ДА́ЛЬМАН ((Dahlmann) Фрыдрых Крыстаф) (13.5.1785, г. Вісмар, Германія — 5.12.1860),

нямецкі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р філасофіі (1910). Праф. Кільскага (1812—29), Гётынгенскага (1829—37), Іенскага (1838—42) і Бонскага (з 1842) ун-таў. Адзін з распрацоўшчыкаў канстытуцыі каралеўства Гановер 1833. У рэвалюцыю 1848—49 у Германіі дэп. Франкфурцкага нацыянальнага сходу 1848—49, адзін з лідэраў «малагерманцаў» — прыхільнікаў аб’яднання герм. зямель (без Аўстрыі) пад вяршэнствам Прусіі. Аўтар прац «Крыніцазнаўства нямецкай гісторыі» (1830), «Гісторыя Даніі» (т. 1—3, 1840—43), «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (1844), «Гісторыя Французскай рэвалюцыі» (1845) і інш.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ВІЧ (Васіль Яўхімавіч) (1872, г. Курск, Расія — 16.11.1936),

украінскі гісторык, археолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1902 праф. Харкаўскага, з 1907 Кіеўскага ун-таў. Працаваў у археал. экспедыцыях на Полаччыне, Падзвінні, даследаваў стаянку каменнага веку каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на. У працах «Нарыс гісторыі Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1896) і «Шляхі зносін Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1898) абгрунтаваў правамернасць назвы «Полацкая зямля», на матэрыялах археал. даследаванняў паказаў яе гіст. ролю, ваен. і эканам. стабільнасць. Аўтар прац па нумізматыцы, сфрагістыцы, фальклоры, этнаграфіі.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРДЫМА́Н,

старажытнае княства на тэр. Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст. пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЕЛЬ ((Haeckel) Эрнст) (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),

нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.​Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.

Тв.:

Рус пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА ПРА́ЎДУ»,

газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел. цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел. нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.​Каханоўскай, Т.​Лебяды, А.​Чэмера, Я.​Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),

расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярб. АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.​С.​Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 і 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).

Літ.:

Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАМА́Т,

1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.

2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЧАНТЫРА́ДЗЕ (Канстанцін Канстанцінавіч) (н. 1.1.1934, Тбілісі),

грузінскі літ.-знавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыў Тбіліскі ун-т (1957). Даследуе груз.-бел. літ. ўзаемасувязі. Аўтар навук. прац «Руставелі ў беларускай літаратуры» (1971), «Беларускі раман пра Грузію» (пра раман Э.​Самуйлёнка «Будучыня»), «З гісторыі літаратурных сувязей грузінскага і беларускага народаў» (абедзве 1972), «Пытанні грузіна-беларускіх літаратурных сувязей на старонках грузінскіх і беларускіх газет і часопісаў» (1975), «Ля вытокаў літаратурнай садружнасці грузінскага і беларускага народаў» (1982), «Янка Лучына — аўтар першага беларускага твора пра Грузію» (1983) і інш.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБА́РДЗІН (Ціхан Васілевіч) (1863, г. Слабадской Кіраўскай вобл., Расія — 1.11.1933),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1890). Працаваў у Віцебску (з 1923 губ. архітэктар). Пад яго кіраўніцтвам у 1890 і 1902 распрацаваны генпланы Віцебска, у 1912 кіраваў буд. работамі пры ўзвядзенні помніка героям вайны 1812 (арх. І.​Фамін). У канцы 19 — пач. 20 ст. паводле яго праектаў пабудаваны банк, бровар, дрожджавы з-д, казармы 41-й артыл. брыгады, перабудаваны пасля пажару 1887 гар. т-р і бальніца.

Літ.:

Губенка В.М. Дойлід // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. № 2.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)