),

расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус. геагр. т-ва (з 1848), ганаровы чл. Геагр. т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТКЕ́ВІЧ (Красцьян Ягоравіч) (?, каля Шклова, Магілёўская вобл. — 14.10.1846),

бел. і рус. артыст балета. Прыгонны, у 1822 адпушчаны на волю. Вучыўся, відаць, у П.Барцанці, Марыядзіні, М.Пранчынскага. У 1780—90-я г. вядучы танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800 у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў вывезены ў Пецярбург, да 1825 артыст Пецярбургскага імператарскага т-ра. Выконваў цэнтр. пантамімныя ролі, меў неардынарныя драм. здольнасці. Сярод партый: Сцяпан («Вызваленне маладой сялянкі, ці Храбрасць рускага салдата»), Анкундзін («Млынар—чараўнік, падманшчык і сват»; абодва 1822), Гірэй («Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НСКАЯ (Людміла Усеваладаўна) (н. 15.12.1938, Мінск),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірычных і характарных роляў. Сярод іх: Іна («Білет у мяккі вагон» А.Маўзона), Шчасная («Трывога» А.Петрашкевіча), Ніна («Маскарад» М.Лермантава), Таццяна, Надзея («Ворагі», «Апошнія» М.Горкага), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Мадлена Бежар («Мальер» М.Булгакава), Джэні-Маліна («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Мэртл («Царства зямное» Т.Уільямса), місіс Туз («Усё ў садзе» Э.Олбі) і інш.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́ЦКІ (Аляксей Віктаравіч) (1841, г. Кірылаў Валагодскай вобл., Расія — 1907),

дзеяч асветы, гісторык. Скончыў С.-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1865). З 1879 у Віленскай навуч. акрузе: настаўнік рус. мовы, дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі, нам. папячыцеля акругі. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях педагогікі і нар. асветы. Вывучаў асновы арганізацыі вучобы ў навук. установах піяраў, езуітаў і інш. манаскіх ордэнаў на Беларусі, аналізаваў дзейнасць школ Віцебскай і Магілёўскай губ. у канцы 18 — пач. 19 ст. Стаяў на вялікадзярж. пазіцыях, не прызнаваў самастойнасці бел. нацыі і яе культуры.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т ((Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль) (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),

французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Іосіф Іосіфавіч) (8.12.1911, г. Данецк — 20.4.1994),

рускі паэт. Скончыў тэатр.-драм. курсы ў Мінску (1932). Працаваў акцёрам БДТ-2 (Віцебск), у тэатрах Расіі. З 1967 жыў у Мінску. Друкаваўся з 1931. Аўтар пейзажнай і любоўнай лірыкі. Пераклаў на рус. мову зб. паэзіі М.Хведаровіча «Кляновы сок» (1972), казку А.Якімовіча «Каваль-Вярнідуб» (1974). Выдаў зб. выбраных перакладаў з бел. паэзіі «Адвечнай песні галасы» (1980).

Тв.:

В добрый час. Смоленск, 1954;

Лирика. Смоленск, 1961;

Свершение. М., 1966;

Мой спутник солнце. Мн., 1971;

Река времени. Мн., 1989.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Паўлавіч) (4.3.1818, Ніжні Ноўгарад — 10.5.1900),

рускі вучоны-кітаязнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Праф. Казанскага (з 1851) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1837). У 1840—50 у рус. духоўнай місіі ў Пекіне, вывучаў санскрыт, кіт., манг., тыбецкую і маньчжурскую мовы. Навук. працы па рэлігіі Усходу, гісторыі, геаграфіі, л-ры Кітая (першы з еўрапейцаў даследаваў фанетыку, марфалогію і пісьмо Кітая). Гал. працы: «Будызм, яго догматы, гісторыя і літаратура» (ч. 1, 3, 1857—69), «Аналіз кітайскіх іерогліфаў» (ч. 1—2, 1866—84) і інш.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)