1) трос для падымання на караблі парусоў, сігнальных флажкоў і інш.;
2) вяроўка для раскрыцця парашута без удзелу парашутыста, якая прымацоўваецца адным канцом да самалёта, а другім — да выцяжнога кольца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БУЛЬВА́Р (франц. boulevard),
паласа дрэвавых або кустовых насаджэнняў уздоўж гар. вуліц, праспектаў і набярэжных. Як форма зялёных насаджэнняў бульвары з’явіліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 17—18 ст. Прызначаюцца для дэкар. ўпрыгожвання вуліц і паляпшэння іх сан.-гігіенічнага стану, аховы будынкаў ад пылу, газу і шуму, рэгулявання руху транспарту і пешаходаў. Ствараюцца бульвары пераважна ў буйных гарадах і прамысл. цэнтрах.
Бываюць бульвары закрытыя (для трансп. патокаў) і адкрытыя (для пешаходаў), размяшчаюцца абапал ці на адным (пры недастатковай шырыні) баку вуліцы. Для стварэння бульвараў выкарыстоўваюцца алейныя і групавыя пасадкі дрэў, жывыя агароджы, кусты і кветнікі. Найб. прыдатныя для бульвараў. газаўстойлівыя, са шчыльнай кронай дрэвавыя і кустовыя расліны (каштан, ліпа, бяроза бародаўчатая, вяз шурпаты, акацыя жоўтая і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета
(каля 610—546 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЫСЕ́ННЕ, пляшывасць, алапецыя,
парадзенне, поўнае або частковае выпадзенне (адсутнасць) валасоў. Лакалізуецца пераважна на галаве; можа быць часовым і стойкім. Пашыраная з’ява ў старэчым узросце, у перыяд старэчай інвалюцыі. Спрыяюць аблысенню нервова-псіхічныя і эндакрынныя захворванні, хваробы і пашкоджанні скуры, радыеактыўнае апрамяненне, інтаксікацыі. Прыроджанае аблысенне — у асноўным спадчынная хвароба, трапляецца рэдка; набытае аблысенне назіраецца пераважна ў мужчын, у жанчын у асноўным праяўляецца толькі парадзеннем валасоў. Адрозніваюць таксама гнездавое аблысенне — выпадзенне валасоў на адным або некалькіх абмежаваных участках скуры, татальнае — на ўсёй галаве і на інш. участках цела, рубцаватае — на змененых участках скуры (напр., пры фурункулёзе, траўмах, грыбковых хваробах і г.д.). Аблысенне бывае і ў дзяцей. На лячэнне выкарыстоўваюць сасударасшыральныя прэпараты, глюкакартыкоідныя гармоны, агульнаўмацавальныя сродкі, полівітаміны, некаторыя амінакіслоты, фізія- і іголкарэфлексатэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́РА,
1) традыцыйная гаспадарчая пабудова на Беларусі для кароў. У 16—пач. 20 ст. будавалі з бярвення ці дыляў («у вянок», «замётам у шулы»), часам сцены плялі з лазовых дубцоў і абмазвалі глінай. У сял. гаспадарках абора — вял.хлеў. У фальварках і маёнтках аборы будавалі звычайна на 4—8 памяшканняў (кожнае мела асобныя вароты), згрупаваных прамавугольнікам вакол двара і звязаных адно з адным у суцэльную забудову. Такі комплекс часта злучаўся варотамі з падвор’ем, гумнішчам. У аборах вылучаліся памяшканні для цельных кароў, маладняку, маглі ўваходзіць таксама птушнікі, стайні, жылыя і гасп. будынкі для парабкоў.
2) Загароджаная частка двара для дзённага ўтрымання хатняй жывёлы (дзяннік).
3) Загон для жывёлы на выпасах.
4) Вяровачка з пянькі, лёну ці раменны пасак для прымацоўвання лапця і анучы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛплоскі,
геаметрычная фігура, утвораная двума прамянямі (старанамі вугла), якія выходзяць з аднаго пункта (вяршыні вугла). Кожны вугал з вяршыняй у цэнтры некаторай акружнасці (цэнтральны вугал) вызначае на акружнасці дугу, абмежаваную пунктамі перасячэння акружнасці са старанамі вугла, што дае магчымасць вымяраць вугал адпаведнымі ім дугамі. Адзінка вымярэння вугла — градус або радыян.
Вугал можна разглядаць і як фігуру, атрыманую вярчэннем фіксаванага праменя вакол пункта, з якога прамень выходзіць, да зададзенага становішча. У залежнасці ад напрамку вярчэння адрозніваюць дадатныя і адмоўныя вуглы. Пад вуглом паміж дзвюма крывымі, што перасякаюцца ў адным пункце, разумеюць вугал паміж датычнымі да крывых у гэтым пункце. Гл. таксама Вертыкальныя вуглы, Двухгранны вугал, Знешні вугал, Мнагагранны вугал, Сумежныя вуглы, Цялесны вугал.
Вугал: 1 — плоскі; 2 — цэнтральны; 3 — паміж дзвюма крывымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Наталля Сяргееўна) (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус.прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.
Літ.:
Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вызначэння адлегласцей да аб’ектаў без непасрэдных вымярэнняў на мясцовасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць Д. геам. (пасіўнага) і фіз. (актыўнага) тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў інж. геадэзіі, тапаграфіі, ваен. справе, навігацыі, астраноміі, фатаграфіі і інш.
Прынцып дзеяння Д. геам. тыпу засн. на рашэнні роўнабаковага трохвугольніка па вядомай старане (базе) і процілеглым (паралактычным) вугле. Такія прылады бываюць монакулярныя (з аднымакулярам; напр., у фотаграфічных апаратах) і бінакулярныя (гл.Стэрэаскапічны дальнамер), з пастаяннай базай і пастаянным вуглом (гл Аптычны дальнамер). Прынцып дзеяння Д. фіз. тыпу засн. на вымярэнні часавых або фазавых суадносін паміж пасланым і прынятым (адбітым ад аб’екта) сігналамі. У залежнасці ад выбранага дыяпазону і віду ваганняў адрозніваюць акустычныя Д. (гл.Гідралакацыя, Рэхалот), радыёдальнамеры і святлодальнамеры, у т. л. лазерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДРЫ (Hydrida),
атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).
Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМІ́Т (Izmit),
Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.